Я ПАМЯТАЮ…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Шостая булачка

Аднаму Богу вядома, дзе цётка Арына здабыла пшанічнай мукі. Можа, выменяла ў млынара тыя пяць кіло на адзіную сваю раскошу – хустку-кашміроўку або зарабіла ў кладаўшчыка, малоцячы яму цэпам збажыну. Як бы там ні было, напярэдадні свята Перамогі шэсць духмяных булачак з падпечанай жоўтай скарынкай ляжалі на стале, накрытыя самабраным палатняным ручніком. І шасцёра яе дзяцей, адно аднаго менш, глыталі слінкі, чакаючы, пакуль сядуць за стол.

Па суседству з Арынай жыла такая ж удава-салдатка Алена з хлопчыкам Андрэйкам. Часта хварэла. Хлопчык збіраў у полі перамерзлыя бульбяныя клубні. Называліся яны “пышкі”. Бліны з іх можна было спячы, хаця з выгляду яны атрымліва-ліся цёмныя. І цвёрдыя, як падэшва.

Цётка Арына шкадавала суседку. Узяла адну булачку, самую вялікую, і занесла Алене. Галодная Арыніна “каманда” адразу “засекла” гэты факт. Усе шасцёра вушасцікаў запытальна і сурова глядзелі на маці. Тая апусціла вочы, ціха сказала: “Так трэба, дзеткі. Галадаюць яны”.

Недзе ў шасцідзясятых гадах, заехаўшы ў вёску, я даведаўся, што Андрэйка працуе ў калгасе камбайнерам. І яшчэ расказала хворая бабулька Арына, што хлопец прывёз ёй з першай “натуральнай палучкі” мех мукі вышэйшага гатунку. Помніў, відаць, Андрэйка тую булачку.

Выбух у вербах

Мы зайздросцілі кірпаносаму, не па гадах сур”ёзнаму Кольку, нашаму незаменнаму “атаману”. У яго быў самаробны наган, вельмі падобны на сапраўдны. Зроблены з дубу, пафарбаваны ў чорны колер. З барабанам для патронаў, з мушкай. І яшчэ маці пашыла Кольку са старых салдацкіх штаноў хвацкае галіфэ. Колька дамогся, каб ззаду ў тым галіфэ прышылі трэцюю кішэню,  для нагана. Цяпер дванаццацігадовы “атаман” вельмі высока трымаў галаву.

Як сёння памятаю, на другі дзень вызвалення каманда хлапчукоў гуляла ў вайну. Ля старых вербаў, на беразе рэчкі Шаць зрабілі з галін будан, “камандны пункт”, выставілі паставых. Ва ўсіх былі драўляныя кулямёты. З крыкам “ура!” бегалі па поплаве, бралі ў палон “немцаў”.

Раптам Віцька Ламака крыкнуў: “Снарад!” Мы кінуліся да яго. З-пад засохлай травы тырчэў смяротны жалезны нос з жоўтым наканечнікам. “Раскладзём агонь і ўзарвём снарад!” – раздаваліся вясёлыя галасы. Наш атаман сур”ёзна сказаў: “Трэба бегчы ў вёску, няхай мужчыны прыйдуць. І абавязкова паведаміць кавалю Нупрэйчыку, ён сапёрам у арміі быў”.

Недзе праз гадзіну прыйшоў Нупрэйчык і яшчэ некалькі вяскоўцаў. Яны адагналі дзяцей, пачалі збіраць сушняк, раскладваць агонь. Ужо надвячоркам у вербах грымнуў страшэнны выбух. Ад нашага “каманднага пункта” і галінкі не засталося.

Доўга потым не хацелася нам гуляць у вайну. А Колька сказаў маці, каб адпарола трэцюю кішэню ў галіфэ. Бацька хлопчыка не вярнуўся з фронту, і ён, думаецца, вельмі востра адчуваў жахі ваеннага ліхалецця. А гэты выпадак са снарадам “зачапіў” у душы нашага атамана нейкую струну.

Канстанцін ПРЫЁМКА, г.Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.