Ардэнаносец Вячаслаў Шарапа

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр  Лукашэнка ўручыў ордэн Пашаны токару СВК “Агракамбінат Сноў” Вячаславу Шарапу. 17 верасня 2013 года

17 верасня ў Палацы Рэспублікі  Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды групе  працаўнікоў краіны. Сярод іх быў  і наш зямляк – токар СВК “Агракамбінат Сноў” Вячаслаў Шарапа. Яго добрасумленная праца адзначана  ордэнам  Пашаны.

“Узнагароды – гэта не толькі  прызнанне заслуг і высокая  адзнака таго, чым вы займаецеся  ў жыцці, але і сведчанне вашага  аўтарытэту, – адзначыў Прэзідэнт. – Вашы кандыдатуры  на ўзнагароджанне  прапаноўвалі працоўныя  калектывы, дзе ў  паўсядзённай рабоце вы праявілі свае здольнасці і лепшыя  чалавечыя якасці. Як паўнаводная рака набіраецца сіл з крыніц і  ручаёў, так і поспехі краіны  вызначаюцца заслугамі канкрэтных людзей”.

Чым жа займаецца ў жыцці снаўчанін Вячаслаў Васільевіч Шарапа, як праяўляе свае здольнасці, чым заслужыў аўтарытэт у калектыве? Каб адказаць на гэтыя  і некаторыя іншыя пытанні, я і сустрэлася  са знакамітым токарам.

Зразумела, што найперш хацелася даведацца, якія ж  пачуцці выклікала  ўзнагароджанне ордэнам Пашаны. Мой суразмоўца адказаў:

– А як Вы думаеце? Канешне ж, радасць, гордасць, прыўзнятасць. У такія моманты наймацней адчуваеш сваю  прыналежнасць да вялікай кагорты людзей,  імя якой – працавіты беларускі народ.

– А ці хваляваліся, Вячаслаў Васільевіч?

– Вы ведаеце, я з рук Прэзідэнта  ўжо другі раз атрымліваў узнагароду, таму ўнутрана  настроіў сябе, засяродзіў увагу  на тым, што ён гаварыў нам, прысутным у зале. Таму хвалявання такога, што не ведаеш, куды падзець рукі, а голас дрыжыць, не было.

– Нагадайце, калі ласка, пра першую сваю ўзнагароду.

– Гэта былі Падзяка Прэзідэнта і гадзіннік, якія  Аляксандр Рыгоравіч  уручаў у той жа зале ў 2002 годзе. Мы тады з Сашам Бараноўскім  на “Лексіёнах” намалацілі па 3 тысячы тон збожжа. Гэта быў вельмі высокі паказчык. Пазней, у 2006  годзе, мяне ўзнагародзілі  медалём “За працоўныя заслугі”. Яе ўручаў Генадзь Нявыглас, які быў кіраўніком Адміністрацыі  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўныя ўзнагароды Вячаслаў Шарапа атрымліваў і за высокія дасягненні на збожжавай ніве, як  камбайнер, і як добры  спецыяліст, які хутка і ўмела рамантуе  тэхніку, можа быць і токарам, і зваршчыкам.

Працаваць у тадышнім  калгасе імя Калініна ён пачаў у 1974 годзе вучнем токара. Потым была  служба ў арміі, праца на Мінскім механіч-ным заводзе. А з 1978-га назаўсё-ды звязаў свой лёс з  роднай сноў-скай зямлёй. Стаў да такарнага  станка ў рамонтнай майстэрні, пайшоўшы па слядах бацькі – Васіля Рыгоравіча Шарапы, вялікага майстра кавальскай і такарнай спраў, вядомага далёка за межамі  гаспадаркі.

Вячаслаў Васільевіч успамінае такі выпадак. У бацвіннеўборачнай машыне БМ-6 (працавалі такія комплексы на ўборцы цукровых буракоў 25 гадоў назад) тэрмінова спатрэбіўся рамонт транспарцёра – неабходна было  вытачыць  спецыяльную распорку. Рамонт машыны за-     планавалі на ноч, каб раніцай  механізатар мог  вывесці яе ў поле. Старшыня калгаса  Якаў Васільевіч Аляксанкін  даў заданне брыгадзіру па рамонце  сельгастэхнікі Аляксандру Сцяпанавічу  Шаху: “Ідзі, вязі  Васіля Рыгоравіча на работу…” Шах  адказаў: “Навошта па Рыгоравіча? Слава зробіць сам, можа, яшчэ і лепей…” Аляксанкін здзівіўся, але запомніў даную акалічнасць. І з таго часу  Вячаславу Шарапу давяралі складаную работу і новую тэхніку.  У 1985  і 1986-м гадах ён падчас  жніва працаваў на камбайне “Ніва”. У 1987-м  гаспадарка атрымала  першы “Дон”. Іх у раён тады  два паступіла – у калгасы імя Калініна і “Новае жыццё”. І старшыня  вырашыў даць новую машыну  Шарапу. Вячаслаў не згаджаўся, бо ведаў: ёсць  больш вопытныя камбайнеры, якія марылі памяняць “Ніву” на магутны “Дон”. Але Якаў Васільевіч настаяў на сваім. Ён пераканаўся ў стараннасці Вячаслава, у яго ўменні ўсё рабіць сваімі рукамі.  На тым “Доне” Вячаслаў Васільевіч  адпрацаваў 10 сезонаў. Потым была “Мега”, пазней – “Лексіён”.

 

Фота БелТА


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.