На гадзіну ў Рэнесанс

Своеасаблівае падарожжа па часе, незвычайную экскурсію ў мінулае зрабілі несвіжане і госці нашага горада. Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» і Музычны Дом «Класіка» ў дні восеньскіх канікул правялі музычна-тэатральныя імпрэзы «Вандраванні Радзівіла «Сіроткі».

Прадстаўнік магнацкага роду Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» — дзяржаўны дзеяч, падарожнік, літаратар, мецэнат — прысвяціў сваё жыццё папулярызацыі навукі і мастацтва, барацьбе за самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага. Яго жыццё напоўнена яркімі падзеямі і дасягненнямі, якія з глыбіні стагоддзяў і па сённяшні час прыцягваюць увагу нашчадкаў. І музычна-тэатральная імпрэза, створаная ў незвычайнай інтэрактыўнай форме, з першых хвілін уцягвае гледачоў у дзейства і пераносіць ў далёкія XVI-XVII стагоддзі. Яна спалучае ў сабе канцэртную частку і займальны тэатралізаваны аповед пра дасягненні Мікалая «Сіроткі», іх гістарычнае значэнне. Выканаўцы — драматычны акцёр Юрый Жыгамонт і артысты ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле» — паўстаюць у вобразах кіраўніка і ўдзельнікаў знакамітай Нясвіж-скай Капэлы, прыдворных музыкантаў. У спектаклі гучыць музыка таго часу: кампазіцыі з «Полацкага сшытку», Войцэха Длугарая (кіраўніка Гарадзенскай Капэлы), італьянскіх аўтараў Вiнчэнца Галілея, Джакома Гастольдзі, Франчэска Джэмініані і англічаніна Уiльяма Брэйда.

Віртуознае майстэрства выканаўцаў, неардынарнасць формы, глыбокая распрацоўка сюжэту і гістарычных фактаў робяць гэты творчы і культурна-пазнавальны праект унікальным. А атмасфера і антураж рэзідэнцыі Радзівілаў спрыяюць максімальна поўнаму ўключэнню гледачоў у гісторыка-культурны кантэкст, у якім жылі і тварылі прадстаўнікі легендарнага роду беларускіх магнатаў.

Дарэчы, як распавёў кіраўнік Музычнага Дома «Класіка» Аляксандр Чахоўскі, артысты ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле» на гэтым не развітваюцца з нясвіжскай публікай. Так, на працягу лістапада наведвальнікі палаца маюць магчымасць акунуцца ў чароўны свет старадаўняй музыкі — яна гучыць там кожную суботу. У капліцы — фісгармонія з флейтай, а у Вялікай каміннай зале — дуэт скрыпкі і віяланчэлі, які выконвае творы эпохі барока (інсцэніроўка хатняга музыцыравання). У святочныя студзеньскія дні ў Тэатральнай зале палаца запланавана правядзенне непрацяглых па часе канцэртаў, дзесьці на 10-15 хвілін. У класічным выкананні прагучаць музычныя творы розных часоў калядна-навагодняй тэматыкі. Мяркуецца, што міні-канцэрты будуць праходзіць кожную гадзіну ці нават паўгадзіны, у залежнасці ад турыстычнага патоку, што, бясспрэчна, стане цудоўным падарункам гасцям замка і дадасць ім святочнага настрою.

— Увогуле ж, — працягнуў Аляксандр Чахоўскі, — Музычны Дом «Класіка» рэалізуе шмат разнастайных праектаў. Дарэчы, запрашаю жыхароў Нясвіжчыны на прэм»ему лірыка-камедыйнай оперы Станіслава Манюшкі «Verbum Nobile» («Слова гонару»), якая пройдзе 24 лістапада ў Мінску на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў. Будзем рады бачыць вас у глядзельнай зале.

Аксана ГРОХ

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.