Сінявокае багацце

Славу сінявокай Беларусі прынеслі не толькі рэкі і азёры, якіх у рэспубліцы шмат, але і лён, які заўсёды высяваўся і высяваецца ў нашай краіне і прыгожа цвіце летам сінім колерам. Яго сінія кветачкі-вочкі ўпрыгожваюць нават Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь. Калі глядзіш на палеткі цвітучага лёну, то здаецца, што хвалюецца бяскрайняе мора. І ў сэрцы абуджаюцца такія пачуцці, што хочацца спяваць. А песень пра лён нямала. Мне, напрыклад, узгадваюцца радкі з песні:

«… Лён, лён, лён,

Кругом цветущий лён,

А тот, который нравится,

Не в меня влюблён…»

У школьныя гады (1945 — 1957), у час канікулаў, мне даводзілася дапамагаць сваёй матулі, якая працавала ў калгасе «Радзіма» Нясвіж-скага раёна, на дзялках лёну. Каб давесці яго да ладу, каб здабыць ільнасемя і льновалакно, патрэбна доўгая, крапатлівая праца. А ў той час яе вельмі шмат было ручной. Спачатку палеткі лёну мы палолі, затым уручную яго рвалі, сушылі, ставячы снапкі ў прыгожыя копы, накрываючы зверху «парасончыкам», зробленым з разгорнутага снапка. Снапкі абмалочвалі пранікамі. Абмалаціўшы, саломку рассцілалі, каб лён выляжаўся на поплаве. Затым падымалі трасту, вязалі ў вязанкі, мялі, трапалі і атрымлівалася льновалакно. Сёння мне нават самой не верыцца, што ўсё гэта я спрабавала рабіць.

Яскрава помню, як, сцелючы ці падымаючы лён, спявалі жанчыны песні, і пра лён таксама.

Аднойчы на поле завіталі людзі, якія, раз»язджаючы па вёсках, збіралі фальклор. Жанчыны з задавальненнем выконвалі для іх старадаўнія песні. Я добра памятаю гэтых жанчын-пявунняў. Гэта Марыя Папко і Соф»я Юхноўская. Іх ужо няма з намі на гэтай зямлі. Але памяць пра іх, пра іх песні, ды і не толькі, жыве ў сэрцы да гэтага часу.

Працу з ільном, і многія іншыя работы, якія выконвалі працавітыя рукі нашых бацькоў, памятае толькі старэйшае пакаленне. Моладзі цяпер цяжка ўявіць, што такое было. Калі я расказваю сваім унучкам пра нешта даўняшняе, яны толькі ўсміхаюцца і, здаецца, не вельмі вераць. Але ж гэта было на самой справе…

Лён

Лён — гэта Бога сінічкі.

З яго шыюць сарочкі, спаднічкі.

Лён адзенуць хлапцы і дзяўчаткі,

І дарослыя, і немаўляткі.

Дзякуй, лён, табе, наш сінявокі,

Што радуеш, вабіш так вока,

Грэеш зімою, халодзіш

у спякоце.

Ты і багацце, і гонар у свеце.

Ты апранаеш, і корміш, і лечыш,

Пра цябе нашы песні і вершы.

Квітней і красуй

на палях Беларусі —

У модзе заўжды ручнікі і абрусы.

Вольга ЖЭРКА, г. Нясвіж

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.