Запрашае новае кафэ
З адкрыццём новай кропкі грамадскага харчавання Юрыя Карачуна віншуюць начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Іна Корбут і галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Аліна Флар”яновіч
У мінулую пятніцу адкрылася летняе кафэ пры “Харчэўні на Замкавай”, што побач з замкам Радзівілаў. Як расказаў яе гаспадар Юрый Карачун, у закрытым памяшканні, што працуе ўжо больш за год, можа змясціцца да 50 чалавек, а на адкрытай пляцоўцы, што проста незамянімая ў цёплы час года, – да 100. Наведвальнікаў тут чакаюць кожны дзень: з 10.30 да 2.00 – у буднія дні і нядзелю, да 4.00 у пятніцу і суботу. Ёсць, вядома, і свае фірменныя стравы – так, толькі ў “Харчэўні на Замкавай” можна пакаштаваць “Суп ад дзеда Алеся”, рэцэпт якога дастаўся ад бацькі гаспадара, галёнку ў піве, труса, тушанага з грушамі. Тут таксама прапануюць папулярныя амаль ва ўсіх беларусаў дранікі і іншыя стравы нацыянальнай кухні. Як падкрэсліў сам Юрый, у тым, што тут ужо ёсць свае пастаянныя кліенты – заслуга вопытнага адміністратара і ветлівага і добразычлівага персаналу. Сваім багатым вопытам у кулінарнай справе з работнікамі кафэ з задавальненнем дзеліцца шэф-повар Леакадзія Карачун, маці гаспадара харчэўні.
Прывабная драўляная мэбля, прасторная танцпляцоўка з навесам для музыкантаў, – усё гэта стварае тое ўражанне, якое і неабходна для добрага адпачынку. Немалаважна, што ў летні час павялічваецца і колькасць працуючых – да 12 чалавек, што дае добрую магчымасць для часовага працаўладкавання студэнцкай і вучнёўскай моладзі.
Работнікі кафэ
Важнасць з”яўлення новай кропкі грамадскага харчавання для Нясвіжа, дзе так багата турыстаў, ад-значыла ў сваім выступленні на адкрыцці летняга кафэ начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Іна Корбут.
– Вопыт работы ў сферы грамадскага харчавання ў гаспадара гэтага ўтульнага месца ўжо ёсць, – сказала Іна Уладзіміраўна. – І ад імя жыхароў і гасцей горада хочацца пажадаць, каб усё, што ён робіць, прыносіла радасць і яму самому, і іншым людзям, каб наведвальнікі выходзілі з кафэ з задавальненнем і добрым настроем, а якасць паслуг заўсёды была на высокім узроўні. Жыхары і госці горада ўжо заўважылі, што “Харчэўня на Замкавай” – самы бюджэтны варыянт з усіх падобных устаноў.
Яна таксама пажадала прадпрымальніку не спыняцца не дасягнутым, каб яго справа і далей развівалася і пашыралася.
Прыветліва сустракаюць гасцей бармэны Вячаслаў Марусей (на фота) і Яўген Салаў
Сваімі ўражаннямі падзяліўся і госць з Баранавіч, які прадставіўся, як Алег:
– Тут вельмі добрая атмасфера, добрая аура, адчуваеш, што табе тут рады. Я і мае сябры абавязкова раскажам пра гэта месца ў сябе дома, каб сюды ехала як мага больш людзей.
Да гэтых слоў далучыўся і госць з Чэхіі Ігар з жонкай Аксанай, якому таксама спадабалася ўбачанае. Ён пажадаў новаму кафэ хуткага развіцця і дасягнення сапраўднага еўрапейскага ўзроўню.
Побач з кафэ прапануюцца паслугі хуткага фота, дзе можна зрабіць сабе на памяць здымак у сярэднявечных уборах, працуе сувенірная лаўка “Скарбы Нясвіжа”.
У добрым настроі былі і самыя маленькія наведвальнікі кафэ
Адкрыццё новага летняга кафэ завяршылася вогненным шоу і феерверкам, якім не перашкодзіў нават нечаканы дождж. У спалучэнні з жывой музыкай, што суправаджала вечар, усё гэта пакінула сапраўды незабыўныя, святочныя ўражанні.
Соф”я ЛЮБАНЕЦ
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ