Святая Тэрэза: “Маё пакліканне – гэта любоў”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У рамках перэгрынацыі рэліквій святой  Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якая праходзіць у Беларусі з 1 чэрвеня па 28 жніўня, у панядзелак, 24 чэрвеня, рэліквіі святой сустракалі вернікі каталіцкай канфесіі Нясвіжа. У апошнія гады гэта перэгрынацыя прайшла ў суседніх краінах: ва Украіне, Польшчы, Літве, Эстоніі, Расіі. Святая ў сваіх парэштках пабывала ўжо ў многіх краінах свету. Беларусь стала 76-й краінай, якая прымае рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса.

Святую Тэрэзу (1873-1897 гг.) называюць апякункай місій, паколькі яна пастаянна малілася ў патрэбах святых місій, хоць ніколі нікуды не выязджала. Яе місійнае падарожжа распачалося, аднак, пасля смерці — у парэштках. Першая перэгрынацыя адбылася ў 1947 г. па парафіях Францыі.

Марыя Францішка Тэрэза прыйшла на свет 2 студзеня 1873 г. у глыбока веруючай сям»і Мартэн у Аленкон. Яе маці — Зэлія Мартэн (з дому Гуэрын) займалася швейнай справай, а бацька — Людвік Мартэн, па адукацыі майстар гадзіннікаў — ювелір — пасля продажу гэтай справы ў 1870 годзе прысвяціў сябе кіраванню справамі жонкі. Яны выхоўвалі сваіх дзяцей у атмасферы, прасякнутай хрысціянскім духам. Тэрэза, дзевятае з чаргі дзіця, была наймалодшай у сям»і Мартэн, заўсёды акружалася чуллівасцю бацькоў і чатырох сясцёр, што жылі разам з імі. Лёгка вучылася, мела добрую памяць. Часам здзіўляла блізкіх сваімі адказамі.       28 жніўня 1877 года ад цяжкай хваробы памерла маці Тэрэзы. Ёй было тады толькі 4 з паловай гады. Смерць маці балюча адбілася на характары дзяўчынкі. Яна стала больш уражлівай, схільнай да плачу. Яе запісалі на выхаванне да сясцёр бенедыкцінак. Там яна добра вучылася, але мела цяжкасці з уключэннем у асяроддзе аднагодак. Яе найстарэйшая сястра — Паўліна, якая замяняла ёй маці — паступіла ў Кармэль, кляштар сясцёр кармелітанак у Лізье, у 1882 годзе. Для Тэрэзы гэта было чарговым выпрабаваннем.

_MG_9517

Нягледзячы на цяжкасці, Тэрэза вельмі старанна рыхтуецца да сваёй І Святой Камуніі, якую прымае 8 мая 1884 года. Камунія становіцца для яе сустрэчай з жывым Богам — Езусам. У гэтым жа годзе яна ўмацоўваецца ласкай сакрамэнту канфірмацыі. Гэты сакрамэнт любові захапляе яе. У 1886 годзе Тэрэза адкрывае ў сабе запал быцця місіянерам, лепш сказаць, прагненне душаў, якое адчуваў Езус на крыжы. Ягонае слова: «Прагну» становіцца для яе штуршком да шматлікіх ініцыятыў, каб прывесці да Езуса душы грэшнікаў. Адным з іх з»яўляецца ўзгаданы ў газетах забойца Пранзіні. Тэрэза прыняла яго ў якасці свайго першага духоўнага дзіцяці і выпрасіла яму ласку жалю ля падножжа віселіцы. У гэты ж час у ёй канкрэтызуецца рашэнне па-ступіць у Кармэль. Яна таксама працягнула сваё інтэлектуальнае развіццё, перш за ўсё праз прыватнае чытанне літаратуры з галіны біялогіі, гісторыі.

У 1887 годзе, разам з бацькам, прыняла ўдзел у пілігрымцы ў Рым і ва аўдыенцыі ў папы Лявона ХІІІ. Па дарозе бачыць шмат цудаў прыроды, архітэктуры і мастацтва. Аднак, для яе галоўным было толькі адно — стаць законніцай, каб цалкам з»яднацца з Езусам.

Ва ўзросце 15 гадоў, пасля цяжкіх намаганняў, 9 красавіка 1888 года Тэрэза з вялікай радасцю  паступіла ў Кармэль у Лізье. У кляштары панаваў суровы стыль жыцця, цяжкі для маладога арганізму ў сэнсе харчавання і колькасці сну. Урэшце малітва, такая «лёгкая» перад паступленнем, раптам становіцца цяжкай, пазбаўленай суцехаў і святла. Усе гэтыя з»явы фарміруюць жыццё Тэрэзы па вобразе пустыні, але менавіта праз гэтую пустыню Бог вядзе Тэрэзу, каб давесці яе да паўнаты паклікання і ўчыніць дарам для Касцёла. 29 ліпеня 1894 года наступае смерць бацькі Людвіка Мартэна. Нічога ўжо не перашкаджала, каб сястра Тэрэзы Цэліна таксама паступіла ў Кармэль. Для Тэрэзы гэта было спаўненне найвялікшага жадання.

У гэты ж час Тэрэза адкрыла бязмежнасць Божай міласэрнасці і сваю «малую дарогу» да святасці, лепш зразумела сэнс усяго, што перажыла дагэтуль. У нядзелю Найсвяцейшай Тройцы, 9 чэрвеня 1895 года, яна адчула натхненне, каб аддацца ў якасці ахвяры ўсеспалення Міласэрнай Любові. Запісала спецыяльны акт, які стаў кульмінацыяй яе духоўнага шляху, адлюстраваў праграму яе жыцця. У ноч з Вялікага Чацвярга на Вялікую Пятніцу, з 2 на 3 красавіка 1896 года, адбыўся першы крывацёк лёгкіх — сімптом сухотаў у Тэрэзы. Яна ўкрыла сур»ёзнасць гэтага факту. Яе сэрца, перапоўненае святлом веры, радавалася хуткай сустрэчы з Абраннікам. Хутка пасля Вялікадня Тэрэза ўвайшла у духоўную ноч — адсутнасць пачуцця веры, спакуса, каб сваё адданне, «малую дарогу» і вялікія прагненні прызнаць як зман. У сваіх творах Тэрэза звяртаецца да Езуса, кажа Яму пра свае прагненні, апісвае сваё вялікае адкрыццё, якое адначасова з»яўляецца адказам на гэтыя вялікія прагненні; яе пакліканне ёсць любоў, любоў у сэрцы Касцёла, без якой не было б прысвячэння місіянераў, руплівасці апосталаў і мужнасці мучанікаў.

Па прычыне хваробы, якая паглыблялася, Тэрэза была вызвалена ад усіх заняткаў. Ад 1 мая 1897 года маці Агнешка, настаяцельніца, пачала запісваць яе словы. Тым часам яе духоўны стан — гэта ўсцяж выпрабаванне веры. Аднак, яна згадзілася на гэтую барацьбу, часта чыніла дробныя акты веры. Штораз слабейшай рукой пісала апошнія вершы, каб зрабіць прыемнае сёстрам. Свае рукапісы аддала маці Агнешцы. Прадчувала, што дзеі яе душы змогуць учыніць шмат дабра. Усе перажыванні, якія адбываліся ў яе жыцці, святая апісала ў аўтабіяграфічным творы » Гісторыя адной душы».

Памерла Тэрэза 30 верасня 1897 года, каля 19.20. Апошнія яе словы — гэта вызнанне таго, што было зместам усяго яе жыцця: «Божа мой…, люблю Цябе!»

девочка 104

Святы Пій Х, папа, назваў яе найвялікшай сучаснай святой. Пій ХІ беаты-фікаваў яе ў 1923 годзе, а кананізаваў у прыспешаным працэсе 17 мая 1925 года, пазней, праз два гады, абвесціў яе Апякункай Місій нароўні з вялікім апосталам святым Францішкам Ксавэрыем. Тады Тэрэзу агарнуў ураган хвалы, і яна стала адной з найбольш шанаваных святых Касцёла. 19 кастрычніка 1997 года Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча Доктарам Паўсюднага Касцёла.

Пасля сустрэчы каля Слуцкай брамы рэліквіі святой  Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, усыпаныя пялёсткамі руж як сімвалам Божых міласцяў, прыбылі ў касцёл Божага Цела, дзе з гэтай нагоды правёў святую імшу новапасвечаны ксёндз Павел Беразун. Удзел у святой імшы прымалі таксама айцец кармэліт Аляксандр з Канстанцінава Мя-дзельскага раёна, які суправаджаў рэліквіі ў Нясвіж, айцец Аляксандр Вітко з Гарадзеі, айцец Пётр Санчанка з Канады, браты кармэліты Андрэй і Давід. Пасля імшы ўсе жадаючыя змаглі па-кланіцца святой Тэрэзе ад Дзіцятка Езус і звярнуцца праз яе да Бога са сваімі малітвамі і просьбамі. Касцёл быў адкрыты для вернікаў ўсю ноч, да 7 гадзін раніцы аўторка, 25 чэрвеня, калі рэліквіі святой адбылі ў наступную парафію.

Соф»я ЛЮБАНЕЦ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.