У інтарэсах людзей

У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і даставернай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, аб палітычным, культурным, эканамічным і міжнародным жыцці, а таксама для кампетэнтнага растлумачэння насельніцтву дзяржаўнай палітыкі і забеспячэння актыўнага ўдзелу грамадзян у яе рэалізацыі, для вывучэння грамадскай думкі і аказання практычнай дапамогі ў рашэнні актуальных для грамадства праблем у нашым раёне створана пяць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Адна з іх, пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама М.В. Афанасіка, у мінулы чацвер пабывала на сустрэчы з працоўным калектывам Нясвіжскай ЖКГ.

Напачатку М.В. Афанасік пазнаёміў прысутных з агульным станам спраў у эканоміцы раёна. Ён адзначыў, што Нясвіжчына хоць і з»яўляецца самым маленькім раёнам у вобласці па плошчы, але трывала лідыруе па многіх эканамічных паказчыках. Асноўную частку даходу прыносяць у бюджэт раёна 13 прамысловых прадпрыемстваў. Ключавая задача бягучага года — укараненне новай інавацыйнай прадукцыі. У гэтым накірунку, як падкрэсліў Міхаіл Вікенцьевіч, удала працуе Нясвіжскі хлебазавод, дзе распрацаваны рэцэптуры розных відаў хлеба на аснове хмелевай сумесі, якія маюць добры попыт у спажыўцоў.

У наступным годзе нашы хлебапёкі плануюць павялічыць у паўтара раза выпуск такой прадукцыі. Больш за 20 відаў прадукцыі выпускае зараз Нясвіжскі завод медпрэпаратаў. Калі раней ён займаўся толькі інфу-зійнымі растворамі, то на сённяшні дзень на ім выпускаюцца і таблеціраваныя лекі. Толькі сёлета тут асвоілі 6 новых відаў прадукцыі, з кожным годам паступова павялічваюць і экспарт. На сённяшні дзень Нясвіжскі завод медпрэпаратаў унесены ў спіс прадпрыемстваў, якія падлягаюць мадэрнізацыі. На ім створана новае прадпрыемства па выпуску медыцынскіх прэпаратаў ТАА «Ніка Фармацэўтыка», адным з заснавальнікаў якога з»яўляецца англійская фармацэўтычная кампанія.

У гэтым жа накірунку добра працуе СП ТАА «Фармлэнд», сумеснае беларуска-галандскае прадпрыемства. Яно таксама пачало выпускаць 7 новых відаў прадукцыі.

Вялікая мадэрнізацыя ідзе зараз у ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Тут пераходзяць з перапрацоўкі 8000 тон цукровых буракоў на 12000 тон у суткі. Паспяхова працуе таксама ТАА «Вуддорсэкспарт». Гэтыя прадпрыемствы за 6 месяцаў бягучага года рэалізавалі сваёй прадукцыі на 75,6 мільёна долараў, з якіх львіная доля — больш за 60 мільёнаў — належыць Гарадзейскаму цукроваму камбінату.

На сённяшні дзень Нясвіжскі раён і ў сельскагаспадарчай вытворчасці таксама адзін з лідараў. На 22,6 тыс. га вырасцілі 134 тыс. тон збожжавых пры сярэдняй ураджайнасці 60,1 ц/га. Хаця, у сувязі з умовамі надвор»я, гэта менш, чым летась, аднак гэта адзін з лепшых паказчыкаў у рэспубліцы. Лідар па ўраджайнасці — ААТ «Новае жыццё».

Выдатна развіта ў нас і жывёлагадоўля. Шчыльнасць буйной рагатай жывёлы ў нашым раёне — самая высокая ў рэспубліцы.

За апошнія 5 гадоў рэканструявана і пабудавана 17 новых ферм з сучасным даільным абсталяваннем, з якіх 7 — робатызаваныя.

Яшчэ адна нагода для заслужанага гонару за нашу малую радзіму — будаўнічая галіна раёна, якая, нягледзячы на ўсе цяжкасці, цалкам захавала і нават памножыла свой патэнцыял. Акрамя дзяржаўных будаўнічых арганізацый, такіх, як ПМК-218, ПМК-23, у раёне паспяхова працуюць і прыватныя — ААТ «ПМК-217», дзе няма долі дзяржавы, ТАА «Кулеш-Будкам», ЗАТ «Салігар», ТАА «БелМолд». Апошняе, дарэчы, па выніках 7 месяцаў выканала будаўнічых работ на 29 млрд. руб.

Больш за ўсіх у вобласці будуецца ў нас і для вёскі. Калі наша задача пабудаваць 48 катэджаў на вёсцы, то, напрыклад, у Мінскім раёне — 38, у Салігорскім — 30, у астатніх — яшчэ меней. Тая ж карціна і па квадратных метрах жылля. Сёлета мы павінны пабудаваць 26 тысяч кв.м жылля, нашы суседзі — кляччане — 10 тысяч, капыляне — 7 тысяч кв.м.

Так, у верасні будзе здадзены ў эксплуатацыю 76-кватэрны ЖБВК «Першамайскі», 18-кватэрны дом для работнікаў агракамбіната «Сноў», катэджы, што па выніках ІІІ квартала дазволіць выйсці на 22 тыс. кв.м жылля. Да канца года павінен увайсці ў эксплуатацыю 40-кватэрны дом для дзяцей-сірот у Нясвіжы, 40-кватэрны дом ЖБК у Гарадзеі, 32-кватэрны жылы дом ЖБК для медыцынскіх работнікаў ЦРБ і Сноўскага шпіталю.

У будучым годзе плануецца пабудаваць 57 катэджаў на вёсцы, 12-кватэрны дом ЖБК для работнікаў музея-запаведніка «Нясвіж» і пачаць новую праграму — будаўніцтва па дзяржзаказе.

М.В. Афанасік адзначыў таксама высокую арганізацыю работы ў сферы культуры раёна, а таксама фізкультуры і спорту.

З паведамленнем аб стане спраў у медыцынскай сферы перад прысутнымі выступіў намеснік галоўнага ўрача Нясвіжскай ЦРБ Б.М. Харахорын. Ён адзначыў, што ў апошні час бальніца атрымала ўнікальнейшае эндаскапічнае абсталяванне для даследавання лёгкіх, страўніка і кішэчніка чалавека, што дазволіць ставіць дыягназы з высокай дакладнасцю, а значыць, і з правільным лячэннем.

Ёсць дамовы з Міністэрствам аховы здароўя аб тым, што да гэтай апаратуры нясвіжскія медыкі атрымаюць і абсталяванне для амбулаторнага лячэння, напрыклад,той жа язвавай хваробы страўніка, паліпаў і г.д.

Неаспрэчныя і поспехі ў лячэнні язвы страўніка. Яшчэ 15-20 гадоў таму такое частае ўскладненне гэтай хваробы, як кровацячэнне, заканчвалася рэзекцыяй страўніка. Цяпер жа праводзіцца кліпіраванне кроватачывага сасуда і затым звычайнае лячэнне язвы. Калі ў 1995-2000 гадах у нас выконвалася 35-37 рэзекцый страўніка, то зараз — усяго 2-3 такія аперацыі ў год.

Распрацоўваюцца і новыя высокатэхналагічныя ўмяшальніцтвы ў хірургіі, уралогіі і гінекалогіі, якія дазваляюць выпісваць пацыента на амбулаторнае лячэнне ўжо на 4-5 дзень пасля аперацыі.

На базе Нясвіжскай ЦРБ і Гара-дзейскай гарадской бальніцы працуюць добра аснашчаныя аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі, прычым на базе апошняй — міжраённае.

Б.М. Харахорын таксама адзначыў, што вельмі добрыя вынікі дасягнуты ў прафілактыцы інфекцыйных захворванняў. Аб гэтым сведчыць той факт, што ў апошнія гады ў раёне не зафіксавана ніводнага выпадку смерці ад такіх захворванняў. Разам з тым існуюць і пэўныя аб»ектыўныя цяжкасці. Так, Нясвіж-ская ЦРБ была пабудавана ў 1973 годзе і сёлета адзначае сваё 40-годдзе. Сёння паліклініка, асабліва па вузкіх спецыялістах, ледзьве спраўляецца з нагрузкамі, якія на яе ўскладзены. Стацыянары бальніцы (усяго іх 7) патрабуюць рэканструкцыі, і яна ўжо ідзе. Пачалося і будаўніцтва новага радзільнага аддзялення разам з жаночай кансультацыяй, што павінна стаць добрай падмогай у вырашэнні дэмаграфічнай праблемы. Там плануецца наладзіць спецыяльную падрыхтоўку жанчыны да цяжарнасці і родаў так, каб яна яшчэ да цяжарнасці праходзіла ўсе неабходныя даследаванні, своечасова вырашала праблемы са здароўем згодна з прынцыпам «здаровая маці — здаровае дзіця» і псіхалагічна настройвалася на нармальныя, фізіялагічныя роды. Падрыхтавана і праектна-каштарысная дакументацыя для будаўніцтва новага міжраённага аддзялення пералівання крыві, якое пачнецца ў наступным годзе.

— Можна шмат гаварыць па кожным аддзяленні, — адзначыў Б.М. Харахорын, — але адны з самых лепшых у нас — гэта, як вядома, хірургіч-нае і ўралагічнае. На самым высокім узроўні працуюць таксама рэанімацыйна-анэстэзіялагічная служба, служба крыві, якая гарантуе ўсім пацыентам бяспеку пераліванняў крыві і яе кампанентаў, клініка-дыягнастычная лабараторыя, ультрагукавая і эндаскапічная дыягностыкі.

Аб стане спраў у сферы аховы правапарадку ў нашым раёне расказаў намеснік начальніка Нясвіжскага РАУС падпалкоўнік міліцыі І.М. Шчасны. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што самым распаўсю-джаным відам злачынстваў у нашым раёне з»яўляюцца крадзяжы з жылля грамадзян, якія ўчыняюць беспрацоўныя і раней судзімыя асобы, што не жадаюць працаваць. І.М. Шчасны таксама асобна спыніўся на праблеме п»янства і неабходнасці ўсеагульнай барацьбы з самагонаварэннем. Аб актуальнасці гэтай праблемы сведчыць той факт, што сёлета за 8 месяцаў былі затрыманы ў нецвярозым стане 860 чалавек, у мінулым годзе — 650.

Вырасла і колькасць ДТЗ — 26 супраць 13 у 2012-м.

У сувязі з гэтым І.М. Шчасны заклікаў прысутных быць уважлівымі на дарогах і нагадаў, што ў кастрычніку ўступіць у дзеянне закон аб канфіскацыі транспартных сродкаў у тых, хто затрыманы ў нецвярозым стане за рулём паўторна. Калі кіроўца затрыманы ўпершыню, ён пазбавіцца толькі правоў і, вядома ж, круглай сумы грошай на штраф. Калі гэтага яму будзе мала і ён ізноў сядзе нецвярозы за руль, то пазбавіцца і машыны. Да таго ж, на яго будзе заве-дзена крымінальная справа.

І.М. Шчасны таксама расказаў аб зменах у адміністрацыйных пакараннях за сямейна-бытавыя канфлікты і заклікаў прысутных своечасова паведамляць у міліцыю аб яўных парушэннях закона, таму што спакой і парадак існуюць там, дзе насельніцтва і органы аховы ідуць, як кажуць, у адной звязцы.

— Трэба памятаць пра адказнасць за несапраўдны выклік міліцыі, але і нельга праходзіць міма, калі на вашых вачах парушаюць закон, — заклікаў прысутных І.М. Шчасны.

Аб новым у сваёй рабоце расказала загадчык аддзела ЗАГС райвыканкама Р.І. Праневіч. Яна адзначыла, што з ліпеня мінулага года, калі заканадаўства дазволіла тым, хто ўступае ў шлюб, карыстацца паслугамі любога ЗАГСа на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, наплыў маладажонаў у Нясвіж намнога павялічыўся. Да нас едуць з Мінска, Баранавіч, Стоўбцаў, Клецка і г.д. Таму са 132 шлюбаў ад пачатку года як мінімум палавіна — шлюбы жыхароў іншых раёнаў.

Р.І. Праневіч таксама расказала аб стварэнні адзінага рэгістра насельніцтва Рэспублікі Беларусь і нагадала аб тым, што з 1 студзеня гэтага года ЗАГС, а не суд, здзяйсняе і разводы тых пар, дзе абодва чалавекі згодны на развод, не маюць непаўналетніх дзяцей і не вядуць спрэчак аб маёмасці.

Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама таксама адказалі на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.

Так, людзей цікавіла наяўнасць маладых урачоў у раённай бальніцы. На гэта намеснік галоўнага ўрача Нясвіжскай ЦРБ Б.М. Харахорын адказаў, што сёлета ў бальніцу прыйшлі 5 урачоў — маладых спецыялістаў, у мінулым годзе — 4. Улічваючы, што ў Нясвіжы, як было сказана вышэй, будуецца жыллё для медыкаў, у іх ёсць усе шанцы затрымацца тут.

Чуткі аб магчымым скарачэнні рабочых месцаў у Нясвіжы з-за за-крыцця малочнага завода развеяў намеснік старшыні райвыканкама М.В. Афанасік. Ён патлумачыў, што замест аднаго старога малочнага завода ў нас з»явяцца 2 новыя. Так, на ўскрайку Нясвіжа ў раёне вытворчай базы Нясвіжскага УМГ бу- дзе пабудаваны завод дзіцячага харчавання з выкарыстаннем імпарт- ных тэхналогій, на якім адкрыецца 125 рабочых месцаў. Другі завод размесціцца недалёка ад Нясвіжа, у вёсцы Стрыхараўшчына. Гэта ўсё дазволіць не толькі не скараціць, але і павялічыць колькасць рабочых месцаў.

Многіх несвіжан, жыхароў Новага месца, цікавіла пытанне аб правядзенні цэнтральнай каналізацыі ў іх мікрараёне. Такое пытанне таксама прагучала на сустрэчы. На гэта М.В. Афанасік адказаў, што ў раённай праграме на 2010-2015 гады «Чыстая вада» было запісана, што ў мікрараёне Новае месца трэба зрабіць дадатковыя каналізацыйныя станцыі і пабудаваць новы калектар. Але Саветам Міністраў было прынята рашэнне, што гэта праграма бу-дзе дзейнічаць у межах сельскіх населеных пунктаў і аграгарадкоў, таму ўсе сродкі былі накіраваны туды. Аднак праблема Новага месца не забытая.

У гэтым годзе запраектавана рэканструкцыя станцыі абезжалезвання вады і ўжо знаходзіцца на экспертызе праектная дакументацыя па будаўніцтве новага калектара ў пасёлку цукровага камбіната.

— Пасля рашэння праблемы з Гарадзеяй мы возьмемся за рашэнне праблемы Новага месца, — сказаў Міхаіл Вікенцьевіч.

Вычарпальныя адказы былі да-дзены і на іншыя пытанні прадстаўнікоў працоўнага калектыву. Заўважна, што людзі разумеюць: не ўсе праблемы могуць быць вырашаны неадкладна. Некаторыя патрабуюць працяглага часу і значных фінансавых выдаткаў. Галоўнае — давер людзей да ўлады і ўпэўненасць, што ўсе іх пытанні з цягам часу будуць вырашаны.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.