Маленькая гісторыя вялікага роду

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У нашых краях добра вядомы род Жалняркевічаў-рымашэўскіх. Яго прадстаўнікі абралі розныя прафесіі; працавалі і працуюць у розных сферах, прыносяць карысць грамадству, сваёй роднай Беларусі. І не толькі ёй… Лёс раскідаў людзей па розных краінах. Супрацоўнікі “раёнкі” часта маюць стасункі з несвіжанінам А.У. Жалняркевічам. Гэта вельмі энергічны, эрудыраваны чалавек, добры знаўца гісторыі свайго краю.

Прадстаўнікі іх роду зрабілі добрай традыцыяй праводзіць сустрэчы, або, як яны называюць, з”езды. Зусім нядаўна ў Нясвіжы адбыўся чарговы, пяты па ліку. На яго сабралася трыццаць чалавек…

Вось што расказаў мне пры сустрэчы аб сваіх блізкіх Анатоль Ула-дзіміравіч:

– Я нарадзіўся ў вёсцы Воўкаўшчына, што была недалёка ад Лані. Мая мама насіла прозвішча Рымашэўская, тата – Жалняркевіч.

Падзеі тых часоў – грамадзян-ская вайна, Вялікая Айчынная – паўплывалі не самым лепшым чынам на жыццё маіх родзічаў. Сем”і былі рассеяны па розных куточках: адны жылі ў Казахстане, другія – у Расіі, трэція знайшлі прытулак у Польшчы. Паміж намі згубілася сувязь.

– Анатоль Уладзіміравіч, скажыце, калі ласка, як жа Вы шукалі сваіх блізкіх?

– У 1970 годзе да мяне ў Нясвіж прыехаў траюрадны брат Іван, унук брата майго дзеда па маці Івана Рымашэўскага. (Іван і Адам Рымашэўскія былі з адной сям”і, якая жыла на хутары Ліпніцкія. Хутар знаходзіўся паміж вёскамі Сейлавічы і Затур”я. На сённяшні дзень там засталіся толькі могілкі). З Іванам мы не бачыліся з 1946 года (ён жыў у Польшчы). Мы сталі думаць, як сабраць сваякоў, каб даведацца, дзе хто жыве, чым займаюцца. Часу было патрачана нямала, бо старэйшыя нашы, дзяды, ужо памерлі, а маладое пакаленне мы шукалі амаль да 1990-х гадоў з дапамогай Вацлава Францавіча Рымашэўскага – сына самага малодшага брата нашых дзядоў, які нарадзіўся ў тых самых Ліпніцкіх. Яму ў гэтым годзе споўнілася 95 гадоў (на фота – трэці злева направа ў першым радзе). Ён жыве ў Гдыні, куды пераехаў у 1959 годзе пасля смерці бацькі. Мы сабралі спіс адрасоў, зрабілі дрэва жыцця роду Рымашэўскіх. Атрымаліся дзве галіны: адна – ад Францішка, другая – ад яго брата Георгія, з якіх выходзіць і наш род – Івана Рымашэўскага і мой.

– Калі адбылася ваша першая сустрэча?

– Яшчэ жыў Іванаў бацька, які нарадзіўся ў 1902 годзе. Задумалі так: першы з”езд будзем рабіць па месцы яго жыхарства, у польскім гора-дзе Калобжыг, што на беразе Балтыйскага мора. Гэта было ў 1998 го-дзе. Усім напісалі пісьмы. З”ехалася каля васьмідзесяці чалавек. Сустрэўшыся, дзяліліся перажываннямі таго часу.  І пад уражаннямі ад гэтага прынялі  такую пастанову: арганізоўваць наступны з”езд. Ён адбыўся ў 2005 годзе пад Кашалінам, трэці – у 2008-м у Зялёнай Гуры. Чацвёрты прайшоў у Цярэспалі ў 2010-м. Там вырашылі, што пяты будзе ў Нясвіжы.

Заявы на прыезд падавалі па электроннай пошце. На з”езд, які праходзіў з 31 ліпеня па 5 жніўня гэтага года, сабралася трыццаць чалавек: госці з Брэста, Украіны, Польшчы, нават з Мальты. Большасць – з пакалення ўнукаў і праўнукаў. Многія не змаглі прыехаць па ўзросце і стане здароўя. Але з жыццёвымі абставінамі не паспрачаешся.

– Ці прыязджаў на сустрэчу Вацлаў Францавіч?

– Так. Ён прыбыў з сынам і дочкамі. Нягледзячы на свае 95, ён актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах з”езду, таксама наведаў могілкі ў Ліпніцкіх, дзе пахаваны яго бацькі і дзяды, а для гэтага прыйшлося пераадолець не адну сотню метраў па бездарожжы з дапамогай двух кійкоў.

Іаана Гравіер-Рымашэўская, ураджэнка горада Цярэспаля, працуе саветнікам кіраўніка дзяржаўнага банка Мальты. Для таго, каб прыехаць у Нясвіж і пабываць на радзіме бацькі ў Салтанаўшчыне, яна прыляцела ў Польшчу, а адтуль, з братам Кшыштафам Рымашэўскім, – на гэту сустрэчу.

Для гасцей была арганізавана культурная праграма, падчас якой яны наведалі гарадскую ратушу, замак Радзівілаў, папрысутнічалі на Святой Імшы ў касцёле Божага Цела. Быў зроблены экскурс у Мірскі замак, а таксама на радзіму Адама Міцкевіча – Навагрудак. У адзін з дзён з”езду родзічы наведалі месцы жыхарства сваіх дзядоў і прадзедаў, пабылі на іх могілках, каб аддаць даніну памяці. Сустрэліся з жыхарамі вёскі Рымашы, што на Капыльшчыне, якія носяць прозвішча Рымашэўскія. Адбыліся паездкі ў Клецк, Слуцк.

Дарэчы, прозвішчу Рымашэўскія каля 400 гадоў. Яно зацверджана польскім каралём з наданнем герба гэтаму роду.

– Анатоль Уладзіміравіч, якія ўражанні пакінула сустрэча ў гасцей, ці спадабалася ім на Нясвіжчыне – там, адкуль іх карані?

– Безумоўна, усё было цудоўна. Гасцям прыйшліся даспадобы выдатныя мясціны, якія мы наведалі, а таксама стравы беларускай кухні, якімі іх частавалі ў кафэ “На вакзале” ПТУП “Прыемнага апетыту”. Родныя дзякавалі за сустрэчу, якая напоўніла іх сэрцы радасцю, цеплынёй, прыемнымі ўражаннямі, цікавымі гісторыямі. Усе паабяцалі яшчэ раз прыехаць у гэты цудоўны край. Бо, дзе б чалавек ні нарадзіўся, куды б ні закінуў яго лёс, ён заўсёды будзе памятаць сваю маленькую радзіму – месца, адкуль яго продкі, будзе імкнуцца туды і сэрцам, і душой.

Нягледзячы на свае восемдзесят шэсць, Анатоль Уладзіміравіч Жалняркевіч не сядзіць без справы. Шмат намаганняў ён прыклаў для выдання цудоўнай кнігі, сапраўднай сямейнай рэліквіі, якая выйшла ў 2010 годзе ў Польшчы пад назвай “Гісторыя роду”. Яна ёсць у кожнай сям”і роду Рымашэўскіх. Зараз Анатоль Уладзіміравіч дапамагае збіраць звесткі для выдання кнігі пра ксяндза Гжэгажа Каласоўскага, ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа.

Я пажадала Анатолю Уладзіміравічу моцнага здароўя, бадзёрасці, доўгіх гадоў жыцця і абавязковага здзяйснення яго задум і планаў.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.