З ДУШЭЎНАЙ УЗНЁСЛАСЦЮ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Мы не ўяўляем жыцця без культуры, без песень і творчых сустрэч, цікавых мерапрыемстваў. Пра ўсё гэта і будзе аповед заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, былога начальніка аддзела культуры райвыканкама ў 1987 — 2010 гадах  Леаніды Мікалаеўны Віхровай:

— Як хутка аблятае майскі цвет, так імкліва бягуць і нашы гады. Здаецца, нядаўна я прыехала на работу ў Нясвіж, а трыццаць з лішнім гадкоў прабегла. Самы час азірнуцца, ды яшчэ напярэдадні  славутага юбілею роднага горада. Мне прыемна, што давялося тут працаваць, клапаціцца  пра культурны адпачынак людзей, мабілізаваць калектывы для паспяховай работы  ў гэтым напрамку. Спачатку была інспектарам аддзела, затым — загадчыцай і начальнікам. Найбольш памятныя  клопаты, звязаныя з адкрыццём раённага гісторыка-краязнаўчага музея, таму што гэта аказалася нялёгкай і даволі  адказнай справай. Усім вядомы 90-я гады, калі складана было з будматэрыяламі, але «пад-ключаліся» на дапамогу прадпрыемствы і арганізацыі, за што ім вялікі дзякуй. А супрацоўнікі музея ў пошуках экспанатаў ездзілі па сёлах і закуплялі ў насельніцтва рэчы, неабходныя для экспазіцый.

Адметнай падзеяй стала і ад-крыццё кватэры-музея М.К. Сеўрука, у чым садзейнічала яго жонка. На  ўрачыстасць прыехалі сябры знакамітага мастака з Баранавіч У.Ф. і Т.І. Варашкевічы. Змяніўся пасля рэстаўрацыі Домік на рынку, за што варта падзякаваць загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Ю.С. Станавой. Сёння ў гэты храм кнігі прыемна зайсці і дзецям, і дарослым.

Калі гаварыць пра кадры, нельга не ўспомніць добрым словам адданых сваёй справе людзей: Т.А. Са-бірай, В.Р. Карунную, Д.В. Платун, М.С. Заліваку, В.М. Кандыбовіча, Г.І. Сарокіну, М.І. Сялецкага, В.І. Чудзянкова, С.І. Лагіновіча. Яны дапамагалі і ў маім станаўленні як работніка культуры і кіраўніка.

Знакавай лічу і рэстаўрацыю гарадской ратушы, што ў гісторыі Нясвіжа пакінула адметны след. Многа было праблем, пытанняў, як і ў кожнай вялікай справе. Але дзякуючы намаганням будаўнікоў, праекціроўшчыкаў, супрацоўнікаў музея-запаведніка,  аб»ект быў здадзены ў эксплуатацыю і набыў свой асаблівы «твар». Значная  заслуга ў тым і былога дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж»  В.А. Сталярчука.

Увайшлі ў гісторыю і выдатныя калектывы мастацкай самадзейнасці Нясвіжчыны, створаныя ў той час:  ансамбль гарманістаў «Аношкаўскія музыкі», «Зараніца», «Вяночак», «Лянок».  Сёння гэтыя артысты праслаўляюць наш раён не толькі дома, але і за межамі рэспублікі, гастралююць у краінах Еўропы.

Не магу не адзначыць з прыемнасцю адкрыццё ў горадзе  ў 2001 годзе салона-галерэі «Скарбніца». Дарэчы, гэту ідэю выказала ў свой  час тадышняму кіраўніку Мінаблвыканкама М.Ф. Дамашкевічу наша славутая майстрыха В.І. Мацнева. І цяпер мы ганарымся выставамі работ народных умельцаў, іх незгасальнай творчасцю. Рэгулярна праводзяцца выстаўкі і продажы саламяных, ільняных, керамічных і драўляных вырабаў, вышывак, маляўнічых карцін мастакоў. Карысталіся ўвагай несвіжан і гасцей горада  работы А. Нялюбіна, Э. Міцкун, Д. Яшчанкі, А. Пракарыны, А. Хоміч і іншых таленавітых людзей нашага слыннага краю.

Лічу, што так і павінна быць, бо нашчадкі Сымона Буднага, Юрыя Нясвіжскага і другіх знакамітых асоб не падводзяць і не падвядуць.

Варта падумаць і пра будаўніцтва ў горадзе амфітэатра, каб нашым і прыезджым артыстам было камфортна выступаць, а гледачам — слухаць. Думаю, што калі-небудзь збудзецца мара многіх культработнікаў і ў горадзе пабудуюць Палац культуры — сучасны, вялікі.

Раней нашу галіну не пакідалі без увагі, спадзяюся, што і ў далейшым так будзе. А яшчэ хацелася б бачыць у нас бюсты славутых землякоў: М.К.Сеўрука, К.Я. Шышыгінай і іншых, хто любіў горад усёй душой, апяваў яго, ствараў гісторыю, ушаноўваў памяць.

Я таксама ганаруся Нясвіжам і рада яго  росквіту, эканамічным і сацыяльным поспехам, вясёламу смеху дзяцей і зялёным краявідам, яркім кветкам. Няхай заўсёды будзе так, і наш горад жыве ў міры і шчасці многа-многа гадоў.

Запісала Раіса ХВІР

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.