Творчы ўзлёт

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вера Мацнева добра запомніла той час ліхіх 90-х, калі знянацку засталася на абочыне жыцця: без заробку і без любімага занятку.

А калі дырэктар мясцовага Дома культуры, ведаючы яе як чалавека творчага, аднойчы прапанавала прыйсці да іх на работу, адразу ж згадзілася. Веру Іванаўну тут жа адправілі на семінар-практыкум па саломапляценню ў Мар»іну Горку. «Спачатку нічога не атрымлівалася і я была ў адчаі, але не адступала ад задуманага, — успамінае Вера Іванаўна. — Памятаю, як упершыню прынесла ў хату куль бруднай саломы і разлажыла яе на старой шторы сушыцца на падлозе. Муж глядзеў на мяне, як на звар»яцелую, і зусім не верыў, што з гэтага можа што-небудзь талковае атрымацца». Але ведаў ён: Вера Іванаўна заўсёды дабіваецца таго, што задумала, і робіць усё па-свойму, як чалавек неардынарны. Мацневы прыехалі ў Нясвіж з Украіны амаль паўвека назад. Дарэчы, вельмі сімвалічна: Вера Іванаўна нарадзілася на Ровеншчыне ў вёсцы Цяслугава, іх райцэнтрам быў горад Радзівіл. А потым зноў, па волі лёсу, яна тра-піла ў беларускі горад Радзівілаў — Нясвіж — і жыве тут ужо больш за сорак год.

Вера Мацнева — чалавек творчы. Гэта, відаць, у яе ад маці, простай сялянскай жанчыны, якая цудоўна вышывала. Вера Іванаўна і да гэтага часу захоўвае вышыты мамінай рукой ручнік ажно з 1938 года! Засталіся ад маці і цудоўныя пісанкі з прыгожымі ўзорамі, тканыя ёю посцілкі, вязаныя карункі. Яна таксама навучылася ткаць, але былі больш даспадобы аўтарскія варыянты даволі разнастайнай тэматыкі. Вера Мацнева — майстар фларыстыкі. Са звычайных апалых пялёсткаў хатняй герані, з фасолін, калінавых ягад і жытнёвых каласоў у яе атрымалася цудоўная мазаіка для незвычайнай вазы. Светлы настрой дораць нам усмешлівыя твары дзеда з бабай — аднайменнае пано зроблена народнай майстрыхай імгненна, пакуль не застыў клей… са звычайнага кавалка скуры старой курткі. Чаруюць вока яе аўтарскія работы з пяшчотным  бэзам і яркімі ружамі, зробленыя метадам выпальвання па шоўку. Хочацца затрымацца каля вышыванак і карцін, напісаных алеем. Работы Веры Мацневай знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Польшчы, Галандыі, Амерыцы. З імі з задавальненнем знаёміліся ўдзельнікі Дзён беларускай культуры ў Маскве, на міжнародных фестывалях нацыянальных культур у Гродне, «Славянскім базары» ў Віцебску і г.д. Вера Мацнева — чалавек духоўны: яна не толькі пастаянна наведвае мясцовую праваслаўную царкву, але і спявае ў царкоўным хоры, стварае іконы. Адну з іх — «Пачаеўскую Багародзіцу» — перадала ў храм. І, канешне ж, займаецца саломапляценнем. У Веры Іванаўны шмат арыгінальных работ. Многія ведаюць яе незвычайныя караваі з саломкі, залацістых буслоў, прыгожыя пацеркі і кветкі, адмысловых пеўняў і цудоўнага каня з саломкі, толькі над каркасам якога працавала амаль месяц. Гэты Пегас нібы з»явіўся з казкі, каб чарговы раз падарыць натхненне сваёй гаспадыні на новыя творы. І яны прыходзяць у новых жанрах. Не так даўно Вера Мацнева пачала пісаць вершы на ўкраінскай, рускай і беларускай мовах. Падрыхтаваны да друку зборнік вершаў, у які ўвайшло больш сарака яе паэтычных твораў. Многія ведаюць яе «Песню пра Нясвіж», байку «Лянівая ўнучка» і шэраг лірычных вершаў, якія не могуць пакінуць раўнадушным слухача.

…Вера Іванаўна задумліва глядзіць у акно і нібы між іншым дэкламуе па-ўкраінску, а я ўспрымаю па-беларуску, шчымліва-цёплыя лірычныя радкі восеньскага настрою: «Вецер пад вакном галосіць. Смутак душу забірае. І халоднай журбой восень у жыццё маё ступае…» І тут жа ўсміхаецца — залатыя крылы яе Пегаса дораць новы настрой і новы творчы ўзлёт.

Святлана ХОРСУН

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.