Праца маці — асаблівая

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вольга Канстанцінаўна Навоша вырасла ў  мнагадзетнай сям”і. Яе маці  працавала на ферме даяркай, таму, зразумела, раніцай  і ўвечары дома яе не было – трэба было завіхацца  на дойках. Самая  малодшая – Волечка – заўсёды з нецярплівасцю  чакала маму з работы, каб  прытуліцца і заснуць спакойным дзіцячым сном пад маміну калыханку.  Вядома, старэйшыя дзеці песцілі малую, гулялі  з ёю, адцягвалі ўвагу, каб тая не плакала. Але мама ёсць мама. Яна прыходзіла ў хату, прытульвала да сябе дачку, і дзяўчынка супакойвалася, усміхаючыся потым у сваіх каляровых снах…

Сёння каляровыя сны сваім чатыром  дочкам дорыць сама Вольга Канстанцінаўна. Дзяцей выхоўвае разам з мужам – Іванам Аляксандравічам, чалавекам працавітым і  гаспадарлівым. Сямейныя абставіны  Вольгі і Івана  склаліся так, што месцам іх жыхарства  сталі Сейлавічы. А вуліца, дзе яны заснаваліся, мае   светлую і добрую назву – Сонечная.

Не пералічыць, колькі ранкаў – прыемных летняй прахалодай і сцю-дзёных зімовых – прыходзілася  Вользе ўставаць, каб справіцца з дамашнімі клопатамі па гаспадарцы. Яны трымаюць чатырох кароў, нарыхтоўваюць для  жывёлы запасы на зіму. Чатыры галавы буйной рагатай жывёлы на падвор”і – нямала, і гэта значны  прыбытак у сямейны бюджэт. Дзяржава вядзе закуп малака, у мясцовую гаспадарку  прымаюць цялятак, а за гэта  выдзяляецца сена. Турбот – хоць адбаўляй.

Але яшчэ  з дзяцінства Вольга засвоіла, што працаваць трэба з душой. Вось і сёння  гэтая далікатная жанчына аддае ўсю сябе  клопатам пра дом, пра сваіх родных. Дзяўчаткі, у сваю чаргу, дапамагаюць матулі – палоць бульбу і трускалкі, рыхтаваць  закаткі на зіму і прыбірацца ў хаце.

Усеагульная любіміца сям”і – трохгадовая Ангелінка. Яе цікавасці  да ўсяго няма межаў, як у кожнага дзіцяці такога ўзросту. Дзяўчо ўжо з задавальненнем “падключаецца” да ўборкі і настойліва  трэ анучкай  аконныя шыбы (праўда, пакуль гэтага ніхто  не заўважае, бо ў ход замест анучкі ідуць самыя розныя прадметы). Што датычыцца старэйшых дачок, а гэта Вольга, Кацярына і Іна, то яны  – школьніцы, вучаніцы 10-га, 9-га і 8-га класаў. Пра маму  кожная расказвае з захапленнем і любоўю. Для дарослых дачок мама – прыклад ва ўсім.

– Другі раз з татам  дзівімся, як наша матуля  не стамляецца ў паўся-дзённых клопатах – у хляве,  пасадках і працы на прысядзібным участку, – расказваюць дзеці. І працягваюць, выдаючы сямейны сакрэт: – А яшчэ на рыбалках, якія бываюць, вядома, нячаста, мама можа навудзіць рыбы больш, чым тата.

Нямала я пачула непасрэдных дзіцячых расказаў пра Вольгу  Канстанцінаўну. Яна, як і ўсе астатнія мамы,  клапоціцца пра дзяцей: схіляецца над іх ложкам, калі яны хварэюць, правярае ўрокі, вучыць  вязаць і вышываць, дае слушныя парады, калі ўзнікае якое-небудзь праблемнае пытанне. Маме дзяўчаткі давяраюць  і свае патаемныя сакрэты. Ведаюць, што ўсё застанецца толькі паміж імі.

Вольга Канстанцінаўна ўпэўнена, што праца маці – асаблівая. І важна не  толькі нарадзіць, але і выхаваць дастойнага чалавека. Таму ў сям”і Навоша і растуць дзеці ў бацькоўскай пяшчоце, з прыкладам  працавітасці і ў любові да сваёй маленькай  радзімы – роднай вёсачкі.

На здымку: сям”я Навоша прымае ўдзел у раённым конкурсе “Лепшая мнагадзетная сям”я Нясвіжскага раёна 2013″

Іна ВАСІЛЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.