Дыплом атрымаў з рук Прэзідэнта

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У роднай гаспадарцы — ААТ «Лань-Нясвіж» — галоўны  інжынер Міхаіл Пятровіч Ігнатовіч  працуе з 1984 года, а на  гэтай пасадзе — з 1997 года. Калектыў  машынна-трактарнага парка ўкамплектаваны добрымі  кадрамі. Усе выконваюць свае абавязкі сумленна, граматна. Аператыўна і якасна вядуцца неабходныя  работы. Механізатары  дабіваюцца высокай выпрацоўкі, беражліва ставяцца да расходу гаруча-змазачных матэрыялаў. Усё гэта стала магчымым і дзякуючы добрай арганізацыі справы.

Згодна з умовамі рэспубліканскага спаборніцтва на жніве, пераможцамі сярод галоўных інжынераў гаспадарак празнаны тыя, дзе аказалася  найбольш высокая выпрацоўка на камбайн. Так, у ААТ «Лань-Нясвіж» сезонная выпрацоўка  ў сярэднім на 1 умоўны  збожжаўборачны камбайн склала 973,53 тоны, а дзённая — 53,55 тоны.  Іменна таму сёлета  галоўны інжынер з Лані Міхаіл Ігнатовіч  выйшаў у лік  лепшых сярод сваіх калег і быў запрошаны на рэспубліканскія дажынкі ў Жлобін. Сваю ўзнагароду — Дыплом — атрымаў там з рук Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Дарэчы,  Рэспубліканскі  фестываль-кірмаш  «Дажынкі» быў ужо другім у жыцці Міхаіла Пятровіча. У 2011 годзе прадстаўнік інжынернай службы з Нясвіжчыны  пабываў на такім свяце ў Маладзечне.

Міхаіл Пятровіч расказвае:

— З тэхнікай я пасябраваў яшчэ са школьных гадоў. Так, са збожжаўборачным  камбайнам  пазнаёміў-ся ў восьмым класе. Быў памочнікам  у нашага знакамітага  камбайнера Анатоля Макаўчыка. Прыемна, што ён і цяпер трымае марку.  Анатоль Расціслававіч  стаў маім настаўнікам  у хлебаробскай справе, прыкладам адданасці раз і назаўсёды выбранай прафесіі. Памятаю,  як старанна я змазваў вузлы камбайна перад  выхадам у поле, як  хваляваўся, калі ўпершыню падняўся ў  кабіну «стэпавага карабля».

Калі мы паведамілі Міхаілу Пятровічу, што хочам расказаць пра яго чытачам «раёнкі», наш субяседнік, чалавек сціплы, пачаў аднеквацца, маўляў, яго асоба не  заслугоўвае такой увагі. Але ж, згадзіцеся, не кожнаму галоўнаму спецыялісту  сельгаспрадпрыемства  ўручае Дыплом пераможцы кіраўнік дзяржавы…

А вось  людзей, з якімі працуе  побач, якія паспяхова ажыццяўляюць яго планы, Міхаіл Пятровіч  назваў з задавальненнем:

— Гэта інжынер машынна-трактарнага  парка аддзялення  «Быхаўшчына» Канстанцін  Іванавіч Сіліч. Працуе ён даўно, чалавек вельмі адказны. Гэта механізатар Генадзь  Яўгенавіч Карпач, які сёлета  на жніве дабіўся  ўмоўнага  намалоту 1366,3 тоны збожжа на камбайн  і заняў трэцяе месца  ў раённым спаборніцтве сярод камбайнераў гаспадарак першай групы. А механізатар  Дзмітрый Міхайлавіч  Боган паказвае ў нас  на палях  прыклад колькасці і якасці  падчас ворыва глебы і сяўбы  сельскагаспадарчых культур. У яго распараджэнні — трактар «Фендт», такі ж надзейны, як і сам гаспадар. Думаю, трэба назваць  і лепшых вадзіцеляў — пераможцаў раённага  спаборніцтва на жніве-2013 сярод вадзіцеляў гаспадарак  першай групы Мікалая  Васільевіча Дуброву і Міхаіла  Міхайлавіча Максімовіча. Першы перавёз 3351,2 умоўнай  тоны збожжа і заняў першае  месца. На рахунку  другога — 2961,8 умоўнай тоны  збожжа і другое месца.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.