Тэхніка — і работа, і захапленне

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У верасні споўнілася 20 гадоў, як на Сноўскім крухмальным  заводзе  працуе Юрый Аркадзьевіч  Гайдук.  Сюды ён прыйшоў пасля заканчэння Мінскага машынабудаўнічага каледжа па спецыяльнасці «станкі з лічбава-праграмным кіраваннем і  прамысловыя робаты».

Вывучыў работу на заводзе ад самага, што называецца, пачатку: паўгода працаваў  рознарабочым, два гады — слесарам, затым  — токарам, наладчыкам лініі разліву.

У гэты час пастаянна і сістэмна  паглыбляў свае тэхнічныя веды, паступіўшы праз год пасля прыходу на завод у Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, якую і закончыў па спецыяльнасці  «інжынер-механік».

З 2006 года і па сённяшні дзень  Юрый Аркадзьевіч — галоўны інжынер прадпрыемства, чалавек, які дасканала ведае ўсю  падначаленую яму  вытворчасць — ад выпуску крухмалу да  вырабу  пласцінчатых чыпсаў.

— Тэхніку люблю з дзяцінства, — гаворыць  мой суразмоўца. — Яна заўсёды  цікавіла мяне, і я рады, што працую  па прызванні, па закліку душы.

І сапраўды, запіс у дыпломе «інжынер-механік» для Юрыя Аркадзьевіча — не проста прыгожая назва спецыяльнасці, а сапраўдная характарыстыка: ён, напрыклад, уласнаручна  сабраў міні-трактар, зарэгістраваў, як  належыць, і абрабляе на ім  прысядзібны ўчастак і сабе, і бацькам. З задавальненнем удзельнічае ў розных сельскагаспадарчых семінарах, і  не толькі ў нашай краіне. Так,  3 гады таму  вельмі цікавым для яго быў Дзень поля ў Бранску, у Расіі, дзе абменьваліся вопытам па вырошчванні бульбы кіраўнікі гаспадарак, перапрацоўчых прадпрыемстваў.

А адпачыць ад працоўных будняў галоўнаму інжынеру дапамагаюць рыбалка і паходы ў лес, які хутка здымае  стому і  падсілкоўвае жывой энергіяй.

Вельмі многа значыць і надзейны тыл — дружная, моцная  сям»я, дзе  чакаюць мужа і тату з работы жонка і дзве дачушкі — вучаніцы 2-га і 9-га  класаў Сноўскай СШ. Разам з імі  ў доме, атрыманым ад завода, а  зараз прыватызаваным, і жывецца, і працуецца весялей і лепш.

— Калі ўлічыць, што дом зусім побач з работай, — дадае Юрый Аляксандравіч, — то атрымліваецца, што я ў  любы момант магу апынуцца  на заводзе, не страціўшы амаль  ніякага часу, а гэта таксама  вельмі зручна.

Без сваей працы, без любімай  прафесіі Ю.А. Гайдук не ўяўляе  свайго жыцця, і гэта, напэўна, і ёсць залог поспеху не толькі  ў інжынернай справе, а і ў любой іншай.

Соф»я ЛЮБАНЕЦ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.