Аб Полацкім княстве

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

З багатай гістарычнай спадчыны нашай краіны многае  даследавана, напісаны  навуковыя работы, кнігі. Але ёсць і нераскрытыя факты, якія  цярпліва шукаў расійскі доктар гістарычных навук А.А. Чаромін. Дзякуючы яго настойлівасці і карпатлівай  працы, выйшлі кнігі “Тураўскае княства” і “Полацкае княства”. Прэзентацыя апошняй  адбылася ў  раённай бібліятэцы. На сустрэчу  з аўтарам сабраліся  людзі пажылога  ўзросту і навучэнцы дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

А.А. Чаромін расказаў аб рабоце над кнігай, прывёў цікавыя факты аб мяжы Полацкага княства з Рыгай, Гроднам, Слуцкам, Калінінградам,  Смаленскам,    Наўгародскай і Пскоўскай  абласцямі.  Пры стварэнні кнігі аўтар ставіў  сваёй задачай паказаць малавывучаныя культуру і быт  палачан. Мясцовыя  ўмельцы выраблялі  металічныя і керамічныя рэчы і вялі гандаль з арабамі,  кавалі нямецкія і  скандынаўскія мячы. А знакаміты  крыж Ефрасінні Полацкай, зроблены з кіпарысу  Лазарам Богшай, упрыгожаны каштоўнымі камянямі, золатам і серабром! На жаль, ён прапаў у Вялікую Айчынную вайну, быў  вывезены ў Швейцарыю, а потым Нью-Ёрк, дзе знаходзіцца і цяпер. Другой  святыняй была  Эфеская (ад  назвы горада Эфес) ікона Божай Маці, якая вывезена ў Расію, і цяперашні ўладальнік вярнуў бы яе толькі за вялікія грошы.  Полацкае Евангелле з аўтографам Андрэя Полацкага, удзельніка Кулікоўскай бітвы, таксама напаткаў лёс “эмігранта” – яно знаходзіцца ў  адной з бібліятэк Расіі. Летась у нас было выпушчана  яго факсімільнае выданне.

Цікавасць прадстаўляе ў кнізе і генеалогія полацкіх князёў Барыса і Рагвалода з іх складаным лёсам.  Характэрны той факт, што  мясцовыя князі мелі выхад  да Балтыйскага мора і  Рыжскага заліва ў ХІІ стагоддзі. Аўтар знайшоў у архівах матэрыялы і здымкі старадаўніх браслетаў, крыжы, што сведчыць аб развіцці ювелірнага  майстэрства ў Полацкім княстве. Сапраўдныя рарытэты – і мазаіка ў Сафійскім саборы,  і фрэскі  Спаса-Ефрасіньеўскага манастыра, пячаткі ігуменаў, епіскапаў і князёў, перапіска з замежнымі суседзямі. У кнізе змешчаны матэрыялы пра дзейнасць Ефрасінні Полацкай, узятыя з яе “Жыція” і ў замежных архівах, Наваполацкім універсітэце. Працаваў над кнігай А.А. Чаромін на працягу года, пабываў у дзяржаўных архівах Масквы, Санкт-Пецярбурга, Германіі. Цяпер гісторык рыхтуе кнігу пра Брэст, на чарзе – Віцебск. За-ключным акордам  стане  падагульняючае выданне “Беларусь” – пра  гісторыю краіны, дзе будуць раздзелы пра Нясвіж, Брэст, Полацк, Гомель.

– Я даўно марыў напісаць  гістарычныя нарысы пра Беларусь, – гаворыць Аляксандр  Аляксандравіч. – Расказаць, як жылі  людзі, пра іх быт, культуру, эканамічны лад. І гляджу на ўсё гэта як бы збоку, але аб”ектыўна, ні ў якім разе не ўзгадваючы палітычныя нюансы. Спадзяюся, выклічуць цікавасць і мае творы  “Узнагароды СССР за працу”, “Узнагароды СССР за ваенныя подзвігі”. Усяго выдадзена  30 кніг на гістарычную тэму. Некаторыя архіўныя дакументы мне давялося вывучаць нават на кафедры “Саветалогія” ў Сарбоне.

Напрыканцы сустрэчы пісьменнік адказаў на пытанні слухачоў.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.