Чалавек з добрай душой

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Працалюбівы, ветлівы, добразычлівы, актыўны. Ён з»яўляецца членам прафкама, дапамагае маладым спецыялістам. Яму давяраюць лепшую тэхніку…

Гэта далёка не ўсе добрыя якасці і рысы характару Генадзя Яўгенавіча Карпача, механізатара ААТ «Лань-Нясвіж», сумленнага працаўніка гаспадаркі.

У гэтым годзе  на камбайне «Ліда-1300» (на ім працуе з 2001 года) ён намалаціў 1366,3 умоўныя тоны зерня, заняў трэцяе месца сярод камбайнераў гаспадарак першай групы ў раённым спаборніцтве.

Як расказаў Генадзь Карпач, гэта ў яго не першая перамога. У 2001 го-дзе ў ліку маладых камбайнераў удзельнічаў у рэспубліканскіх дажынках у Мазыры. Тады ён разам са сваім памочнікам Валянцінам Генадзьевічам Клокелем заняў трэцяе месца ў другой групе, занёсшы  на свой рахунак на СК-5М «Ніва» 1205 тон зерня ўмоўнага намалоту. А на раён выходзіць часта. Адказнасць, сур»ёзнае стаўленне да працы, а галоўнае — любоў да зямлі дапамагаюць трымацца ў лідарах.

— Любоў да працы перадаецца праз пакаленні. Мой дзядзька, Міхаіл Іванавіч, працаваў на камбайне, а я, будучы яшчэ школьнікам, яму дапамагаў. Падабалася, — зазначае Генадзь Яўгенавіч.

Пасля заканчэння школы ён адслужыў у арміі. Вярнуўся ў родную вёску Лань. Ажаніўся. І вось ужо дваццаць пяць гадоў працуе ў гаспадарцы.

— Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся, — жартуе.

Пакуль падрасталі сыны, некалькі гадоў на ўборцы збожжавых працаваў у пары з жонкай Таццянай. Таксама былі перамогі. А цяпер, ужо на працягу трох сезонаў, дапамагае малодшы сын Арцём. Ён атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-механіка. Старэйшы, Дзіма, вучыцца на інжынера прамысловага будаўніцтва.

Нягледзячы на працоўную занятасць, Генадзь Яўгенавіч дапамагае жонцы даглядаць уласную гаспадарку. Не кідае ўсё на яе жаночыя плечы. Іначай ён не ўмее. Упэўнены: працаваць сумленна патрэбна ўсюды. Лёгкага хлеба не бывае.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.