Слова, што ідзе ад сэрца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Колькі б ні прайшоў чалавек за сваё жыццё  дарог, колькі б ні змяніў месцаў жыхарства і прапісак, жыве ў яго сэрцы маленькі куточак зямлі, дзе маці ўпершыню прытуліла да сваіх грудзей, дзе людзі, дарагія і блізкія, памятаюць цябе і чакаюць у любую пару, з любой дарогі. Я ўпэўнена, што для ганаровага грамадзяніна нашага горада, цудоўнай паэткі Станіславы Вятр- Партыка Нясвіж заўсёды быў і будзе самым лепшым месцам ў свеце. Пра гэта гавораць яе творы: шчырыя і мілагучныя вершы аб Нясвіжчыне. Пра гэта гаворыць яна сама пры кожнай сустрэчы. Адна з такіх сустрэч адбылася  ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы і была  прысвечана творчасці гэтай цудоўнай жанчыны.

У канферэнц-зале цэнтральнай раённай бібліятэкі сабраліся нясвіжцы і члены Таварыства несвіжан у Польшчы. Першае слова, вядома, належала Станіславе Вятр-Партыка. Яна вельмі цёпла выказалася ў адрас сваіх землякоў-нясвіжцаў, успомніла светлыя моманты ранейшых сустрэч, прачытала творы, прысвечаныя нашаму гораду.

Вершы Станіславы Вятр-Партыка шчырыя і пранікнёныя. Яны лёгка кладуцца на музыку. Як, напрыклад, верш «Родная зямля», які пераклаў на беларускую мову сябра раённага літаратурна-музычнага аб»яднання «Валошкі» Уладзімір Жылко. Верш спадабаўся яшчэ адной нясвіжскай творцы — кампазітару і паэтцы, кіраўніку шматлікіх музычных калектываў, сябру раённага літаратурна-музычнага аб»яднання «Валошкі» Тамары  Прыгун. Так нарадзілася новая песня, якая падчас сустрэчы прагучала ў выкананні  вакальнай групы «Элегія» пад кіраўніцтвам Тамары Прыгун.

Упершыню ў Нясвіжы на беларускую мову вершы Станіславы пераклала сябра раённага літаратурна-музычнага аб»яднання «Валошкі» Наталля Бордак. Верш называўся «Малітва» і прагучаў падчас сустрэчы з паэткай у 2008 годзе. А зусім нядаўна кампазітар Святлана Окунева паклала верш на музыку, і атрымалася цудоўная песня. У дзень сустрэчы гэты твор выканала Наталля Бордак.

Сябра раённага літаратурна-музычнага аб»яднання «Валошкі»Уладзімір Жылко зрабіў не адзін пераклад вершаў Станіславы Вятр-Партыка. Вельмі спадабаліся слухачам вершы  «Нясвіж», «Бацькам», а новы пераклад, які быў ажыццёўлены ў ноч перад сустрэчай, верш «Песня»,  стаў прыемнай нечаканасцю для паэткі.

На маю думку, чалавек можа лічыць сябе шчаслівым, калі сярод яго акружэння ёсць людзі,  блізкія па духу, якія з паўслова разумеюць і заўсёды падтрымаюць: у горы і радасці.

Радасць сустрэчы з землякамі раздзяліла з пані Станіславай  член Таварыства несвіжан пані Вікторыя Жукевіч, якая таксама чытала вершы польскай госці.

Вікторыя Жукевіч і сама з»яўляецца аўтарам цудоўных паэтычных твораў. За адзін з іх, верш, прысвечаны Нясвіжу, у дзень сустрэчы ў бібліятэцы яна атрымала дыплом аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама каштоўны падарунак.

Падчас сустрэчы са Ста-ніславай Вятр-Партыка адбылося і ад-крыццё выставы фатаграфій доктара медыцынскіх навук, магістра фізкультуры Тадэвуша Грыгеля. На здымках, падараваных бібліятэцы, — храм у польскім горадзе Шчэціне, асвечаны ў гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Пра гэту падзею расказаў аўтар фатаграфій  Тадэвуш Францавіч Грыгель.

Сапраўдным падарункам для гасцей бібліятэкі і яе пастаянных наведвальнікаў стала выступленне вакальнай групы «Элегія» пад кіраўніцтвам Тамары Прыгун. У выкананні гэтай групы прагучалі беларускія, рускія і польскія аўтарскія і народныя песні, а таксама аўтарскія песні кіраўніка калектыву.  Вельмі спадабалася выступленне сямейнага дуэта Тамары і Уладзіміра Прыгун. Многія песні спявалі не толькі артысты. Да іх далучаліся і госці свята.

Нішто не раскрывае душу чалавека так, як слова, што ідзе ад сэрца, вы-ліваючыся ў паэтычныя радкі, гаючыя і шчырыя, якія ўзносяць да нябёс, абуджаюць успаміны, запрашаюць да роздуму. У гэтым мы ўпэўніліся, калі слухалі вершы пані Ста-ніславы. Нішто не лечыць душу чалавека так, як песня. Хочацца верыць, што свята паэтычнага слова Станіславы Вятр-Партыка, цудоўныя музычныя творы, якія сталі яго дапаўненнем, надоўга застануцца ў памяці ўдзельнікаў сустрэчы. І ёсць спадзяванне, што мы сустрэнемся яшчэ ў Нясвіжы, каб зноў пагаварыць пра галоўнае: любоў да людзей, роднага горада і Беларусі.

Валянціна Шчарбакова, галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.