ДЛЯ ПАЗНАННЯ І АЧЫШЧЭННЯ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На беларускай зямлі шмат помнікаў даўніны, як гістарычнага, так і духоўнага  значэння. Нядаўна група несвіжан пабывала  ў Лядах, вёсцы  каля Смілавіч. А  знакамітая яна сваім манастыром, які прыцягвае ўвагу  цнатлівай прыгажосцю і строгасцю класічных форм. Уверсе — выява галавы Ісуса Хрыста з грэчаскімі літарамі альфа і амега, што сімвалічна азначае пачатак і канец. На сцяне ля ўваходу — таблічка з надпісам аб тым, што Благавешчан- ская царква (так называецца храм) ахоўваецца законам. Унутры прасторна, за алтаром захавалася  фрэска з часоў узнікнення манастыра. А яго гісторыю нам расказаў манах Алег. У XVIII стагоддзі ў вёсцы Ляды жыў мужчына па імені Кірык  (па-грэчаску — вяшчун), у якога балелі ногі і ён не мог хадзіць. Аднойчы яму прысніўся сон: з»явілася Багародзіца і сказала:»Ідзі  скажы сваёй пані, каб пабудавала тут  храм». Кірык адказаў, што не можа хадзіць. А голас з неба  загадаў: «Уставай і ідзі». Кірык устаў і, на сваё здзіўленне, пайшоў. Калі ён перадаў мясцовай пані словы Багародзіцы пра храм, яна не паверыла і паклікала гайдукоў, каб пакаралі Кірыка. Але як толькі  яны паднялі  нагайку, каб ударыць чалавека, іх рукі застылі ў паветры і нібы скамянелі. Пані, злосная і ганаровая,  паехала ў брычцы далей, але коні сталі падаць. Тады яна ўстала і пайшла, думаючы аб тым, што Кірык сказаў праўду і царкву трэба будаваць. Легенда гэта ці праўдзівая гісторыя, але факт пабудовы Благавешчанскай царквы і мужчынскага манастыра — у наяўнасці.

Сёння ў манастырскай царкве пастаянна адбываюцца літургіі, святочныя і нядзельныя Богаслужэнні. Мясцовыя жыхары рэгулярна наведваюць святое месца, моляцца, прыво-дзяць і прыносяць дзяцей рознага ўзросту. Людзі не толькі просяць прабачэння і міласці  сабе, але ачышчаюцца душою, становяцца лепшымі ў духоўным і чалавечым плане. Храм  нясе спакой і дабрыню, сюды прывозілі і прывозяць цудатворныя іконы: «Уцеха» і «Усецарыца»,  пояс святой Багародзіцы. Апошняя рэліквія дапамагала тым, хто не меў дзяцей.

Быў і цікавы выпадак. Пасля вайны прапала адна цудатворная ікона. Вікарый Мінскай епархіі Веніямін благаславіў брата-манаха на яе пошукі. Той памаліўся і лёг спаць, а ноччу чуе голас: «Не сумуй, яна знойдзецца, будзе табе суцяшэнне». І сапраўды, ікона знайшлася. І такіх цудаў было некалькі, што прывяло манахаў ды святароў да ўпэўненасці, што сілы нябесныя дапамагаюць у добрых духоўных справах.

А справы жыццёвыя і бытавыя ў наш час браты-манахі вырашаюць самі: ёсць гаспадарка з чатырох кароў і агарод, цяпліца, работы хапае. Летась тут быў пажар, і цяпер сваімі сіламі ды з дапамогай мясцовых улад вядзецца рамонт пашкоджаных агнём памяшканняў.

Як зазначыў манах Алег, «ратуем сябе самі». У гэтым і ёсць  высокі сэнс жыцця.

Мела яго і мужная жанчына, святая Валянціна Мінская, на долю якой выпала цяжкая хвароба,  прыкавала да ложка на шмат гадоў. Але яна не наракала на свой лёс, а дзякавала Богу за пасланыя пакуты. Усявышні надзяліў яе дарам лячыць людзей, вучыць іх веры, цярпенню і дабрыні. І пасля смерці да яе ідуць і едуць паломнікі, каб пакланіцца святому праху, папрасіць прабачэння і дапамогі. Вось і ў той нядзельны дзень ля месца супакаення  Валянціны Мінскай было шмат людзей. Кожны думаў і гаварыў сваё, а ў душы заставалася прасвятленне і чысціня, добрае здзіўленне велічы духу жанчыны, яе мудрасці і вечнаму клопату пра блізкіх сваіх.

Завяршылася наша падарожжа яшчэ адным знакамітым месцам:  наведваннем Вітаўскай Святой крыніцы, што недалёка ад Фаніпаля. Мы набралі там празрыстай вады, памаліліся і з добрай надзеяй рушылі дамоў. А падвялі вынік той высновай, што знакамітыя мясціны нашай Беларусі, асабліва звязаныя  з народнымі святынямі, трэба наведваць не толькі дарослым, але і дзецям. Каб яны ведалі і разумелі добра вечную  духоўную спадчыну сваёй Радзімы.

Раіса  Хвір, г. Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.