Своеасаблівы культурны цэнтр

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У кнізе «Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка  Нясвіжскага раёна» ўзгадваецца, што ў 1870 годзе ў вёсцы  Каменка налічвалася 127 душ мужчынскага  полу, быў і  маёнтак, уладанне  С.І. Грыневіча…

У 1897 годзе  ў вёсцы жылі  334 чалавекі, быў  хлебазапасны магазін… З 1912  па 1916 гады тут дзейнічала  аднакласнае народнае  вучылішча. З 1939 года вёска — у складзе БССР.  У 1940 годзе ў Каменцы налічвалася 188 двароў, 676 жыхароў, працавала пачатковая школа. У лістападзе 1949 года  была  арганізавана Каменская МТС, у сакавіку 1950 г. у вёсцы створаны калгас імя Булганіна, з наступнага года ён увайшоў у склад  узбуйненага калгаса «Новае жыццё» (з 1994 г. — ААТ «Новае жыццё»). На 1 студзеня  2001 года  ў вёсцы  налічвалася 70 двароў, 120 жыхароў; сёння  — 32 двары, дзе зарэгістраваны  40 жыхароў: 30 пенсіянераў, 8 —  працаздоль-нага ўзросту і двое дзяцей, якія ў Каменцы  не пражываюць. У свой час тут былі і магазін, і сельскі клуб. Зараз вёску  абслугоўвае  аўталаўка, а своеасаблівым культурным цэнтрам з»яўляецца  музей вёскі Каменка, які стварылі мясцовыя ўраджэнкі Ніна Іванаўна Нагорная і Марыя Іванаўна Драчан. Іх бацькі жылі тут да глыбокай старасці. У сям»і  было пяцёра  дзяцей. Потым, як кажуць, разляцеліся дзеці, як птушкі, у розныя куткі  былога Саюза. А пайшоўшы на пенсію, прыязджалі  ў родную вёску, як на дачу, і жылі  цэлае лета. Жанчыны так улюбёныя ў свой  родны кут, сваю Бацькаўшчыну,  беларускую вёсачку, што на агульных  пачатках, за   ўласныя сродкі  стварылі  музей вёскі Каменка ў бацькоўскім доме і напісалі гісторыю сваёй вёскі ў 4-х альбомах  з ілюстрацыямі і фота-здымкамі. Цікава і змястоўна  ў ёй распавядаецца аб стварэнні  мясцовага калгаса. Матэрыял  збіралі ў архіве, сельскім Савеце,  праўленні калгаса, наведалі  кожнага жыхара вёскі, гутарылі  з доўгажыхарамі. Разам збіралі  матэрыял для музея. Тут змешчаны  ткацкія вырабы,  прасніца і калаўрот, церніца і сячкарня і  іншыя прылады сялянскай працы. Жанчыны не шкадуюць свайго часу і сіл, а робяць усё, каб наведвальнікам  было цікава. Тут і невяліч-кая  альтанка,  каб папіць гарбаты з дарогі, і дзіцячая пляцоўка (пясочніца з цацкамі). У непагадзь увесь  матэрыял музея  яны ўносяць у памяшканні, на веранду. У пагоду  зноў раскладваюць на месца. Яшчэ разносяць  сялянам пачытаць кнігі  са сваёй уласнай бібліятэкі.

У гутарцы з імі я даведалася, што задума стварыць музей з»явілася  даўно. Але не было магчымасці яе ажыццявіць. А пайшоўшы на пенсію, прыехала ў Беларусь з бліжняга замежжа старэйшая сястра Ніна (дарэчы, яна  галоўная ў гэтай задуме), і сёстры ўзя-ліся за справу:

— Мы доўга, па крупіцах, збіралі звесткі і матэрыял. І на гэта спатрэбілася чатыры гады, — успамінаюць жанчыны. — У музеі было  ўжо трохі рэчаў, з»явіліся першыя  наведвальнікі. Кожнае лета  збіраем інфармацыю, запісваем, гутарым з людзьмі, а зімой  едзем у Баранавічы і  працуем  над альбомамі.

У мінулым годзе  жанчыны наладзілі цудоўнае свята вёскі, на якім сустрэліся былыя аднавяскоўцы, якія не бачыліся дзесяткі  гадоў, гучала музыка, песні. З вялікай цікавасцю ўдзельнікі мерапрыемства слухалі  прамову Міхаіла Васільевіча Саленіка — былога старшыні  калгаса,  дырэктара акцыянернага таварыства  «Новае жыццё»,  ураджэнца вёскі Каменка.

З ім калгаснікі дабіваліся высокіх надояў, займалі першае  месца  па льне ў раёне, а высокі ўраджай буракоў вывеў гаспадарку  ў перадавыя. За час праўлення   М.В. Саленіка для  людзей зроблена многа: пабудавана шмат жылых дамоў, падведзены газ (у тым ліку ў вёсцы Каменка).

Трэба адзначыць, што да гэтага свята рыхтаваліся, як кажуць, усёй грамадою: прыбіралі прысядзібныя  ўчасткі (за што многія атрымалі  прызы на свяце), пасадзілі кветкі, абкасілі  прыдарожныя палосыі, паднавілі платы, вёска ажывілася.  Чакалі ў госці сваіх дзяцей, сваякоў, сяброў. Усе прысутныя былі вельмі ўдзячныя  гэтым таленавітым і прыгожым жанчынам.

Пасля свята жыхары  пачалі яшчэ лепш даглядаць свае сядзібы, некаторыя паставілі  прыгожыя альтанкі.  Мы ўсё больш  пераконваемся, як цягне людзей у родныя мясціны, дзе чалавек нарадзіўся і вырас.

Хацелася б, каб самабытны  музей знайшоў спонсараў, бо гэта добрая справа  павінна развівацца. А яшчэ мы  з нецярпеннем чакаем, што летам зноў збяруцца  аднавяскоўцы на свята ў культурным цэнтры Каменкі.

Зінаіда ШЫМАНОВІЧ, ураджэнка в. Каменка


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.