Творчасць нашых землякоў

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сёлета 65-гадовы юбілей адзначыў наш знакаміты зямляк, перакладчык, публіцыст, крытык Анатоль Іванавіч Бутэвіч.  З гэтай нагоды мы звярнуліся да пісьменніка з просьбай аб сустрэчы. І, нягледзячы на занятасць, ён не адмовіў.

На знаёмства з Анатолем Бутэвічам у дзіцячую бібліятэку былі запрошаны вучні 8-х класаў Нясвіжскай гімназіі. Яны з цікавасцю слухалі аповед Анатоля Іванавіча пра яго жыццё. З пяшчотай у голасе ён гаварыў пра бацькоў, пра вёску Баяры. Успомніў школьныя і студэнцкія гады, расказаў, якіх поспехаў дасягнуў у працы.

Апавядаў Анатоль Іванавіч часта з гумарам, узгадваў штосьці смешнае. На яго твары панавала усмешка, прывабная і лагодная. Размова вялася шчыра. Зямляк адразу знайшоў агульную мову з дзецьмі, задаваў ім пытанні пра гісторыю Бацькаўшчыны і роднага горада. Гімназісты дружна адказвалі, што не магло не парадаваць Анатоля Іванавіча — чалавека, які шмат часу ўдзяляе спазнанню гісторыі і лёсу Беларусі, яе слаўных прадстаўнікоў.

Анатоль Бутэвіч узгадаў, як пачаў свой літаратурны шлях, звярнуўся да напісання некаторых сваіх кніг з серыі «Сем цудаў свету». У серыю увайшлі кнігі «У гасцях у вечнасці», «Званы Нямігі», «За наміткай гісторыі», «Адвечны покліч Радзімы», «Славутыя родам сваім», «Перунова племені дзеці», «На далонях вечнасці» (разам з Уладзімірам Ягоўдзікам).

Вельмі цікава Анатоль Іванавіч расказваў пра раман «Каралева не здраджвала каралю», у якім пераплецены палітыка і каханне, інтрыгі і канфлікты.

Нашу зямлю часта называюць краінай замкаў. Публіцыст не абышоў  гэту тэму і звярнуў увагу прысутных на такія  кнігі  як «Таямніцы Мірскага замка» і «Таямніцы Нясвіжскага замка».  У іх ён знаёміць чытачоў з выдатнымі помнікамі беларускага дойлідства і яго ўладальнікамі. Многія з іх вызначаліся не толькі сваімі справамі, але і незвычайнымі дзівацтвамі. Пра некаторыя з іх Анатоль Іванавіч прысутным паведаміў, а пра іншыя параіў прачытаць у кнігах.

Пісьменнік публікуе і казкі для дзяцей. Выйшлі кнігі «Як акіян з кропелькай барукаўся», «Прыгоды лісціка-карунчыка», «Прыгоды памаўзлівай Рыскі»; для  дзяцей сярэдняга узросту — «Расстайны пах асоту». Больш дэталёва А.Бутэвіч спыніўся на кнізе «Прыгоды Віруса Шкодзі». З гумарам расказаў аб тым, што гэты Шкодзя на самой справе знішчыў  усе напрацоўкі пісьменніка. А як ён «ваяваў» з вірусам, паведаміў маленькім чытачам.

Напрыканцы сустрэчы Анатоль Іванавіч Бутэвіч, падпісваючы свае кнігі для чытачоў дзіцячай бібліятэкі, з надзеяй пажадаў «… Каб ніхто, нідзе і нішто не замінала здзейсніць задуманае… Каб добрыя справы засталіся на далонях вечнасці і … каб мы змаглі разгадаць усе таямніцы жыцця».

Дзякуй за пажаданне!

Аксана РЫЖЫКАВА, галоўны бібліятэкар Нясвіжскай раённай дзіцячай бібліятэкі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.