У стылі рэтра і не толькі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Падставай для добрага настрою ў пятніцу, 27 верасня, з»явілася мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей. Яго наладзілі работнікі Нясвіжскага маладзёжнага цэнтра і запрасілі да сябе прадстаўнікоў двух пакаленняў: людзей паважанага ўзросту і навучэнцаў каледжа імя Якуба Коласа. Сустрэча так і называлася: «Рэтра новае» (чытай, юнае). Усіх, хто прыходзіў, частавалі гарачым чаем, таму восеньскі халодны вецер быў не страшны. А яшчэ — святочнае ўбранне залы: перад уваходам — цёплыя валёнкі ды туфлі, як сімвал дамашняй утульнасці.
Вядучыя сустрэчы Алёна Вінаград і Аляксей Абражэй прапанавалі прысутным цікавую праграму, у ходзе якой былі конкурсы і відэазагадкі, караоке.
Што характэрна: эпізоды з вядомых фільмаў 60-80-х гадоў і іх назвы беспамылкова адгадвалі не старэючыя душой пенсіянеры, а сучасных і фантастычных карцін — навучэнцы каледжа. Тое ж было і з песнямі, якія ахвотна спявалі ўсе — і сталыя, і маладыя. Ну, каго пакінуць раўнадушным рэтрашлягер «Якім ты быў…», » Хто там з горачкі спусціўся?» ці іншых вядомых твораў? У конкурсах, як гэта часта бывае, перамагла дружба.
Незабыўныя ўражанні засталіся (пасмею спадзявацца) у абодвух бакоў ад танцаў. Старэйшыя вучылі маладых танцаваць кракавяк, падэспань, вальс, летку-енку. Прыемна, што юныя хлопцы і дзяўчаты ахвотна пераймалі мудрагелістыя па сваіх бабуль і дзядуль.
А што датычыць леткі-енкі, то, на радаснае здзіўленне пажылых, маладыя паказалі проста майстар-клас. Ім доўга апладзіравалі і хвалілі за ўменне. Навучэнцы каледжа, у сваю чаргу, вучылі нас сучаснаму танцу макарэна, з якім справіліся ўсе.
Добры атрымаўся вечар адпачынку, у ходзе якога запрошаныя ветэраны атрымалі падарункі ад Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Ну, а калі ўлічыць добры настрой і пазітыў мерапрыемства, то складваецца выдатны вынік. Аб гэтым сведчаць і выказванні ўдзельнікаў сустрэчы. Трэцякурсніца каледжа, навучэнка спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць» Кацярына Казлова:
— Нам усё спадабалася, усе такія прыемныя, простыя. Танцы цікавыя і прыгожыя.
Пенсіянерка Н.А. Юшкевіч:
— У мяне засталіся вельмі добрыя ўражанні, весела і цікава правялі час.
Што ж, сапраўды, прыемна, калі абодва бакі задаволеныя. Значыць, пастаўленая задача выканана, людзі радасныя і вясёлыя, а гэта так важна для пажылых людзей, якім гады — не перашкода для актыўнага жыцця. Дырэктар маладзёжнага цэнтра Людміла Матусевіч таксама была задаволена, што ўсім спадабалася, і ўнесла прапанову: іх цэнтр мог бы наладжваць вечары адпачынку і для людзей сталага ўзросту за невялічкую плату.
Між іншым, прапанова слушная і, спадзяюся, будзе падтрымана. Разам адпачываць заўсёды лепш.
Раіса ХВІР


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.