Валянціна Мінская

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

(Заканчэнне. Пачатак у № 38)

Нарадзілася Валянціна 25 мая 1888 года ў сям»і святара, настаяцеля Станькаўскага Свята-Мікалаеўскага храма, протаіерэя Фёдара Чарняўскага. У сям»і гадаваліся яшчэ тры дачкі: Ганна, Ксенія і Вольга. Двое дзяцей, Іван і Марыя, памерлі ў дзяцінстве. Маці дзяўчынак, Сафія Пятроўна Чарняўская (у дзявоцтве Свірская) таксама нарадзілася ў сям»і святара. Гэты святарскі род браў вытокі ў старажытных князёў Свірскіх. Любоў і вера панавалі ў доме айца Фёдара і матушкі Сафіі. Дом, дзе жыла сям»я, размяшчаўся ў вёсцы Коскі, пры храме ў гонар святой Ганны. Дзяцінства Валянціны прайшло на беразе ракі Усы, сярод маляўнічых лугоў і палёў. З малых гадоў яна любіла храм, богаслужэнне, царкоўныя спевы. Юная Валянціна з бацькам падарожнічала па святых месцах і спадобілася пабыць у айца Іаана Кранштадскага, атрымаць благаславенне і гутарыць з ім.

Валянціна Фёдараўна закончыла Мінскае жаночае духоўнае вучылішча. У 24-гадовым узросце ўзяла шлюб з Фёдарам Васільевічам Сулкоўскім. Яе муж паходзіў з духоўнага са-слоўя. Падчас вайны 1914 года Сулкоўскі прыняў у ёй удзел у якасці чыноўніка ваеннага ведамства. Маладыя паехалі ў Польшчу на месца службы мужа. Валянціна Фёдараўна ўзяла з сабой вясковую дзяўчыну Ефрасінню, якая пазней стала келейніцай блажэннай старыцы Валянціны.

З прыходам рэвалюцыі Фёдар Васільевіч страціў месца службы. Сям»я занялася земляробствам. У 1931 годзе па несправядлівым нагаворы забралі мужа Валянціны Фёдараўны. Яго саслалі ў ЦемЛаг, і, пасля бадзяння па лагерах, расстралялі ў 1933 годзе. Сталі ўдовамі і абедзве сястры Валянціны. Да апошняга дня матушка Валянціна падпісвала свае лісты так: «… удава Фёдара Сулкоўскага…». Год расстрэлу мужа Фёдара Васільевіча лічыцца пачаткам духоўнага подзвігу матушкі Валянціны. Зімой 1937 года Валянціна Фёдараўна пахавала маці. Аднавяскоўцы сведчаць, што ўстаць і развітацца з мамай яна не змагла. Прыглядаць за нямоглай жанчынай стала Ефрасіння, якая з сям»ёй пасялілася для гэтага ў яе доме. Яшчэ задоўга да вайны аднавяскоўцы называлі Валянціну Фёдараўну Святой. Да яе неслі хворых дзяцей, прасілі памаліцца, прыходзілі за жыцейскімі і духоўнымі парадамі. Яна як быццам замяніла для людзей свайго бацьку — бацюшку Фёдара. Незадоўга да вайны матушка Валянціна папярэджвала людзей аб ліхалецці. У ваенны час у яе доме збіраліся вернікі, маліліся, спявалі акафісты і духоўныя песні. Жанчыны звярталіся да матушкі, каб даведацца, ці вернуцца іх блізкія з вайны. Матушка Валянціна заўсёды беспамылкова адказвала на іх пытанні, гаварыла словы падтрымкі, заклікала да пакорлівасці і спадзяванні на Бога. Калі да яе прыходзіў новы чалавек, ёй не патрэбна было з ім знаёміцца і распытваць, што яго сюды прывяло. Яна сама адразу бачыла ўсё яго жыццё, душу, настрой, думкі, і адразу давала адказ і параду. Звычайна яна карысталася іншасказаннямі, але чалавек, якога гэта датычылася, заўсёды разумеў, аб чым ідзе гаворка. Матушка адорвала сваіх наведвальнікаў  невялікімі падарункамі: вяровачкамі для крыжыкаў, зробленымі ёю самой, нагадваючы аб тым, што не трэба адмаўляцца ад свайго крыжа. Матушка вязала шырокія паясы, якія называла «паясамі  Ахтырскай Маці Божай». Гэтыя паяскі духоўныя чады матушкі насілі на сабе як найвялікшую святыню, якая аберагае ад усяго благога. Ікону Божай Маці Ахтырскай вельмі шанавала матушка Валянціна. На іконе Нябесная заступніца аплаквае Свайго Распятага Сына.

Кожная раніца ў доме ў Косках пачыналася з прыгатавання канона. Матушка гатавала яго сама, а пасля доўга над ім малілася. Ад канона многа людзей вылечыліся.

Матушка Валянціна была не проста пакор-лівай малітвенніцай, але і праведнай выкрывальніцай. З болем і гневам выкрывала яна жанчын, якія не ацанілі Божы дар мацярынства, плакала ад жалю да дзяцей, якія не нарадзіліся на гэты свет. Выкрывала яна і прагнасць, і хітрасць, выклікала ў душах жыватворны сорам. Многія сучаснікі Валянціны Фёдараўны ўспамінаюць, што пасля наведвання Старыцы душу ахоплівала шчырае, глыбокае пакаянне, хацелася служыць бліжнім і быць з Богам усёй душой. Не адно пакаленне святароў благаславіла матушка Валянціна. У цяжкія хрушчоўскія дні Блажэнная прадказала благаславёныя часы і з»яўленне на беларускай зямлі Мітрапаліта Філарэта.

Матушка Валянціна паўстала перад Госпадам 6 лютага 1966 года. Перад смерцю яна сказала, каб прыходзілі на яе магілку, як да жывой, і абяцала дапамагаць у розных складаных сітуацыях. Магілка Блажэннай на вясковых могілках стала месцам паломніцтва. Цяпер служацца на ёй не паніхіды, а малебны. А матушка Валянціна глядзіць на нас любячымі вачыма не толькі з фатаграфій, але і са святых ікон. Але народ праславіў сваю Святую значна раней. У сваім жыцці яна перанесла шмат бедаў. Нягоды прараслі ў яе сэрцы найвялікшай духоўнасцю, сіла якой у любові.

Наведвальнікі духоўна-асветніцкага цэнтра «Існасць» неаднаразова пабывалі ў Косках, на магілцы Святой Блажэннай Валянціны Мінскай, у Станькаве, дзе ў 1864 годзе граф Эмерык Чапскі пабудаваў Свята-Нікольскую царкву, у якой пасля служыў бацька Валянціны Мінскай Фёдар Чарняўскі і ў якой хрысцілі Валянціну Фёдараўну. Пазней яна спявала там у царкоўным хоры. У 1961 годзе ўнікальны па прыгажосці храм быў зруйнаваны. Зараз ідуць работы па яго аднаўленні. Наведвалі і Вітаўскую крыніцу, гісторыя якой звязана з часамі князя Вітаўта. Як расказала мясцовая жыхарка, з дапамогай вады з гэтай крыніцы паломнікі пазбаўляюцца ад многіх хвароб. У верасні бягучага года, калі будзе магчымасць і благаславенне Божае, мы зноў накіруемся ў паломніцтва па гэтых святых мясцінах, у якое запрашаем усіх жадаючых. А пакуль што застаецца толькі дадаць: Святая Блажэнная матушка Валянціна, малі Бога за нас, а таксама па-дзякаваць Благачыннаму Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэю Аляксандру Данчанку, протаіерэю Мікалаю Лабынько, іерэю Алегу Абрамовічу,  аддзелу культуры Нясвіжскага райвыканкама  за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы з прадстаўнікамі Станькаўскага духоўна-асветніцкага цэнтра «Адраджэнне».

Валянціна ШЧАРБАКОВА, галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.