Працавалі не для медаля

Яўгенія Адамаўна Квяткоўская працавала намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы з 1981 па 1997 гады. Яе біяграфія ў цэлым падобная  на многія: вучылася ў школе, закончыла інстытут народнай гаспадаркі, прыехала ў старадаўні Нясвіж. Займалася дзяржаўным планаваннем, гандлёвымі пытаннямі. Цяпер Яўгенія Адамаўна на заслужаным адпачынку, але гэта фармальна. Фактычна, яна вядзе актыўны лад жыцця: наведвае культурныя мерапрыемствы,  працуе на прысядзібным участку бацькоўскага дома. А яшчэ яна мае цудоўнае хобі — рукадзелле.

Сёння Я. А. Квяткоўская дзеліцца з чытачамі «НН» сваімі ўспамінамі пра часы сваёй работы ў райвыканкаме:

— Я нарадзілася ў вёсцы Чана-вічы, а Нясвіж палюбіла змалку ўсёй душой. Мой бацька, Адам Піліпавіч Каспер, працаваў у райпрамкамбінаце і ездзіў на работу з вёскі. Ён таксама прыкіпеў душой да старажытнага горада і ў 1959 годзе пабудаваў у Нясвіжы дом. Дарэчы, ён быў вельмі працавіты, меў залатыя рукі і ўсё рабіў сам. А яшчэ мне прыемна, што бацька лічыўся на добрым рахунку ў райаграпрамкамбінаце і слыў нядрэнным рацыяналізатарам. Я ганарылася ім і думала, што не павінна яго падвесці.

Пасля заканчэння інстытута народнай гаспадаркі мяне накіравалі ў Нясвіж, чаму я была, вядома, рада. Спачатку  працавала ў банку, затым — у райфінаддзеле старшым інспектарам, а пазней — загадчыцай. Работа з фінансаваннем была няпростай, але паступова навучылася, прыходзіў пэўны вопыт. А больш складанай аказалася праца на новай пасадзе намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы і старшынёй планавай камісіі.

З 1981 года па 1997-ы  займалася планаваннем работы прадпрыемстваў.  Мы распрацавалі канкрэтныя задачы па развіцці эканомікі раёна і зберажэнні рэсурсаў, павышэнні прадукцыйнасці працы. Асноўная работа вялася з дакументамі, нашы планы і прапановы даводзілася адстойваць у вобласці, дзе маглі іх скарэкціраваць і паправіць. Рыхтаваць усё трэба было скрупулёзна па кожнай галіне гаспадарання, сумесна з арганізацыямі і прадпрыемствамі. Калі паспяхова абаранялі свае планы ў вобласці, радаваліся і пачыналі дзейнічаць. Дарэчы, гэта не заўсёды ўдавалася паспяхова  з-за аб»ектыўных прычын. Усім помняцца 90-я гады, калі складана было набыць нейкі тавар ці абсталяванне, бо  панаваў дэфіцыт. Славутая талонная сістэма, недахоп многіх тавараў, незадаволенасць насельніцтва, чэргі на машыны. Усё гэта трэба было перажыць, растлумачыць людзям і супакоіць іх, а яны пастаянна прыходзілі на прыём з просьбамі дапамагчы ў вырашэнні тых ці іншых праблем. Не заўсёды можна было вырашыць іх адразу, стараліся ў пэўны перыяд задаволіць просьбы.

З цягам часу абстаноўка нармалізавалася і ў краіне, і ў нас. Працаваць стала лягчэй у тым плане, што можна было нешта вырашыць і дзейнічаць. Станоўча тое, што ў сярэдзіне 90-х у райвыканкаме падабралася добрая каманда кадраў на чале з У.Н. Дражыным. Па выніках года праводзіліся справаздачы, дзе адзначаліся дасягненні, акцэнтавалася ўвага на недахопах, ставіліся новыя задачы, асабліва па бераж-лівасці і эканоміі. Прыемна назваць лідзіруючыя працоўныя калектывы, якія і сёння не здаюць пазіцый: Гарадзейскі цукровы камбінат, райсельгастэхніка, агракамбінат «Сноў». Моцны быў льнозавод. Паспяхова пачынаў сваю дзейнасць і завод медыцынскіх прэпаратаў.

Знакавымі падзеямі з»явіліся рэканструкцыя парку і будаўніцтва гарадскога стадыёна, хаця пытанняў і неадназначых ацэнак і рэакцый хапала. Але намечанае давялі да канца, і зараз прыемна бачыць наш старадаўні парк і спартыўныя мерапрыемствы на стадыёне. Наогул, той перыяд работы быў насычаны справамі і новаўвядзеннямі, адчувалася ўзаемаразуменне, а гэта так важна ў любой сферы дзейнасці.

Варта адзначыць пэўны ўклад у вырашэнне многіх праблемных момантаў былога  намесніка старшыні райвыканкама Н.М. Арсеньевай, з якой мне  давялося працаваць.

Шмат зрабіла ў свой  час і  намеснік старшыні райвыканкама Г.У. Пархомчык. Яна курыравала сацыяльную сферу, адукацыю і культуру. Чалавек прынцыповы, але справядлівы. Калі трэба, дык і «вывалачку» зробіць, а пры неабходнасці — заўсёды дапаможа. Тады ў нас у гора-дзе з»явілася малочная кухня, зубапратэзная лабараторыя, амбулаторыя ў Аношках, пашырылася сетка фельчарска-акушэрскіх пунктаў, ствараліся ў вёсках комплексныя прыёмныя пункты, так неабходныя насельніцтву. У апошнім была немалая заслуга тагачаснага дырэктара  райбыткамбіната М.Ф. Чыстова. Варта ўспомніць і будаўніцтва спартыўнай залы ў райсельгастэхніцы. Як бачна, агульнымі намаганнямі ўдавалася палепшыць гарадскую і раённую інфраструктуру. Мне даводзілася бываць у кожным сельскім і гарадскім магазіне, каб ведаць абстаноўку на месцах і вывучыць праблемы. Напружаная работа не давала быць з сям»ёй так часта, як хацелася, але я не раскайвалася, бо сама выбрала такую работу. Самае галоўнае — яна прыносіла мне маральнае задавальненне, і я рада, што ўносіла свой пасільны ўклад у агульную справу працвітання майго любімага Нясвіжа. Хачу і ў далейшым бачыць яго прыгожым, зялёным, а гараджан — шчаслівымі.

Запісала Раіса Хвір

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.