Партызанскі подзвіг

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Няма ў Беларусі такога месца, якое не стала б месцам народнага подзвігу. На тэрыторыі Нясвіжскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны актыўна дзейнічала партыйнае і камсамоль-скае падполле, шэраг партызанскіх атрадаў.

Асобныя партызанскія атрады, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Капыльскага раёна, дзейнічалі  і на Нясвіжчыне. Аднак у 1942 годзе па рашэнні ЦК КПБ у Нясвіжcкі раён на чале з сакратаром Нясвіжскага падпольнага райкама партыі Фёдарам Афанасьевічам Усошыным была прыслана з-за лініі фронту спецыяльная група па арганізацыі падполля. У групу ўваходзілі А.С. Самойленка, А.К. Фядзіеў,  В.З. Cіманенка. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі ў пачатку жніўня 1942 года група была накіравана ў глыбокі тыл пешшу. І  толькі ў канцы верасня яна змагла дабрацца  да штаба Мінскага партызанскага злучэння. На вялікі жаль,  захавалася мала дакументаў аб гэтай групе. Ужо няма ў жывых ніводнага з непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Але ў Нясвіжскай гімназіі, дзе  яшчэ з 60-х гадоў працуе клуб «Пошук», захаваліся  ўспаміны і пісьмы  партызанаў і падпольшчыкаў. У свой час вучні вялі актыўную перапіску і сустракаліся з імі. Так, па ўспамінах начальніка асобага аддзела атрада П.М. Варывончыка, спачатку ўсю гэту групу ўключылі ў партызанскі атрад на Капыльшчыне, якім камандаваў Шастапалаў. Група мела спецыяльнае заданне ўрада. У гэты час чакалі прыезду сакратара Баранавіцкага падпольнага абкама партыі Ф.А. Баранава, які ўзначальваў падполле паўднёвай зоны вобласці.  Сюды ўваходзілі Нясвіжскі, Клецкі, Ляхавіцкі, Быценьскі і частка Стаўбцоўскага раёна.

Ф.А. Баранаў прыляцеў у 1943 годзе і адразу ж адазваў групу Ф.А. Усошына з атрада Шастапалава. У верасні 1943 года на базе гэтай групы быў створаны падпольны Нясвіжскі райкам партыі і партызанскі атрад імя Жданава. Камісарам атрада і першым сакратаром райкама партыі  стаў Ф.А. Усошын, камандзірам атрада  — А.С. Самойленка, начальнікам штаба — А.К. Фядзіеў, камандзірам атраднай разведкі — В.З. Сіманенка. Хутка атрад стаў папаўняцца і расці. З Пухавіцкага раёна быў прысланы і назначаны начальнікам  асобага аддзела атрада П.М. Варывончык.  Да вайны ён працаваў загадчыкам аргінструктарскага аддзела Баранавіцкага абкама камсамола, а затым  быў зацвержданы на работу ў органы МДБ. З першых дзён вайны знаходзіўся ў партызанскіх атрадах Пухавіцкага раёна. У 1943 годзе быў сакратаром Баранавіцкага падпольнага абкама камсамола, затым быў адазваны камандзірам Мінскага партызанскага злучэння В.І. Казловым і пасланы начальнікам асобага аддзела атрада імя Жданава, дзе прабыў да вызвалення Нясвіжскага раёна. Невялікі, не большы за 85 байцоў, атрад абраў для дыслакацыі месца на мяжы ўсходняй часткі Нясвіжскага і паўднёва-ўсходняй часткі Стаўбцоўскага раёнаў, кантралюючы даволі шырокую лясную паласу ўздоўж былой савецка-польскай (да верасня 1939 г.) дзяржаўнай граніцы па ўсходняй ўскраіне Нясвіжскага раёна. У зоне дыслакацыі атрада знаходзіліся хутары і вёскі Андрушы, Бучныя, Бузуны, Валожычы, Грыбаўшчына,  Дубейкі, Затур»я, Кунаса, Лесуны, Мысліва, Пасекі, Пляшэвічы, Селевічы, Халява, Юшавічы. Да пачатку 1944 года насельніцтва гэтых вёсак было даведзена да галечы. Большая частка буйной рагатай жывёлы, свінні і авечкі былі забраныя карнымі паліцэйскімі атрадамі.

Партызанскі атрад імя Жданава меў спецыяльнае ўрадавае заданне, ён не ўваходзіў ні ў якую брыгаду. Задача яго — разведка ў глыбокім тыле ворага і перадача гэтых звестак у Цэнтральны штаб партызанскага руху  Беларусі. Па ўспамінах байцоў атрада, вялікую дапамогу аказвала мясцовае насельніцтва. У адным з пісьмаў П.М. Варывончык адзначае: «В районах нашего партизанского отряда насчитывалась большая армия связных, которые оказывали нам неоценимую помощь в выполнении задачи. Накопленные богатые данные разведывательного характера передавались соответствующему командованию. Мне лично пришлось доставлять донесение по разведке Герою Советского Союза комбригу Тихомирову.» Без сувязі з мясцовым насельніцтвам і без яго дапамогі немагчыма была дзейсная падпольная барацьба. Пагэтаму ў г. Нясвіжы і ва ўсіх населеных пунктах былі свае людзі, сувязныя, якія выконвалі многія заданні камандавання і падпольнага райкама партыі. Асабліва ўдала была нала-джана сувязь у Стаўбцоўскай зоне. Смела дзейнічалі сувязныя Паўлоўскі з Новага Свержаня, Эмілія Рымашэўская  і Уладзімір Падамацька  з в. Цагельня Нясвіжскага раёна і многія іншыя. Трагічна склаўся лёс апошняга. У сакавіку 1944 года ён ішоў на сустрэчу з разведчыкамі Варывончыкам і Сянкевічам, нёс з сабою медыкаменты і разведданыя. Па дарозе натрапіў на фашысцкую засаду і, не дайшоўшы да месца яўкі 3 км, быў забіты. Сіратамі засталіся пяцёра малых дзяцей. Цела У. Падамацькі пахавана недалёка ад в. Юшавічы. Разведчыкі Варывончык і Сянкевіч самі ледзь не трапілі ў засаду.

Апрача гэтага, атрад займаўся асобнымі дыверсіямі, ахоўваў насельніцтва ад фашысцкага грабяжу і ўгону ў Германію, праводзіў масавую растлумачальную работу сярод насельніцтва. У дакументах партыйнага архіву захавалася справаздача за лістапад 1943 года, у якой сказана, што атрад імя Жданава ў гэты перыяд удзельнічаў у наступных аперацыях: «23 ноября 1943 г. группа партизан в количестве 9 человек  под командованием командира роты Халилова (участники Г. Шальков, И. Вастюк, А. Голосков, В. Джугайстро, Евлаш, Н. Сасимович,  А. Туркевич, А. Сасимович) зарядом тола в 15 кг на ж.д. Лида — Барановичи между мест. Молчадь и дер. Хорошки  произвела взрыв эшелона противника. В результате разбит паровоз, 3 вагона с живой силой и 4 с разным грузом. Движение поездов задержано на 24 часа…»

У гады вайны на тэрыторыі Нясвіжскага раёна актыўна дзейнічалі падпольныя райкамы партыі і камсамола. У склад падпольнага райкама партыі ўваходзілі  А. К. Фядзіеў, Ф.А. Усошын, А.С. Самойленка.

Падпольны райкам камсамола выконваў шэраг адказных заданняў цэнтра па зборы разведданых. Першым  яго сакратаром быў М. Ф. Сямашка, родам з вёскі Лешня Капыльскага раёна. Пасля вызвалення Нясвіжа  ён працаваў першым сакратаром райкама камсамола, затым, пасля заканчэння гадзічных курсаў савпартактыву, — сакратаром Нясвіжскага райвыканкама. Памёр у 1945 годзе і пахаваны на радзіме.

Другім сакратаром падпольнага райкама камсамола быў  У.А. Дубовік, ён жа начальнік харчавання атрада імя Жданава. Пасля вызвалення працаваў у сістэме райспажыўсаюза. Потым — брыгадзірам паляводчай брыгады Нясвіжскай інкубатарскай станцыі ў Тарасполлі.

Старшынёй партызанскага атрада імя Жданава быў Іван Карлавіч Новік.  Забяспечыць атрад усім неабходным: адзеннем, харчаваннем, медыкаментамі і многім  другім — нялёгкая справа ва ўмовах партызан-скага жыцця. І з гэтай задачай паспяхова спраўляўся Іван Карлавіч. Уся яго сям»я знаходзілася ў атрадзе: жонка, тры  сыны і дачка з зяцем. Малодшыя сыны, якія не маглі яшчэ ваяваць, хадзілі ў разведку, збіралі па лясах зброю, дапамагалі ў другіх штодзённых справах атрада.

У складаных партызанскіх умовах тытанічную работу вяла санітарная часць, якую ўзначальваў доктар І. І. Галушка. Памочнікамі яго былі медсястра, жонка камандзіра атрада  Я. І. Самойленка, і  санітарка Я.Я. Мікушава.  Апрача лячэння раненых партызан, санчасць атрада аказвала вялікую медыцынскую дапамогу мясцоваму насельніцтву. Пасля вызвалення І.І Галушка некаторы час працаваў галоўным урачом Сноў-скай бальніцы.

Да сярэдзіны красавіка 1944 г. атрад уступаў у сутычкі з разведвальнымі і засаднымі групамі гітлераўцаў. У канцы сакавіка-пачатку красавіка ў гэтых сутычках атрад страціў двух сваіх байцоў: у в. Грыбаўшчына — В.А. Дзенісенку (26.03.1944 г.) і ў в. Салтанаўшчына — І.І. Шыманскага (11.04.1944 г.).

15 красавіка 1944 г. карнікі арганізавалі наступленне на пазіцыі атрада ў раёне в. Гута. Але своечасова папярэджаныя разведкай партызаны за суткі да прыходу батальёна РОА і БКА адышлі ў лес. Праціўнік, пасля кароткага бою з ар»ергардам атрада, не рашыўся на праследаванне і адступіў у в. Лотвіны, а потым і на станцыю Гарадзея.

На жаль, лёс партызанскага атрада склаўся трагічна. У чэрвені 1944 года пачалося вялікае наступленне па вызваленні Беларусі. Партызанскі атрад імя Жданава рыхтаваўся да вызвалення горада Нясвіжа. На пасяджэнні штаба атрада быў распрацаваны падрабязны план заняцця розных устаноў і прадпрыемстваў горада. 1 ліпеня 1944 года ў горад была выслана разведка ў складзе пяці чалавек, аднак ніхто з іх не вярнуўся і  які іх лёс — невядома.  3 ліпеня атрад разбіўся на невялікія групкі і з розных бакоў уступіў у горад. Кожнай групе было дадзена сваё заданне. Група Усошына накіравалася займаць банк. У гэты час з усходу ў горад уварваліся нямецкія танкі без апазнавальных знакаў,  якія вырва-ліся з бабруйскага «катла». Пачаўся няроўны бой, партызаны вымушаны былі адступіць з горада. Група Усошына была акружана фашыстамі ў раёне гімназіі. Амаль усе партызаны загінулі. На месцы іх гібелі да 1965 года стаяў невялікі помнік. Затым астанкі былі перанесены ў брацкую магілу, што ў Нясвіжскім парку. Сімва-лічна, што на месцы былой магілы зараз будуецца царква. У гонар сакратара падпольнага райкама партыі адна з вуліц Нясвіжа носіць імя Усошына. Доўгі час члены клуба «Пошук» вялі перапіску з яго сям»ёй.

Валерыя ЖДАНОВІЧ, вучаніца Нясвіжскай гімназіі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.