Вялікая гаспадарка Мікалая Ленкаўца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Галоўным аграномам у калгасе (цяпер  закрытае акцыянернае таварыства «1 Мая») Мікалай Міхайлавіч  Ленкавец  адпрацаваў 38 гадоў. Не паспееш азірнуцца, як пра  нейкія паўтара года  споўніцца 40 з таго часу, як ён  прыехаў жыць у Салтанаўшчыну, узначаліў агранамічную службу тадышняга калгаса імя Кірава. Хлопец з вёскі Лактышы Ганцавіцкага раёна  стаў сваім, мясцовым, на Нясвіжчыне, зросся  з гэтай зямлёй, якой аддаў большую частку свайго жыцця, дзе нарадзіліся  яго дзеці, дзе знайшлі прымяненне яго веды. І  сёння ён — самы старэйшы ў  нашым раёне галоўны аграном  сельгаспрадпрыемства.

У школе ён добра ведаў фізіку і матэматыку. Таму, атрымаўшы атэстат сталасці, здаў экзамены на фізмат Брэсцкага  педінстытута. Але, вярнуўшыся з абласнога цэнтра, сустрэўся з непаразуменнем  аднакласнікаў. Яны адгаворвалі:  што ты, маўляў,  будзеш усё жыццё з мелам каля дошкі  стаяць, а дзеці да матэматыкі не вельмі цягнуцца… Паразважаў Мікалай і за-браў дакументы з інстытута, яшчэ паспеў здаць  іх у Пружанскі саўгас-тэхнікум. Гэты крок і вызначыў яго далейшае жыццё. Скончыўшы ў 1969 годзе тэхнікум, паступіў на завочнае навучанне  ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Дыплом аб вышэйшай  адукацыі атрымаў у 1975-м, працуючы галоўным  аграномам у  саўгасе «Нясвіжскі»      (в. Церасполле) — цяпер гэта структурнае падраздзяленне  СВК «Агракамбінат Сноў». Першы сакратар  райкама партыі К.Ф. Сінічкін палічыў мэтазгодным перавесці маладога агранома ў больш буйную гаспадарку. Мікалай на той час яшчэ быў нежанатым, пераязджаць яму было  прасцей.   Якраз у гэты час у калгасе імя Кірава вызвалілася пасада галоўнага  агранома — Іван Васільевіч Сарока, які ўзначальваў гэту службу, стаў старшынёй гаспадаркі. Вось Кім Фёдаравіч і  «перакінуў» туды ў 1975-м маладога камуніста Ленкаўца.

Мікалай Міхайлавіч успамінае тыя часы. У гаспадарцы  ўшчыльную  займаліся вырошчваннем ільну. Займаў ён 110 гектараў. І быў прыбытковым. За лён заўсёды атрымлівалі прэміі — па тысячы рублёў давалі, а гэта ў тыя часы раўнялася амаль тысячы долараў, бо долар той каштаваў 97  савецкіх капеек. Але ж колькі  было ручной працы! І на льне, і на бураках…

— Разбівалі поле буракоў  на дзялкі, і па  тры разы за сезон тыя дзялкі  калгаснікі палолі. І ў мяне была норма, і ў старшыні — таксама, — расказвае Мікалай Міхайлавіч. — І якая ж тады была ўра-джайнасць: цукровых буракоў — 180-200 цэнтнераў з гектара, збожжавых — 10 цэнтнераў з гектара.

Ішоў час. Калі ў Дубейках пачалі будаваць комплекс на 6 тысяч  галоў буйной рагатай жывёлы, першы сакратар райкама партыі  Анатоль Мікалаевіч Бычак даў  заданне разлічыць  кармавую базу  гаспадаркі з улікам новага пагалоўя. Мікалай Ленкавец  разлічыў — кармоў на новы  комплекс не хапала. І гэта паслужыла  штуршком да аб»яднання ў 1981 годзе калгаса імя Кірава з суседнім калгасам «1 Мая». Угоддзі значна павялічыліся. А Ленкавец стаў  не толькі галоўным аграномам такой даволі  вялікай гаспадаркі, а і ўзначаліў яе партыйную арганізацыю, якая налічвала 114 камуністаў.  Днямі арганізоўваў работы на палях, а вечарамі  афармляў партыйныя дакументы, пісаў  даклады, праводзіў сходы камуністаў. Радыкальныя перамены ў палітычным  жыцці краіны ў пачатку 90-х гадоў, калі Камуністычная партыя перастала  існаваць, пакінулі свой след у душы. Тое, што стаяла ў авангардзе, што памнажала пачуццё адказнасці, раптам стала непатрэбным. Разгубленасць, надлом, страта партыйнай работы — праз гэта  тады многія прайшлі. Мікалаю  Ленкаўцу, ужо былому  парторгу, шукаць работу не давялося — ён застаўся галоўным аграномам. Зямля аказалася  надзейным саюзнікам, апорай і карміцелькай.

Яна і цяпер выклікае ў Мікалая Міхайлавіча  самыя лепшыя  пачуцці:

— Вось калі адсеяліся — і з»явіліся  дружныя ўсходы. Гэта ж — як нараджэнне дзіцяці. Ідзеш, любуешся, і такая радасць, такое  задавальненне ахоплівае. І калі ўраджай добры збіраеш — таксама. Год працаваў, укладваў сродкі, здароўе сваё і другіх людзей, а зямля  шчодра ад-дзячыла за клопаты — хіба ж не радасна?!

Новая складаная тэхніка, новыя тэхналогіі прыйшлі на палі. І праца агранома стала больш складанай. Трэба ведаць і гэтыя новыя  машыны, іх магчымасці, і ўсе тонкасці новых тэхналогій. Свой агульнаадукацыйны  ўзровень неабходна пад-трымліваць пастаянна, папаўняць багаж ведаў.

— Некалі адной аміннай соллю ўсё пустазелле ў збожжавых знішчалі — і свірэпу, і валошку, і асот з лебядой. А цяпер столькі відаў пустазелля развялося, хвароб, шкод-нікаў сельгаскультур… Мы ў год купляем 60 тон  сродкаў хімічнай аховы раслін — прыкладна 60 найменняў ядахімікатаў.

Ёсць такія, што ўносяцца па 15-30 грамаў на гектар. Трэба  гэту дозу правільна разлічыць, трэба фазу развіцця раслін ведаць і апрацаваць іх у самыя  аптымальныя тэрміны. Хімпрэпараты каштуюць дорага, і ад іх неабходна атрымаць высокую  аддачу — сабраць высокі ўраджай, — разважае далей мой суразмоўца. — Фірмы, якія рэалізуюць прэпараты, арганізуюць вучобу зімой і падчас пасяўной, раздаюць буклеты. Ездзім на доследныя  палі ў СВК «Агракамбінат Сноў», у лепшыя гаспадаркі Капыльскага, Слуцкага, Пружанскага раёнаў. Вучымся, пераймаем вопыт. Шмат даводзіцца чытаць, таму што аб навінках многа літаратуры выпускаецца. Дапаможнікам з»яўляюцца і часопіс  «Сельское хозяйство Беларуси», і газета «Белорусская нива». З  Расіі мне дасылаюць газету «Поле «Августа» — гадоў колькі назад яе супрацоўнікі  бралі ў мяне інтэрв»ю, надрукавалі, так сувязі і наладзіліся.

Я пра сродкі аховы раслін гаварыў. Тое ж можна сказаць і пра мінеральныя ўгнаенні. Правільнае ўнясенне ў глебу  азоту-фосфару-калію дапамагло  падняць ураджайнасць збожжавых да 50 цэнтнераў з гектара. Каб  мець 60-70 цэнтнераў і вышэй, трэба абавязкова  яшчэ ўносіць мікраэлементы — бор, марганец, малібдэн. Цукровым буракам, напрыклад, патрабуюцца  натрый і сера, кукурузе — цынк.  І неабходна дакладна ведаць: калі, што  і ў якой колькасці… Гэта — вялікая скрупулёзнасць. Гэта — складана. На высокі эфект працаваць — заўсёды складана. Тым больш, што вынік залежыць не толькі ад цябе, але і ад механізатараў — яны павінны дакладна выконваць указанні спецыяліста.  Тое, што ў апошнія 5 гадоў ураджайнасць культур прыкметна ўзрасла, — агульная заслуга.

На адным месцы стаяць нельга, і мы не стаім. Першымі ў рэспубліцы пусцілі па сваіх палях агрэгат «Раса» на ўнясенні мінеральных угнаенняў і ядахіміка-  таў. Ён лёгкі (ціск на глебу ўсяго 0,3 атмасферы), хуткі, з малым расходам паліва. Пяць гадоў вы-прабоўвалі гэтае дзецішча беларускіх умельцаў. На базе «1 Мая» быў праведзены абласны семінар. Спецыялісты пераканаліся, што машына вартая ўвагі. Цяпер  такія ж працуюць і ў іншых гаспадарках. А наша, першая, «Раса» ўжо 15 гадоў «бегае» па  першамайскіх палетках. У  2012 годзе  капітальна яе  адрамантавалі, і служыць земляробам далей.

Удасканалены ўвесь машынна-трактарны парк. Пра звычайныя плугі і культыватары  даўно забыліся. Іх замянілі абаротныя плугі, дыскатары,  цэнтаўры, камбінаваныя  сеялкі. Трактары  працуюць з навігатарамі.

Цяпер навука прапанавала наступную навінку, якую будзем асвойваць, — дакладнае земляробства, калі ўдабрэнні ўносяцца з дапамогай  камп»ютара па картаграме строга ў адпаведнасці  з патрэбнасцю кожнага  ўчастачка поля. Гэты аграпрыём і ўдабрэнні эканоміць, і расліны сілкуе належным чынам.

Закрытае акцыянернае таварыства «1 Мая»  валодае  6000 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку  4000 га — ворыўныя землі:  2 тысячы гектараў займаюць збожжавыя, тысячу — кукуруза, 530 га —  цукровыя буракі, астатняе — шматгадовыя травы (сумесь люцэрны, канюшыны, цімафееўкі). Усё гэта — аб»ект пастаяннай  увагі галоўнага агранома Мікалая Ленкаўца, тэхнолага зямлі.

Як да вопытнага спецыяліста, часта  звяртаюцца да Мікалая Міхайлавіча  па параду вяскоўцы. Пытаюцца пра сарты, пра  прымяненне ядахімікатаў. Ён з усімі  пагутарыць, падкажа, як  зрабіць лепш.

Ды і дома яго веды знаходзяць  прымяненне. Сорак сотак зямлі заўсёды засаджвалі, засявалі; гэта цяпер ужо зменшылі прысядзібны  ўчастак да 20-30 сотак, затое  ўзяўся Мікалай Міхайлавіч  за новы від гаспадарання  — завёў пчол. Мёд, як і лекавыя расліны (ліпа, чабрэц, рамонак, ліст чарніцы і брусніцы, кветкі  дзьмухаўцу, галега, ліст  чырвоных і чорных парэчак, ягады шыпшыны) — выдатны сродак  для прафілактыкі прастудных захворванняў. А настоі ён умее рабіць, ведае рэцэпты, бо шмат чытае і пра  фітатэрапію. Травяны чай — прывычны складнік яго меню.

Даўно не маладзенькі, маючы пенсійны ўзрост, ён энергічны, рухавы. Мікалай  Міхайлавіч не баіцца  напружанасці, нагрузак. Ён упэўнены:

— Рабочы рытм трымае чалавека ў тонусе.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.