Да Яўгена Ждана ў Сноў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Напачатку жніўня сябры Беларускага фонду культуры і Мінскага згуртавання нашчадкаў шляхты і дваранства здзейснілі першую турыстычную паездку ў аграгарадок Сноў у межах сумеснай культурна-асветніцкай праграмы «Шляхамі знакамітых землякоў».

Гэты аграгарадок у Нясвіжскім раёне нездарма быў абраны першым месцам візіту беларускіх аматараў культуры і гісторыі.

У гэтым прыгожым месцы знаходзіцца Дом-музей вядомага беларускага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Яўгена Ждана, які сам выступіў ініцыятарам паездкі і распрацаваў культурную праграму.

Яўген Іванавіч з»яўляецца яркім прадстаўніком сучаснага выяўленчага і тэатральнага мастацтва краіны, неад»емнай часткай беларускай культуры.

Жыццё Яўгена Ждана, некалі галоўнага мастака Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, а затым Рэспубліканскай дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва і Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі, пачалося тут, на нясвіжскай зямлі.

Цудоўную экскурсію па музеі правяла мясцовая настаўніца Соф,я Паўлаўна Дмухоўская, сапраўдная прыхільніца творчасці мастака, якая і сама, дарэчы, мае мастацкую адукацыю.

Дом-музей з»яўляецца своеасаблівым духоўным і асветніцкім цэнтрам Снова, у якім ладзяцца экскурсіі, творчыя сустрэчы, праводзяцца заняткі з дзецьмі. У пяці пакоях музея размешчаны пейзажы, партрэты, нацюрморты, шматлікія эскізы дэкарацый…  Цеплынёй і любоўю да роднага краю, мілай нясвіжскай зямлі прасякнуты творы «Стары палац Рдултоўскіх», «Зімовы дзень», «Вясна», «Сенакос», «Сакавік», «Залатая восень», на якіх адлюстравана прыгажосць беларускай прыроды.

Своеасаблівымі словамі ўдзячнасці і павагі з»яўляюцца творы, прысвечаныя родным і аднавяскоўцам: «Юнацтва маёй маці», «Бабуля Ганна», «Дзед Іосіф», «Аля», «Прадзед Фёдар» і іншыя.

Вялікую цікавасць выклікаюць сцэнічныя эскізы і афішы да спектакляў, якія афармляў Я.І.Ждан. Сярод іх — «Галька» С. Манюшкі, «Пасля  балю» Г. Вагнера, «Фаўст» Ш. Гуно, «Дэман» А. Рубінштэйна і шматлікія іншыя. А эскізы дэкарацый да святкавання тысячагоддзя славянскай культуры і тысячагоддзя хрышчэння Русі, якія ўражваюць сваёй велічнасцю і манументальнасцю, з»яўляюцца сапраўдным вялікім унёскам у культурную прастору нашай краіны.

У творах мастака адлюстраваны і трагічныя старонкі жыцця беларускага народа XX стагоддзя: чарнобыльская бяда («Чарнобыль»), Вялікая Айчынная вайна («Кожны чацвёрты») і цяжкія моманты пасляваеннага часу.

Паўстаюць перад гледачом выбітныя гістарычныя асобы: Рагнеда, Яраслаў Чарадзей, Францыск Скарына, Марк Шагал…

Даволі падрабязна экскурсавод расказала аб абразах з цыклу «Беларускія праваслаўныя святыя», за які Я.І. Ждан стаў першым лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне». Абразы пасля асвячэння ён перадаў у Нясвіжскі Свята-Узнясенскі храм.

Прынамсі, творы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Нацыянальным  гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж», Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Музеі А. Бахрушына і ў Трацякоўскай галерэі ў Маскве, у прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Ізраіля, Канады, ЗША, Францыі, Швецыі, Чэхіі, Японіі і іншых краін.

Пасля экскурсіі Яўген Іванавіч падзяліўся: «Я адчуваю вялікую асалоду, калі з»яўляецца магчымасць падзяліцца сваёй творчасцю, сваім унутраным светам, які я адлюстроўваю з дапамогай палатна і фарбаў…» А мы атрым-ліваем асалоду ад сустрэчы з прыгожым і светлым, з творчасцю вялікага майстра.

Павел САПОЦЬКА, старшыня праўлення Мінскага абласнога аддзялення Беларускага фонду культуры


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.