Восень — работ восем

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Цукровыя буракі ў ААТ  “Новае жыццё”  займалі 350 гектараў. Ужо 10 дзён  працягваецца іх уборка.

– Што даюць гаспадарцы такія раннія тэрміны? – пацікавіліся  мы ў галоўнага агранома  таварыства Міхаіла Канановіча.

– Як кажуць,  раней пачнеш – раней закончыш. Хто ведае, калі  замаразкі пачнуцца – а ў нас буракі ўжо  будуць убраны, – гаворыць Міхаіл Міхайлавіч. – Ды й на буракапрыёмным  пункце цяпер  няма чаргі, вадзіцелі  робяць туды з гаспадаркі па тры  рэйсы ў дзень. І мы нічога не  губляем пры ранніх тэрмінах здачы карэння – цукровы камбінат робіць за гэта даплату.

Убірае “салодкі” корань вопытны механізатар  Дзмітрый Юрашчык на камбайне “Кляйнэ”. Дзённая выпрацоўка яго пры добрым раскладзе дасягае 10-12 гектараў. Убрана ўжо 55 га. Дзмітрый Вячаслававіч – механізатар вопытны, добрасумленны. Механізатарам працуе 20 гадоў. Водзіць “Кляйнэ” шосты сезон. Дагэтуль працаваў на камбайне КЗР з прыстаўкай КСН-6. За ім замацаваны таксама трактар МТЗ-3022, на якім косіць траву, выконвае іншыя работы.

Пакуль ён працуе ў адну змену. Дзесьці з 20 верасня  плануюць даць зменшчыка – ім стане механізатар Сяргей Абрамовіч.

На адвозцы каранёў ад камбайна  занята 7 МАЗаў гаспадаркі, 5 КамАЗаў прыватніка.

З гаспадарак раёна, дзе цукровыя буракі пачалі  ўбіраць у раннія тэрміны, у ААТ “Новае жыццё” – самая высокая ўраджайнасць (700  ц/га).  А на першых гектарах,  калі толькі пачыналі  копку, было і па 660, і па 731 ц/га.

– За кошт чаго  атрыманы такі высокі выхад каранёў з гектара?

Міхаіл Канановіч адказвае:

– За кошт строгага захавання  тэхналогіі вырошчвання гэтай  культуры. Абавязкова з восені –  поўная падрыхтоўка палёў пад буракі.  Папярэднікамі звычайна з”яўляюцца  азімыя пшаніца ці трыцікале.  Праз два тыдні  пасля іх уборкі, як  прарасце пустазелле, уносім  гліфасат, каб яго знішчыць. Уносім пад патрэбнасць фосфар і  калій, арганічныя ўгнаенні (па 60 тон на гектар), а калі кампост давалі пад папярэднік, то на тым полі  дастаткова рассеяць мінеральныя тукі.  Каб глеба атрымлівала  неабходныя ёй элементы для харчавання  раслін, строга, раз у чатыры  гады, праводзім яе  аграхіманаліз і працуем на палях згодна  з ім.

На ворыве глебы заўсёды стараюцца  механізатары Юрый Ханцэвіч і Віктар Буйко. А вясной  сяўбу на  кам-бінаванай сеялцы “Монасем”  пастаянна вядзе  наш перадавік, вопытны і  сумленны спецыяліст Іван  Антановіч. Засявае ўсе 350 гектараў. Хімічную праполку  пасеваў робяць механізатары Мікалай Грудзіна і Міхаіл  Гукала.

Якое семя – такое і племя.  Гэта – аксіёма, абмеркаванню і  сумненню не падлягае. Вось і ў  “Новым жыцці”  паклапаціліся, каб  насенне было выдатным.

– На семінары па вырошчванні цукровых буракоў, які праходзіў  у СВК “Агракамбінат Сноў”, нам рэкамендавалі сорт  “лаціфа” нямецкай фірмы КВС – для ранніх тэрмінаў уборкі і высокай  цукрыстасці, – працягвае  свой аповед галоўны тэхнолаг  зямлі. – Мы так і зрабілі. І сорт гэты  нас не расчараваў. І ўраджай  каранёў добры, і цукрыстасць – калі пачыналі ўборку, была 16,5 працэнта, а цяпер  паднялася да 17,08. Добрыя параметры таксама сартоў фірмы  “Сенгента”, спрабуем укараняць  сарты фірмы “Штрубэ”.

Уборка буракоў  – гэта адзін  від восеньскіх палявых работ. А колькі яшчэ іншых вядзецца! Поўным ходам  механізатары ўбіраюць кукурузу  на сілас. Іван Антановіч на “Нью Холандзе” рыхтуе за дзень у  сярэднім 800-900 тон масы, якую адвозяць 8-9 трактароў з ПІМамі.  Каля малочнатаварнага комплексу  “Жанкавічы” дзве сіласныя траншэі  закрылі, пачалі запаўняць трэцюю.

Адначасова аграном адсочвае, як паспяваюць пачаткі кукурузы на тых участках, дзе яе будуць убіраць на зерне. Час у клопатах ляціць хутка, глядзіш – і трэба будзе туды выводзіць камбайн на ўборку.

На 30 гектараў павялічыўся цяпер у “Новым жыцці”  азімы клін – збожжавых  трэба пасеяць 1080 гектараў. Гэтым займаюцца механізатары  Віктар Буйко, Юрый Ханцэвіч і Фёдар Кандрацюк. Працуюць з 7 гадзін раніцы да 20.30 вечара. В. Буйко сеялкай “Турба Дрыл” засявае за змену 40-50 га, Ю. Ханцэвіч – 30-40 га.

Высокай прадукцыйнасці працы садзейнічае і арганізацыя  спаборніцтва  механізатараў, і стварэнне для іх  належных бытавых умоў: абед і вячэра, якія прывозяць  работнікам у поле, – смачныя і каларыйныя. А як добра гатуюць у  Аношкаўскай сталовай, шмат  расказваць няма неабходнасці, пра гэта даўно вядома.  Загадчыца гэтай сталовай  райспажыўтаварыства, адменны повар Галіна Дзейка і яе памочніцы Алена Калядзіч і Валянціна Мазан справу сваю  ведаюць дасканала, гатуюць  з душой, па-дамашняму, каб працавалася механізатарам  весялей, каб доўгі дзень  за рулём не здаваўся такім цяжкім. А работа ў іх,  як ні кажы, – напружаная.

Адначасова вяскоўцы ўбіраюць у гэтыя дні бульбу на прысядзібных участках. Гаспадарка  выдзеліла для гэтага  пяць бульбакапалак. Значны аб”ём  работы выконваюць і прыватныя  трактары.

Усе аб”яднаны агульнай мэтай – своечасова і без  страт убраць вырашчаны ўраджай, закласці надзейны  падмурак новаму.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.