Нецэнзурныя словы — мова вайны?

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У нашым вірліва-імклівым  свеце многае перавярнулася. Тое, што яшчэ ўчора было дрэнным,  што баяліся агучваць, асабліва пры дзецях, сёння стала чамусьці модным, пераймальным. Нярэдка нават   здаецца, што  чалавецтва мэтанакіравана і асэнсавана коціцца ў бездань, самаруч капаючы сабе могілкі. Больш таго, многія на планеце Зямля ну проста перакананы, што найбольш прыгожа, сакавіта і вобразна мацюкаюцца на прасторах былога СССР. (Хоць у нечым мы можам паказваць прыклад!) Дайшло да таго, што нямецкі мовазнаўца Ханс-Марцін Гаўгер проста апантаны рускім матам, усяляк смакуючы яго шматлікія значэнні і адценні,  называючы пры гэтым  брыдкасловаў сапраўднымі паэтамі, стваральнікамі вышэйшай ступені чалавечай мовы… Як кажуць, прыехалі!..

Калі мы звернемся да гісторыі, то ўжо рускія   крыніцы Сярэднявечча  ўтрымліваюць 67 тапанімічных назваў і цэлую «паўнаводную» плынь асабістых імён мацернага паходжання.    Ды і  сёння, у ХХІ стагоддзі, замежнікі менавіта  па гэтым нялюдскім  слоўкам могуць лёгка  вызначыць нацыянальнасць  нашага турыста, які прыязджае ў іх краіну.

Мяне, наадварот, заўсёды зачароўваюць людзі, якія цудоўна, нягледзячы на ўсялякія стрэсы, дэпрэсіі і гвалты, могуць свабодна абыходзіцца без мата.  І я перакананы, што негатыў вакол нас ствараюць перш за ўсё мацюгальшчыкі.  Лічу, што мастак, тым больш пісьменнік, пачынае гаварыць матам, калі іншым чынам не можа прывабіць увагу  прысутных да сваёй творчасці… Пісьменнік павінен клапаціцца пра нацыянальнае прыгожае пісьменства, а не забруджваць творы розным слоўным смеццем…

Успамінаецца маленства, калі я ўпершыню прачытаў на загароджы пахабнае слова і спытаў пра яго значэнне ў бабулі Таццяны. Яна, як сапраўдная захавальніца спрадвечнай народнай культуры, маралі,  адразу сказала, што такія словы пішуць і гавораць толькі паганыя людзі, душы ў якіх чорныя і хворыя.  І вельмі дрэнна, што ў сучасных сем»ях нашы дзеткі часта замест прачытаных  бацькамі казак  чуюць адборныя мацюкі з іх вуснаў.  Як кажуць, усмоктваюць з малаком маці…

Прайшло ўжо шмат дзесяці-годдзяў пасля таго бабулінага ўрока. Але і сёння я перакананы, што мудрасць майго народа — бессмяротная, а нялюд-ская мова — гэта справа нявыхаваных людзей, мярзотнікаў і паскуднікаў.  Паверце: які чалавек на словах, такі часта і ў справе!

Мат — гэта мова вайны, агрэсіі, недружалюбнасці.  Мат — гэта мова і  некампетэнтных спецыялістаў, якія проста нярэдка не ведаюць, як правільна называецца тая ці іншая рэч.

Нецэнзурная лексіка стварае цэлую сістэму прыніжэнняў, якая ўжо трывала ўрасла ў субкультуру арміі, унутраных сіл, нашага быту і, як іржа, дзень за днём раз»ядае нашы душы. Разбурае прыгажосць нашых сэрцаў,  выкрэслівае з нас добрыя эмоцыі і парывы.

Сучасныя вучоныя-філолагі выдзяляюць 27 функцый мацернай лексікі, сярод якіх  і зніжэнне сацыяльнага і маральнага  партрэта адрасата і … нават перадача апанента ва ўладу злых сіл…  Я ўжо даўно перакананы, што забіць чалавека можна словам, а мацерным словам — можна забіваць доўга,  па-вар»яцку, балюча і з доўгімі пакутамі. Па даных тых жа вучоных, чалавек  ужывае нецэнзурныя выразы ў сярэднім 230000 раз на працягу жыцця.  Уявіце: колькі забойцаў сярод нас!

Як педагог я перакананы, што страшныя нават не гэтыя словы самі па сабе, а тая  страсна-са-дзісцкая эмоцыя, з якой яны прамаўляюцца.  І, дарэчы, гэтыя «піп-піп» на ТВ — гэта не барацьба з матам, а сведчанне таго, што грамадства смяротна хворае на духоўнасць. На сапраў-дную культуру. Толькі той чалавек, які не чытае кніг, не чытае прыгожых вершаў, можа лічыць мат паэзіяй…

Згодна з  праведзеным  мной апытаннем, 80 працэнтаў беларусаў негатыўна ставяцца да мацяршчыны ў публічных выступленнях зорак шоў-бізнэсу, у праграмах і матэрыялах, разлічаных на масавую аўдыторыю, лічачы ўжыванне такіх выразаў недапусцімай  праявай разбэшчанасці і амаральнасці. 13 працэнтаў апытаных дапускаюць ужыванне мата ў тых выпадках, калі ён выкарыстоўваецца ў якасці мастацкага сродку. 3 працэнты лічаць, што, калі мат часта ўжываецца ў зносінах паміж людзьмі, то спробы забараніць яго на эстрадзе, у кіно, на тэлебачанні — гэта двурушша, прытворства, падман саміх сябе.  7 працэнтаў суайчыннікаў  з дапамогай мата змагаюцца са стрэсам. 5 працэнтаў выкарыстоўваюць мат для хутчэйшага ўзаемапаразумення — гэта характэрна асабліва для  моладзевага асяродку.  29 працэнтаў апытаных пераконвалі мяне, што  ніколі не ўжываюць у сваёй мове нецэнзурных выразаў. Але, дарэчы, толькі  1 працэнт апытаных заявіў, што мацярыцца можна штодзённа, штохвілінна, у любых жыццёвых сітуацыях.  Апошняя малая колькасць  усё ж такі не можа не радаваць: падставы для аптымізму не страчаны!

Давайце ўсё ж вучыцца абыходзіцца без мата ў нашым жыцці. Глядзіш, тады і пахабнікаў, мярзотнікаў вакол нас стане значна менш. Тады і пахабных слоў на загароджах стане менш.  А душы нашы, не зачмураныя пахабствам, адкрыюцца для дабрыні, спагады, сардэчнасці, неабыякавасці…

Канстанцін КАРНЯЛЮК, г. Віцебск


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.