Сёння — бурак, заўтра — цукар

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

(Заканчэнне. Пачатак у № 86)

У ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»  поўным ходам ідзе прыём і перапрацоўка салодкага кораня. Як расказаў «НН» намеснік дырэктара камбіната па сыравіне Ігар Абрамовіч, па стане на раніцу 14 лістапада прадпрыемства прыняло ў чыстай вазе 854 тысячы тон цукровых буракоў, якія паступаюць  з усіх рэгіёнаў буракаводчай зоны камбіната. Усяго ж трэба прыняць каля 1 млн. 150 тысяч тон сыравіны. Падыходзіць да канца яе нарыхтоўка ў Валожынскім, Мінскім, Дзяржынскім,  Маладзечанскім раёнах сталічнай вобласці, а таксама ў Зэльвенскім і Слонімскім  раёнах Гродзенскай вобласці, Горацкім раёне Магілёўскай вобласці.

Традыцыйна таксама цукровыя буракі кладуцца на захоўванне ў раёнах, якія прылягаюць да Гарадзейскага цукровага камбіната, — Нясвіжскім, Навагрудскім, Карэліцкім і Стаўбцоўскім. З 1 снежня   плануецца пачаць адгрузку цукровых буракоў з месцаў захоўвання ў гаспадарках,  дзе яны з наступленнем замаразкаў павінны быць укрытыя. Для гэтага закуплены спецыяльны ўкрывачны матэрыял «спанбел» вытворчасці Светлагорскхімвалакна.  За буракі, якія паступаюць у познія тэрміны,  камбінат даплачвае сельгасвытворцам дадаткова 15 % да закупачнай цаны. Ёсць і магчымасць зэканоміць на транспарт-ных расходах: гаспадаркі  адпраўляюць на камбінат машыны з буракамі, а назад транспарт ідзе таксама з грузам — жамерынамі, боем буракоў ці дэфекатам. Так, напрыклад, на зваротным шляху забіраюць з камбіната дэфекат для вапнавання глебы Карэліцкая і Навагрудская райсельгастэхнікі,  якія праводзяць вапнаванне на вялікіх плошчах.

Увогуле, адыходзячы год Ігар Канстанцінавіч ацаніў як удалы і па якасці, і па колькасці сыравіны. Колькасць  — 1 млн.150 тысяч тон —  гаворыць сама за сябе, радуе і цукрыстасць. На яе карысць спрацавалі як умовы надвор»я, так і ўзровень тэхналогіі вырошчвання салодкага кораня. Камбінатам было закуплена насенне па тэхналогіі паскоранага прарошчвання. Калі для буракаводчай зоны Гарадзейскага цукровага камбіната было  куплена 7 тысяч пасяўных адзінак насення, то на зоны трох астатніх камбінатаў — толькі тысяча. Добрае насенне дапамагло выйграць у цукрыстасці — на сённяшні дзень яна складае 16,92 працэнта. Нягледзячы на тое, што сыравінныя раёны Гарадзейскага камбіната больш паўночныя, чым, напрыклад,  у Слуцкага і Скідзельскага, цукрыстасць у нас вышэй, чым у больш паўднёвых суседзяў. А гэта ўжо вялікі плюс для вытворцаў цукру.

— У пік нарыхтоўкі,  калі працуюць усе  буракапрыёмныя пункты, — за-значыў Ігар Абрамовіч, — на камбінат прыходзіць  20 тысяч тон сыравіны ў суткі, зараз — 13-15 тысяч. Завод забірае 8500 тон  штодзень. Астатняе складзіруецца ў акуратна насыпаныя кагаты шырынёй да 30 метраў, дзе буракі чакаюць сваёй чаргі, каб ператварыцца ў жыццёва неабходны для чалавека прадукт — цукар.

Адно з важнейшых складаемых мадэрнізацыі камбіната — новая сыравінная лабараторыя. Як патлумачыла яе начальнік Наталля Макарава, новае абсталяванне італьянскай фірмы «Reloba» выключае ўмяшальніцтва чалавека пры правядзенні аналізаў. Павялічылася і яе прапускная здольнасць — замест аднаго пробазаборніка ўстаноўлены два, працуюць дзве мыйкі. Ручная работа неабходная толькі на даачыстцы і ўзважванні проб. За ўсім працэсам вызначэння якасці сыравіны вядзецца відэа-назіранне, якое дазваляе вырашыць любое спрэчнае пытанне. У дзень новая лабараторыя можа свабодна праводзіць да пяцісот аналізаў, зараз іх патрабуецца каля двухсот.

Часткай лініі  «Reloba» з»яўляецца лінія «Betalizer», якая вызначае ўтрыманне цукру, калію, натрыю, L-альфаміну, акрамя гэтага — меласы, або патакі, шчолачнасць і выхад цукру на заводзе.

Соф»я ЛЮБАНЕЦ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.