Быць зямлі сваёй сынам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сорак дзён спаўняецца,  як не стала Уладзіміра Мікалаевіча Хлябковіча, дырэктара дзяржаўнай сельскагаспадарчай установы «Нясвіжская сортавыпрабавальная станцыя.» Ён пайшоў  з жыцця раптоўна. А быў  поўны планаў, задумак…

За адзінаццаць гадоў, на працягу якіх ён узначальваў станцыю, тут адбыліся многія змены. Па ініцыятыве Уладзіміра Мікалаевіча  завялі пасеку, залажылі пладовы сад на 50-гектарнай плошчы, узяліся вырошчваць  вострадухмяныя травы — пачалі з часам прадаваць мёд, яблыкі, саджанцы, прыправы. Памятаецца: падчас восеньскіх  кірмашоў прыйдзеш да месца  «дыслакацыі»  сортавыпрабавальнай станцыі — і сам дырэктар дасць кансультацыю, раскажа пра  яблыкі розных сартоў, каб пакупнік мог выбраць тое, што яму болей даспадобы.

Дэмакратычны, але настойлівы  ў дасягненні мэты, разважлівы, гаспадарлівы, ён любіў  парадак, дысцыпліну.

А яшчэ ён вельмі любіў родную зямлю. Патомны хлебароб, сын і ўнук сялян, ён  выбраў сваю жыццёвую дарогу, якой  таксама крочыў па зямлі. Толькі ўжо — з вышэйшай агранамічнай адукацыяй, кандыдатам сельскагаспадарчых навук. Мары дзеда і бацькі пра тое, каб лепш радзілі палі, увасабляў на практыцы. На станцыі не толькі выпрабоўваюцца розныя сарты збожжавых, бульбы, цукровых буракоў, кукурузы. Тут пры Уладзіміры Мікалаевічы  ўвялі ўчастак  патэнтнай экспертызы — спецыялісты кантралююць усе параметры новых сартоў, прапанаваных вучонымі як толькі што выведзеныя.

На Нясвіжскай сортавыпрабавальнай станцыі з вялікім жалем гавораць аб заўчасным  адыходзе Ула-дзіміра Мікалаевіча.

— Гэта чалавек з вялікай літары. Асоба. Я не сустракаў  культурнейшага за яго чалавека, — гаворыць  выконваючы абавязкі  дырэктара Іван Іванавіч Сагановіч,   які адпрацаваў побач з Уладзімірам  Мікалаевічам  8 гадоў. — Людзей разумеў, іх патрэбы.  А якім граматным кіраўніком быў. Да вырашэння любога пытання  падыходзіў абдумана, з усіх бакоў усё ўзважваў, абмяркоўваў. На станцыі шмат што абнавілі, рэканструявалі. Планаваў  Уладзімір Мікалаевіч  яшчэ і  адміністрацыйны будынак паднавіць. Не паспеў…

Энергічны, неабыякавы, улюбёны ў сваю справу, ён займаўся і вытворчасцю, і сортавыпрабаваннем, і навуковымі распрацоўкамі. Усюды стараўся пабываць сам — у полі, на ферме — паглядзець, пракантраляваць, нешта параіць ці нават паўшчуваць.

Яшчэ мы ведалі Уладзіміра Хлябковіча як захаваль-ніка беларускай спадчыны. Ён  разам з жонкай Нінай Міхайлаўнай стварыў на сваёй сядзібе  ў Нясвіжы сапраўдны музей рэчаў — прадметаў сялянскага побыту, прыладаў працы і іншых. Ганарыўся, што мае карані  ад зямлі, прывіваў гэты гонар  дзецям і ўнукам.

Мы наведвалі сядзібу Хлябковічаў напрыканцы 2011 года. З цікавасцю слухалі яго  захапляючы аповед пра калекцыю.  Гэта было незадоўга да 60-годдзя Уладзіміра Мікалаевіча. Ён тады сказаў:  «Мала хто з кіраўнікоў да пенсіі дажывае на сваёй пасадзе. Я вось дажыў…» Ён радаваўся, што патрэбны людзям, што прыносіць карысць грамадству. І хацеў бы  зрабіць яшчэ многае. А пайшоў з жыцця на 62-м годзе.

61 год — які гэта ўзрост?! Гэта — багацейшы вопыт, памножаны на вялікае  жаданне працаваць, ажыццяўляць  усё новыя і новыя планы. Толькі лёс распарадзіўся  інакш…

На жаль.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.