ВАЕННЫ ВОПЫТ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Хто бачыў жахі мінулай вайны, не забудзе іх ніколі. А для некаторых  гэты час стаў адпраўнай кропкай у выбары жыццёвага шляху. Так, Соф»я Юльянаўна Гуль (у дзявоцтве Насулевіч) у 1942 годзе была на трывожным раздарожжы: вывезуць немцы на работу ў Германію ці ўдасца пазбегнуць той горкай долі. Дзяўчаты-несвіжанкі хаваліся, як хто мог: даводзілася туліцца сярод кароў ці гусей. А тут пайшла чутка, што немцы набіраюць  на торфараспрацоўкі ў Караліну, гэта ж, лічы, дома. А Соню накіравалі ў цяпліцу ля замка Радзівілаў. Затым адзін знаёмы прапанаваў працу ў інфекцыйным аддзяленні гарадской бальніцы (яна тады размяшчалася на месцы сённяшняга раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі). Соф»я Юльянаўна расказвае:

— Я вучылася  прафесіі медсястры: дапамагала рабіць парашкі, разліваць лякарствы,  ставіць банкі, а потым даваць уколы. Лячыліся тут цывільныя людзі, з горада і вёсак. А тады лютаваў сыпны тыф, было шмат туберкулёзных хворых, даводзілася цяжка.  2 ліпеня 1944 года ў Нясвіж прыйшлі савецкія воіны і размясціліся на стадыёне (цяпер  на гэтым месцы — райбальніца).

Дваццаць пяць чалавек паступілі да нас у бальніцу: хто ногі нацёр у паходах і баях, хто меў хваробы, хто пасля ранення адчуваў сябе дрэнна. Словам, лячылі ўсіх. А днём нямецкі лётчык з самалёта  убачыў размешчаную часць. Салдатам давялося пакінуць месца дыслакацыі. І своечасова, бо вечарам пачалася бамбёжка, працягвалася яна і ноччу. Мы дзяжурылі ў бальніцы ўдваіх з санітаркай, страшна было. Прыйшоў урач Шчалка і сказаў, што над Рудаўкай узарвалася бомба. Гарэла і вёска Агароднікі. Нашы пацыенты — салдаты — паўскоквалі глядзець, што робіцца.

Зрабіць яны пакуль нічога не маглі, ды і адзенне было ў падвале. Мы з санітаркай напалохаліся выбухаў і  пераседзелі некаторы час у падвале. Калі ўсё сціхла, вярнуліся ў бальніцу. Я памерала хлопцам тэмпературу, агледзела іх. Прыйшоў доктар і прасіў прабачэння, што пакінуў нас адных. А мне тады было дзевятнаццаць гадоў, таму, зразумела, і вопыту не мела патрэбнага, і страшнавата было. Але ж не кінеш хворых. За мяне хвалявалася мама, якая прыйшла назаўтра і рашуча за-брала з сабой, павяла за парк, каб у выпадку новай бамбёжкі схаваць мяне. А праз пару дзён мы даведа-ліся, што ў горад увайшлі нашы войскі і вызвалілі Нясвіж канчаткова. Радаваліся ўсе, хто выжыў. А горад быў разбураны, многае згарэла.

Соф»я вярнулася на работу ў бальніцу, яна ўжо не магла пакінуць яе, прыкіпела душой. Ды і здатнай аказалася да медыцынскай справы, у яе ўсё атрымлівалася не горш, чым у вопытных медсясцёр. У 1945 годзе ў Нясвіжы адкрыліся курсы медсясцёр пры  раённым таварыстве Чырвонага Крыжа, але Соф»я Юльянаўна ўжо была замужам і мела маленькую дачку, таму не магла вучыцца. А праз чатыры гады здала экстэрнам экзамены на спецыяльнасць медсястры, дапамог вопыт работы ў час вайны і сваё ўменне, старанне.

Вернасць выбранай прафесіі С.Ю.Гуль захавала на ўсё жыццё: 45 гадоў яна аддала любімай справе, працавала медсястрой у райбальніцы да 1989 года. А  колькі дапамагала суседзям, знаёмым, блізкім у аказанні медыцынскай дапамогі — і пералічыць цяжка. Яна і цяпер, у 90-гадовым узросце, можа зрабіць ўкол сабе ці іншым. І не траціць бадзёрасці духу, аптымізму і жыццярадаснасці. Медык па прызванні, Соф»я Юльянаўна рада, што выбрала самую гуманную спецыяльнасць, за што ёй былі  і застаюцца ўдзячнымі людзі.

Раіса  Хвір, г. Нясвіж

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.