«Працаваць было цяжка, але ўсё роўна — цікава»

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На карце  Нясвіжскага раёна ўжо няма эксперыментальнай базы  «Ганусава». Але былі і ёсць людзі, якія некалі шчыра  працавалі там, праслаўляючы  гаспадарку і з»яўляючыся гонарам раёна.

Да такіх знакамітых рабочых  базы адносілася даярка са Слаўкава Марыя Вітольдаўна Русак, узнагароджаная ордэнамі «Знак Пашаны» ў 1971 г., Працоўнага Чырвонага  Сцяга — у 1973 г., Кастрычніцкай  Рэвалюцыі — у 1976 г. На жаль, тры  гады назад Марыя Вітольдаўна  пайшла з жыцця…

Другім знакамітым  ардэнаносцам з»яўляецца даярка  Тамара Пятроўна Матусевіч. Яе нялёгкая, добрасумленная праца была адзначана ў 1976 годзе ордэнам  Працоўнай Славы 3-й ступені, а ў 1982-м — ордэнам Працоўнай  Славы 2-й ступені.

Раней па журналісцкіх справах часта даво-дзілася бачыцца з Тамарай Пятроўнай. А потым па розных прычынах мы не сустракаліся гадоў 25. І я сёння з радасцю  адзначыла, што жанчына  добра выглядае, што яна такая  ж энергічная, працавітая. Хаця жыццё яе не песціла.

жывёлаводам працоўную эпапею яна пачала ў далёкім 1956 годзе. Даіць грамадскіх кароў   пайшла ў 18 гадоў. Спачатку  — на ферме «Караліна». У лістападзе 1968 г. сям»я пераехала ў  пасёлак Дружба (цяпер гэта вёска Заазер»е), тут Тамары Пятроўне выдзелілі  кватэру. А на работу яна хадзіла на ферму аддзялення Маякоўскага. Цяпер ні той фермы няма, ні такога аддзялення.

— Тамара Пятроўна, а што цяпер там, дзе знаходзілася ваша ферма?

— Ой,  таго месца ўжо і не знойдзеш. Там такія  катэджы выраслі… Цэлы  жылы мікрараён.

Ферма Маякоўскага знаходзілася ў нізіне. «У балоце», — сказала мая субяседніца. Гэта абумоўлівала ў значнай ступені і выгляд тэрыторыі,  памяшканняў. Цёмна,  вільготна, брудна. Падлогі ў кароўніку не было. Жывёлу  падсцілалі тарфакрошкай і апілкамі. Усё гэта трэба было самім рэгулярна ўбіраць са стойлаў. Калі будаўнікі  паслалі падлогу, яе  пасыпалі апілкамі — стала крыху прасцей прыбірацца.  У такіх умовах даводзілася шмат прыкладаць намаганняў, каб атрымліваць чыстае малако. Вымя кароў падмывалі асабліва старанна. А потым садзіліся даіць. Даілі  кароў уручную, а ў групе — 21 галава.  Той, хто не паспрабаваў такой  працы,  не можа нават уявіць сабе, як гэта было цяжка.

Шмат клопатаў патрабавала  і кармленне жывёлы. Падвозчыкі дастаўлялі толькі грубыя кармы — саламяную рэзку, сена. Муку, буракі, бульбу даяркі раздавалі  самі, бо ведалі, якой  карове трэба даць болей і смачней, каб атрымаць ад яе больш малака.

І каровы аддзяквалі даярцы за яе турботы. У сярэднім ад кожнай Тамара Пятроўна надойвала па 5 тысяч і болей кілаграмаў малака за год (за што і атрымлівала ордэны), а некаторыя жывёліны мелі  большую прадуктыўнасць. Таму і старалася даярка больш корму ім па-класці.

— Прывязуць, бывала, зімой бочку патакі. У тры гадзіны ночы лезеш на тую бочку абледзянелую, каб неяк набраць патакі, каб паліць ёю сечку ў кармушках. Рабочы дзень  у нас афіцыйна  ў чатыры гадзіны пачынаўся, але я заўсёды ішла раней, каб усё зрабіць як след, — працягвае свой аповед Тамара Пятроўна. — Або летам — спякота,  30 градусаў на вуліцы,  падчас дойкі трымаеш вядро з малаком каленямі, а ногі ў гумовых ботах так пякуць, так пякуць. Добра, пазней пачалі прадаваць у магазінах кароткія боцікі, у іх лягчэй стала… Гэта было сапраўднае пекла, а не работа.

Нават, калі закрылі ферму Маякоўскага, а нас з  каровамі перавялі ў Ганусаўшчыну, мы працягвалі даіць уручную, хаця тамтэйшыя даяркі  карысталіся даільнымі апаратамі. Я да пенсіі так і аддаіла ўручную.

Не было на ферме спачатку і падменнай даяркі. Жанчыны  па месяцу і болей працавалі без выхадных. Стала  лягчэй, калі з»явілася падменная, кожны тыдзень пачалі карыстацца  двума выхаднымі.

Побач з Тамарай Матусевіч такі ж груз неслі  на сваіх плячах яе  таварышкі Марыя Рачок, Яўгенія  Іванова, Ірына Роўба і іншыя даяркі.

— Цяжка, але, слава Богу,  пражылі. Цікава было і жыць, і працаваць. Мусіць, таму, што  гады — маладыя, сям»я. Бяжыш сабе, працуеш — і  нармальна, як так і трэба. 38 гадоў я аддала ферме. А яшчэ  ў сваім хлеўчуку трымала  бычка, свіней, курэй. Ім таксама догляд  патрабаваўся. Гэта сёлета  ўжо нават ад курэй адмовілася, толькі градка праз дарогу ад дома.  Вырошчваю бульбу, гародніну. На зіму марыную і засольваю агуркі.

— Ці бачыцеся калі са сваімі  былымі каляжанкамі?

— Марыя Вікенцьеўна Рачок жыве побач. Часам ля хлеўчукоў сустрэнемся з ёю, пастаім, пагутарым.  Іншым тэлефаную.

Пагутарыўшы з Тамарай Пятроўнай, я перагартала рэдакцыйны архіў. Наўздагад узяла пачатак 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Мая гераіня хадзіла ў лідарах  раённага спаборніцтва даярак. Так, у  1981 годзе яна атрымала ад  каровы па 5113 кілаграмаў малака. Узначаліла раённую  зводку і па выніках 1982  года (5279 кг пры абавязацельстве 3850 кг). Пры гэтым яна дабілася  100-працэнтнай захаванасці цялят.

Тамара Пятроўна была і  актывісткай у грамадскім  жыцці. Яна выступала і на  раённых урачыстасцях, і на  старонках раённай газеты «Чырвоны сцяг». Хачу прывесці словы  з яе заметкі, надрукаванай да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі ў 1982 годзе: «Праца даяркі, вядома, не з лёгкіх.  Але ўсведамленне таго, што ты даеш каштоўную прадукцыю, уносіш пасільны ўклад у вырашэнне Харчовай праграмы, надае сілы. Ды і званне члена КПСС абавязвае мяне не адставаць, а ісці ўперадзе спаборнічаючых».

Так, усё цячэ, усё мяняецца.  На некаторых фермах  раёна кароў дояць робаты. Многія фермы і комплексы  аснашчаны самымі сучаснымі  даільнымі ўстаноўкамі. Навейшыя тэхналогіі прыйшлі на дапамогу  чалавеку. Але ж быў і іншы час.  Каб ацаніць дасягнутае сёння, трэба  ведаць і пра мінулае, аб якім  гэты аповед. Людзі самааддана працавалі ў такіх  вось нялёгкіх умовах. Нельга іх забываць, не маем права…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.