Санаторскія нататкі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

БЕЛАЯ  ВЕЖА

Знаёмая ўсім беларусам назва, і не толькі ад славутай пушчы. Ёсць у г.Камянцы Брэсцкай вобласці высокая вежа, якую назвалі Белай, хаця зроблена яна з чырвонай цэглы. Магчыма, у сівую даўніну помнік старарускага абарончага дойлідства і быў белым. Спраектаваны ён у 13-м стагоддзі Алексам, паводле загаду князя Уладзіміра Васількавіча як фарпост заходняй граніцы Расіі. У 1903 годзе вежа рэстаўрыравана. З 1960 г. там размяшчаецца філіял Брэсц-кага абласнога краязнаўчага музея, і сюды часта наведваюцца экскурсанты.

Санаторый «Белая вежа» (дзе я адпачывала) размешчаны за 40 кіламетраў ад Брэста і 7 — ад Камянца, у акружэнні змешанага лесу. Раней тут была вайсковая часць сувязістаў, потым яе закрылі і перабудавалі пад санаторый.

У холах яго прыгожа — дываны, шмат кветак і карцін, мяккія скураныя канапы стаяць у калідорах лячэбных корпусаў і ля нумароў.

На незашклёныя балконы прылятаюць сінічкі з мэтай пажывіцца чым-небудзь, асабліва ім даспадобы сала — некаторыя адпачываючыя яго бралі з сабой. А ў цэлым ля санаторыя прыемная цішыня, не чуваць машын, якія «дасталі» ўсіх у горадзе.

Адна расіянка, што купляла ў паштовым аддзяленні санаторыя ручнікі і майку з нашым нацыянальным арнаментам, даволі цёпла адазвалася пра гэты куток Беларусі:

— Я зачаравана вашай  краінай, Белавежскай пушчай, падабаецца ў санаторыі і лячэнне, і абстаноўка.

Кожны дзень мы прагульваліся ў гэтым маляўнічым месцы, дзе лёгка дыхаецца і можна ўбачыць шмат цікавага.

Вакол корпусаў растуць зялёныя туі: адны высокія і тонкія, другія — круглыя і нізкія, як шары. Пабудовы абступае лес, які залатым лісцем  усцілае дол, а пазней замарожаныя кроплі дажджу, што вісяць на дрэвах, не паспеўшы даляцець да зямлі, ператвараюцца ў блішчастыя, маленькія дыяменты.

БРЭСЦКАЯ КРЭПАСЦЬ

Пра гераічны фарпост заходняй граніцы рэспублікі варта сказаць асобна. Я ездзіла туды на экскурсію і была ўражана велічнасцю манументаў «Смага» і «Абарона». Тэрыторыя крэпасці даволі вялікая, складае 4 квадратныя кіламетры. У 30-40-х гадах дзевятнаццатага стагоддзя на месцы старога Брэста былі ўтвораны чатыры астраўныя ўмацаванні. Цытадэль уяўляла сабой самкнёную абарончую двух»ярусную казарму з 500 казематамі даўжынёй каля двух кіламетраў і 4 варотамі: Цярэспальскімі (з канатным мостам цераз Буг), Холмскімі ( з пад»ёмным мостам цераз Мухавец), Беластоцкімі і Брэсцкімі. У верасні 1939 года пры нападзенні гітлераўскай Германіі на Польшчу частка цытадэлі была разбурана, будынкі Белага палаца і інжынернага ўпраўлення пашкоджаны. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны Брэсцкая крэпасць не мела ранейшага значэння і выкарыстоўвалася для размяшчэння войск Чырвонай Арміі. 22 чэрвеня 1941 года яны прынялі на сябе першы ўдар фашыстаў.

У музеі крэпасці адлюстравана ў фотаздымках і экспанатах уся яе гісторыя, перадваенны быт гарнізона, сем»яў ваенных, знаходзяцца патэфон, вялікі адрыўны каляндар, мэбля, форма салдат і афіцэраў. Тут захоўваецца знойдзены пасля вайны сімвалічны ключ ад крэпасці, уручаны ў 1842 годзе, а таксама сцяг святога Георгія. У вітрыне змешчаны аўтаматы і вінтоўкі, з якімі змагаліся супраць ворагаў абаронцы крэпасці. На пастаменце стаіць і знака-міты кулямёт «максім». Ёсць здымкі маёра П.М.Гаўрылава, мужнага афіцэра, які асабістым прыкладам падтрымліваў воінаў гарнізона. Пазней яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза, ён стаў ганаровым грамадзянінам г.Брэста.

На Холмскіх варотах зроблены надпіс пра яшчэ аднаго змагара: камісара Я.М.Фаміна, якога фашысты расстралялі за ўпартае супраціўленне 30 чэрвеня 1941 года.

Ля велічнага манумента ў цэнтры двара крэпасці гарыць Вечны агонь, да якога нашы экскурсанты ўсклалі жывыя кветкі. Побач — пліты з надпісамі  гарадоў-герояў: Адэсы, Керчы, Новарасійска, Мінска і іншых. Пад плітамі захаваны капсулы з зямлёй тых месц, апаленых вайной і авеяных славай савецкіх воінаў.

Ідуць і едуць у музей-крэпасць беларусы, расіяне, украінцы, палякі, каб ушанаваць памяць мужных абаронцаў, якія сілай волі і цаной жыцця трымалі ворага два тыдні на заходняй граніцы былога Саюза. Іх подзвіг бессмяротны, а слава —  неўміручая, аб чым сведчыць і кніга С.С.Смірнова «Брэсцкая крэпасць», якая змешчана ў музеі.

Каля галоўнага ўваходу ў гераічную цытадэль людзей сустракае выява пяціканцовай зоркі, гучаць дыктарскі тэкст і музыка, што нагадвае аб тых незабыўных днях барацьбы.

РАЗАМ

Санаторый «Белая вежа» прызначаны для інвалідаў і ветэранаў працы. Калі апошнія больш аптымістычныя, то пра першых такое скажаш не заўсёды. Але, варта аддаць ім належнае, прысутнасці духу не трацяць і паводзяць сябе так, як і ўсе. Для інвалідаў у санаторыі ўсюды пандусы, іх засяляюць на першых паверхах. Яны ходзяць (з суправаджаючымі) на працэдуры, у сталовую, на танцы. У нашым заездзе былі чатыры чалавекі з абмежаванымі магчымасцямі, але з тымі ж якасцямі, што ўласцівыя кожнаму з нас. І смяюцца, і любяць музыку і танцы. Асабліва вызначаўся 38-гадовы Славік, які кожны вечар хадзіў на танцы. У яго — сіндром Дауна, гаворыць ён мала і з цяжкасцю. Але танцуе выдатна,  у яго добры музычны слых. Дарэчы,  усе адносіліся да нашых інвалідаў добра, без усякіх там незадаволенасцяў ці пагарды. Праўда, знайшлася адна «фіфачка», якая на запрашэнне Славіка адштурхнула яго. Ён сеў і заплакаў, другая жанчына падышла і пачала суцяшаць. Астатнія асудзілі «ганаровую»,  бессардэчную кабету.

Былі яшчэ ў нас два хлопцы, адзін з цэрэбральным паралічом, хадзіў з мыліцамі. Прыгожыя, паглядзіш на іх — і душа забаліць. Чаму так? Як сказала маці аднаго з іх, «каб мы бачылі, шкадавалі, бераглі, мелі добрыя сэрцы». Магчыма, і так, хто ведае. Мы запрашалі хлопцаў у танцавальнае кола, і яны ахвотна далучаліся. Як у іх атрымлівалася, няважна, але яны танцавалі.

У сталовай я заўважыла неяк маладую дзяўчыну ў інваліднай калясцы. Яе тварам, светлым і чыстым, залюбаваўся б мастак, пшанічныя, светлыя валасы здаваліся мяккімі і пушыстымі. Прыгажосць, адным словам!

ЛЯЧЭННЕ

Папулярнасцю ў санаторыі карысталіся ванны з рознымі дабаўкамі. Напрыклад, пустырнікавыя: у ваду насыпаецца соль, абагачаная высушанай да парашку травой. Робіцца гэта дабаўка ў Салігорску. Так званыя жамчужныя ванны да каштоўных ракавін дачынення не маюць, проста дабаўляецца нейкае пахучае рэчыва. Ёсць і серавадародныя, хвойныя, віхравыя. Цікавыя сухія вуглякіслыя ванны, якія куплялі многія адпачываючыя. Пацыент без адзення садзіцца ў скрынку, а галава наверсе. Ну, як тут не ўспомніць знакаміты раман А.Бяляева «Галава прафесара Доуэля». А працэдура насычае арганізм карыснымі рэчывамі, паляпшае кровазварот і г.д.

Жадаючыя маглі атрымаць падводны душ-масаж, цыркулярны і душ Шарко, басейн, лазню і сауну, электра- і святлолячэнне, інгаляцыю, парафін з азакерытам, магнітатэрапію… Словам, падмацаваць здароўе можна, варта рэгулярна хадзіць на прызначаныя працэдуры і не браць лішніх. Апошнія могуць і нашкодзіць у чым-небудзь. Мне асабіста спадабаліся сеансы псіхатэрапіі: дрэмлеш у мяккім крэсле пад ціхую, цудоўную музыку, а на экране — вадапад на горнай рэчцы, мора, поле з кветкамі. Рэлаксацыю атрымліваеш цудоўную, выходзіш з кабінета  расслабленай, у галаве так лёгка…

У санаторыі за ўмераную плату можна абследаваць ультрагукам сэрца, заняцца лячэбнай фізкультурай. Да паслуг аматараў спорту — настольны тэніс, більярд, веласіпеды, лыжы. Ёсць і камп»ютарная зала. А калі дамы жадаюць палепшыць сваю знешнасць, ім прапануецца гігіенічная чыстка твару, глыбокае ўвільгатненне, паверхневы пілінг, себумрэгуляцыя, разгладжванне маршчын і экспрэс-догляд.

ЛЮДЗІ-ЧАЛАВЕКІ

Тэрыторыя вакол санаторыя агароджана, але варотцы адчынены для прагулак па лесе. Аднойчы іх замкнулі, потым пайшлі чуткі, што недзе блізка бегаюць ваўкі і лісы. Але знайшоўся чалавек, які не пабаяўся чутак  і пранік цераз агароджу абходным шляхам. А потым вярнуцца назад аказалася складана. Нагледзеў ён у адным месцы нізкую агароджу, закінуў адну нагу, каб пераступіць, а другая — не хоча. Вісіць на жалезе тым, а побач стаяць мужчыны і жанчыны і назіраюць, як небарака пакутуе. Толькі адна жанчына падышла і гукнула:»Дапамажыце ж яму!» Ніхто не варухнуўся, назіралі, ці выкруціцца мужык. Той павісеў-пасядзеў на агароджы, сабраўся з сіламі і пераставіў-такі  другую нагу. Усё,  на тэрыторыі санаторыя! Як сказалі нам пазней, ніякіх ліс і ваўкоў не было, аказваецца, закрывалі вароты ад набегаў аматараў украсці санаторскія  кветкі і дэкаратыўныя кусцікі. Вось да чаго даходзяць некаторыя ў сваёй хцівасці…

Дарэчы, людскія паводзіны і характары  такія розныя, што псіхолагу можна пісаць дысертацыю, варта толькі паназіраць. Вось сядзяць ля кабінета ўрача пацыенты, першасны прыём. Натуральна, тэрапеўт распытвае ўсё, слухае і г.д. Чалавек выходзіць з кабінета, а жанчына ў чарзе накідваецца: «Чаго так доўга сядзелі?» Той адказвае: «Урач пыталася, я адказваў. А Вы куды спяшаецеся?» Сапраўды, куды можна спяшацца, будучы ў адпачынку.

У санаторыі адначасова лячылася 196 чалавек, з іх 113 расіян, якія жывуць у асобным корпусе. Нумары ў іх камфартабельныя, двухмесныя, плацяць яны больш, чым мы, але ненамнога.

Людзей заўсёды адрозніваюць адносіны да жыцця і акружаючых абставін. Вось адна мінчанка, Людміла, расказала пра сваё нялёгкае жыццё. Складанасць яго даволі банальная: трапіўся дрэнны муж, у якога на першым плане быў ён сам, потым рэўнасць, спіртное, рукапрыкладства. Жонка цярпела, колькі магла. Калі чаша перапоўнілася, Люд-міла развялася, з двума дзецьмі выжывала. Знайшла магчымасць падпрацоўкі (у свой час закончыла полі-тэхнічны інстытут) і многія веды выкарыстоўвала для папаўнення сямейнага бюджэту. А яшчэ навучылася складаць арыгінальныя букеты, шыць і перашываць адзенне, каб было  танна і прыгожа. Пры ўсім тым сёння гэта жанчына поўная энергіі, вясёлая, ніколі не падае духам. Міжволі прыходзіць думка, што на такіх жанчынах трымаецца свет.

КУЛЬТУРНЫ АДПАЧЫНАК

Ён у санаторыі наладжаны ўвогуле нядрэнна, а папулярнасцю карыстаюцца танцы. Колькі б гадоў чалавеку ні было, а да музыкі і танцавальных рытмаў нераўнадушныя амаль усе. Таму а 20-й гадзіне вечара падцягваюцца ў залу кабеты і мужчыны, каб паказаць майстэрства ў вальсе, падэспане ці кракавяку. Праўда, апошнія танцы далёка не ўсе маглі адолець, дык на ўмельцаў глядзелі з павагай. Уласна кажучы, чаму б у вольны час не патанцаваць, асабліва, калі здольны да гэтай справы,  ці партнёр (-ша) удалы. Эстэтычнае і маральнае задавальненне забяспечана, як і добры настрой.

Для разнастайнасці культарганізатар наладжвала і гульні, пасядзелкі. На апошнія жадаючыя паспяваць ахвотна збіраліся ў залу, атрымлівалі словы папулярных рэтрапесень і пачынаўся імправізаваны канцэрт.

А праз колькі дзён вызначыліся салісты, чытальнікі, і самадзейныя артысты выступілі перад адпачываючымі. Я таксама прыняла ўдзел у канцэрце, не змагла застацца ўбаку ад добрай справы.

Да паслуг адпачываючых вечарам працавала бібліятэка, дзе можна  было пачытаць кнігі, газеты, папулярныя часопісы.

Многія ездзілі на экскурсіі ў Белавежскую пушчу, Брэсцкую крэпасць, на страусіную ферму, у г.Камянец. Словам, кожны мог знайсці ў санаторыі свой любімы адпачынак.

Раіса  ХВІР


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.