Мірная праца на мірнай зямлі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У Нясвіжскай сортавыпрабавальнай станцыі Аляксандр Канстанцінавіч Шалоха (на здымках) адпрацаваў 27 гадоў. З іх  19 — механізатарам. Дагэтуль  быў шафёрам. Спачатку працаваў у калгасе  «Сцяг Саветаў» Клецкага раёна, у  Нясвіжскай райсельгастэхніцы.

— Аляксандр Канстанцінавіч,  не шкадуеце, што звязалі свой  лёс з сельскай гаспадаркай, з зямлёй?

— Не шкадую. У мяне быў добры  прыклад бацькі, які таксама з»яўляўся  механізатарам. Я ж упершыню пачаў разам з ім працаваць у 12 гадоў — памочнікам на збожжаўборачным камбайне. А самастойна сеў  на трактар пасля заканчэння школы.

— Я ведаю, што і Ваш сын дапамагаў Вам падчас жніва…

— Так, Валодзя таксама з 12-і гадоў каля мяне знаходзіўся —  пакуль сярэднюю школу не закончыў. А прыязджаў з Беларускай  сельгас-акадэміі на канікулы  летам — зноў станавіўся памочнікам на камбайне.  Спачатку прыйшоў да мяне на «Ніву», потым мы з ім атрымалі «Ліду»…

Цяпер ён заняўся  самастойнай справай, адкрыў  індывідуальнае прадпрымальніцтва, рамантуе тэхніку. Гэта  была яго мара, і сын яе ажыццявіў.

Камбайн «Ліда», якая даверана Аляксандру Шалоху,  служыць ужо 12 гадоў. Служыць надзейна, бо знаходзіцца ў руках акуратнага чалавека, умельца, які і ведае, і цэніць тэхніку. Дарэчы, яго трактар «МТЗ-82» бегае бездакорна ўжо сем гадоў.

Сортавыпрабавальная станцыя — арганізацыя невялікая, як і  невялікія яе пасяўныя плошчы. Таму А.К. Шалоху даводзіцца выконваць на полі розныя работы: араць глебу, культываваць яе, сеяць, даглядаць пасевы, убіраць збажыну. Цяпер вось унеслі ў  глебу ўгнаенні, зааралі іх — і няхай адпачывае зямля да вясны. А меха-нізатар ставіць тэхніку на зімовае захоўванне. У ангар змяшчаецца тая, якая болей каштуе: збожжавыя камбайны, апырсквальнікі, сеялкі — у апошніх, кажа, адзін сашнік каштуе каля  пяці мільёнаў. Таму і  трэба ўсё берагчы.  Плугі і культыватары падымаюцца  на калодкі на машынным двары, на колы наносіцца пабелка.

— Да вясны рыхтуемся, — расказвае  Аляксандр Канстанцінавіч. — Па 1-2 сельгасмашыны  ставім у майстэрню, рамантуем. Слесараў на станцыі няма. Мы  самі даводзім  усё да ладу. Калі трэба, то я і дэталь неабходную вытачу. Па  сваім профілі пэўныя работы  выконвае электрагазазваршчык Іван Мамонька. Механізатары  выручаюць адзін аднаго. Калі  трэба што дапамагчы, падтрымаць, ніколі не адмовіць Ігар Хаванскі. Гаспадар пагрузчыка Фёдар  Мармузевіч тут жа  перачэпіцца, паставіць стралу і  падыме  цяжкі вузел. Вось такія яны — майстры на ўсе рукі, надзейныя таварышы.

Изображение 008

У 1989 годзе на вуліцы Машэрава ў Нясвіжы  работнікі сортавыпрабавальнай станцыі  засялілі тры двухкватэрныя дамы. Сярод навасёлаў была  і сям»я Аляксандра Шалохі. Ля дому пасадзіў пладовыя дрэвы, ёсць свой агарод, у хлеўчуку — жыўнасць. Як дбайны гаспадар, Аляксандр Канстанцінавіч  многае робіць сваімі рукамі: рамантуе ацяпленне, водаправод, каналізацыю,  бытавыя  электрапрыборы.

А ў вольны час, які бывае толькі  зімой, захапляецца  падлёднай  рыбалкай. Ездзіць на азёры Лактышы і Колкі. Прывозіць  плотку, падлешчыкаў, акунёў, яршоў… Часам доўгімі  зімовымі вечарамі чытае кнігі — перавагу аддае ваеннай  тэматыцы. Выпісвае і чытае  газеты «Советская Белоруссия» і «Нясвіжскія навіны», часопіс  па садаводстве.

…Калі мой суразмоўца ўдакладніў, што жыллё ён атрымліваў  як «афганец», наша гутарка пайшла ў новым накірунку.

У Афганістане свой інтэрнацыянальны  абавязак Аляксандр Шалоха выконваў 2 гады і 3 месяцы, гэта былі 1981-1983 гады. Ураджэнец  Клеччыны,  ён прызываўся Клецкім ваенкаматам. Разам служылі яго землякі Мікалай Цыган, Уладзімір Валадзько і Леанід Самахвал, які, на жаль, загінуў, а таксама выхадцы з Нясвіжскага  раёна Леанід Лабазін і Канстанцін Гапановіч. Маладыя хлопцы пасля прызыву месяц  паслужылі ў «вучэбцы» ва ўзбекскім Тэрмезе і тут жа накіраваліся  ваяваць. Аляксандр Шалоха аб»ездзіў амаль увесь Афганістан — ён на БТРы суправаджаў калоны  савецкіх салдат. Кабул, Кандагар, Майманэ, Мазары-Шарыф… Гэта толькі частка населеных пунктаў, дзе даводзілася  бываць. Цяжка было. «А ці страшна?» — «Страшна. Спачатку…»  Успаміны часта вяртаюць у думках у тыя часіны, ды медалі з афганскай вайны -«За баявыя заслугі», «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа» — нагадваюць пра яе… Аляксандр  Канстанцінавіч вярнуўся з той вайны жывым і  здаровым. Хіба ж гэта не шчасце?! Як шчасце чуць у хаце вясёлыя  галасы ўнукаў, ведаць, што ў дзяцей усё добра, што яны  знайшлі ў жыцці свае дастойныя  дарогі. Як шчасце жыць і працаваць на вольнай, мірнай беларускай зямлі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.