Бывайце, Настаўнік!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сорак дзён мінула, як пайшоў з жыцця Міхаіл Васільевіч Саленік. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, кавалер двух  ордэнаў Працоўнага Чырвонага  Сцяга, ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа. З 1966  па 1998 гг. – старшыня калгаса, дырэктар адкрытага акцыянернага  таварыства “Новае жыццё”.

Ён так многа зрабіў для роднай зямлі, для сваіх людзей, быў такім асаблівым чалавекам, што пра гэта  можна гаварыць бясконца, і кожны раз прыводзіць новыя факты, новыя прыклады, дзяліцца новымі ўражаннямі. Бо ў кожнага чалавека, які  хоць калі-небудзь меў стасункі з Міхаілам Васільевічам, ёсць што сказаць пра яго.

… Здаецца, зусім нядаўна быў   цёплы, сонечны майскі дзень, калі мы віншавалі Міхаіла  Васільевіча з 80-гадовым юбілеем.  Удзячна той нагодзе, што прывяла да яго ў Аношкі, што я зноў  сустрэлася з Настаўнікам, слухала, распытвала, занатоўвала ў журналісцкім блакноце і на дыктафон. Гэтыя “ўрокі” былі для мяне, на жаль, апошнімі. Таму і па-чалавечы балюча з-за гэтага і па-журналісцкі крыўдна, што не  стала такой  жыва-творнай крынічкі, з якой  чэрпаліся і свежасць думкі, і творчае натхненне, і пачуццё вялікага яднання з роднай зямлёй. І я ўдзячна лёсу за тое, што падараваў магчымасць  сустрэць   на жыццёвым  шляху такога мудрага  чалавека, наватара, энтузіяста, умелага  кіраўніка, які шмат вучыўся сам і вучыў іншых. Якія толькі навінкі ні ўкараняліся ў калгасе “Новае жыццё” пад яго ўдумлівым кіраўніцтвам: і гаспадарчы разлік, і брыгадны падрад, і чэкавая  форма разлікаў за выкананую работу. Аб усім гэтым мы, журналісты раённай газеты, расказвалі на яе старонках,  каб іншыя пераймалі перадавы вопыт у арганізацыі працы. А каб пісаць пераканаўча, доходліва і цікава, трэба самому ва ўсё ўнікнуць дасканала, разабрацца. Вось  і разбіраліся – з дапамогай  Міхаіла Васільевіча Саленіка і яго спецыялістаў.

Як сёння памятаю: Міхаіл Васільевіч  прыехаў да нас у рэдакцыю, і мы ў аддзеле сельскай гаспадаркі  рыхтавалі з ім “Эканамічную старонку”. Яе  тэмай быў брыгадны падрад. Мой суразмоўца прыводзіў лічбы, факты, і было бачна:  у “Новым жыцці” не дзеля пагоні за  моднымі павевамі, а дзеля павышэння  эфектыўнасці вытворчасці браліся  за нязведанае. Толькі-толькі  пачаўся 1983 год, і вынікі  дасягнутага ў 1982-м гаварылі самі за сябе: механізаваная брыгада, саветам якой кіраваў трактарыст-машыніст Васіль Твароўскі, на 1 бал ворыва атрымала  болей на 1 кг збожжа, на 4 кг – ільнонасення, на 73 кг – сена  са шматгадовых траў, чым у  сярэднім па гаспадарцы. Брыгада В.Твароўскага працавала па прынцыпе  самакіравання, з”яўлялася калектыўным выхавацелем.

У “раёнцы” М.В. Саленік выступаў  даволі часта, і яго артыкулы былі  як лекцыі па раслінаводстве, жывёлагадоўлі, механізацыі, эканоміцы і арганізацыі працы. Вось некаторыя вытрымкі з іх: “За ўраджай трэба змагацца, пачынаючы з апрацоўкі глебы. Варта пазбягаць заганнай практыкі, калі ворны пласт імкнуцца пераварочваць часцей. Гэта  няправільна, бо мы такім чынам парушаем структуру ворыўнага  гарызонту…”; “На 5 % можна  павысіць прадукцыйнасць працы толькі за кошт  павышэння  культуры вытворчасці…”; “Клопаты аб чалавеку  працы – вось што на першым плане ў  калгасе. І людзі гэта добра  ведаюць. Таму і моладзь  ахвотна застаецца працаваць на  палях і фермах. Вось і нядаўна 10 юнакоў пасля звальнення  ў запас вярнуліся ў родныя мясціны. На агульным сходзе ва ўрачыстай абстаноўцы  прынялі іх у члены калгаса, выдалі грашовую дапамогу. Маладыя – наша надзея і апора…”

Нам, журналістам, імпанавалі яго вялікая дасведчанасць, дабрыня, чалавечнасць, даступнасць, адсутнасць снабізму і ганарлівасці, хаця рэгалій меў шмат. Ён быў – Асоба. Калі ў рэдакцыі  “раёнкі” даведаліся пра  смерць Міхаіла Васільевіча, хтосьці з калег прамовіў: “Гэта ж ад нас пайшоў мэтр сельгасвытворчасці”.

– Спецыялістам было вельмі цікава працаваць з ім.  Мы не проста ўкаранялі навінкі. Усе намаганні скіроўваліся  на тое, каб людзі ад іх штосьці  мелі, каб у іх была матывацыя добра працаваць, – дзеліцца са мной успамінамі былы  эканаміст калгаса, з 2004 па  2011 год – намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Новае жыццё” Святлана Ціхонка, якая ад-працавала  пад кіраўніцтвам М.В. Саленіка з 1977 па 1998 год. – Даплаты  працаўнікі атрымлівалі ў канцы года добрыя, на паўмашыны легкавой можна было адразу адкласці. Тым, хто больш стараўся, у  першую чаргу вы-дзялялі калгаснае жыллё.

У наш калгас прыязджалі вучыцца будучыя кіраўнікі. Мы для Міхаіла Васільевіча рыхтавалі  аналітычныя запіскі, ён усё аналізаваў і пасля выступаў перад гасцямі, нас таксама пакідаў у зале: “Можа, я што не так скажу, вы мяне паправіце”. Папраўкі нашы не патрабаваліся, бо памяць у яго была  фенаменальная, і ў эканоміцы ён  разбіраўся.

Міхаіл Васільевіч быў  неардынарным чалавекам – разумным, інтэлігентным, вялікім псіхолагам, умеў гаварыць з людзьмі, ведаў, каго па-хваліць, а каго пакрытыкаваць. На нарадзе ён мог  гаварыць  пра нечыю памылку, недапрацоўку, і ніхто не ведаў, каго тычацца яго  нараканні, толькі сам вінаваты разумеў. Вось такі педагагічны прыём…

Дзейнічаў Міхаіл Васільевіч  па прынцыпе: патрабуй немагчымага  – атрымаеш па максімуму. Ён ставіў задачу, пра якую спецыяліст спачатку думаў: яна ж невыканальная. А калі браўся рабіць – усё атрымлівалася. Даводзілася толькі  добра “папацець”. І калі кіраўнік штосьці даручаў – такога не было, каб  нехта не выканаў даручэння, бо Міхаіла Васілье-віча паважалі і цанілі. І ён цаніў людзей працы,  клапаціўся пра іх высокія  заробкі,  даваў самастойнасць галоўным спецыялістам, каб умелі мысліць, шукаць правільнае  рашэнне і вырашаць праблемы. Разам з тым, цярпець не мог аматараў выпіць і зладзеяў. Калі  заўважаў, што ў рабочы час хтосьці  “пад градусам”, з тым чалавекам адразу развітваліся.

Чалавек гаспадарлівы, ён клапаціўся і пра вытворчасць, і пра  жыллёвыя, бытавыя ўмовы людзей, пра культурнае жыццё вяскоўцаў, пра падрастаючае пакаленне. Таму і была ў Аношках  добра развіта  ўся інфраструктура, створаны  сапраўдны аграгарадок ужо тады, у канцы 80-х.  І невыпадкова  фермеры з Канады  і ЗША, якія наведалі ў той час  “Новае жыццё”, былі вымушаны прызнаць, што сістэма  гаспадарання тут больш  прагрэсіўная, чым фермерства нават у перадавых капіта-лістычных  краінах.

Ён шмат займаўся грамадскай працай. У 80-х гадах землякі аказалі  М.В. Саленіку вялікі давер, выбралі  яго дэпутатам Вярхоўнага Савета  БССР. Міхаіл Васільевіч  быў дэлегатам IV Усесаюзнага  з”езда калгаснікаў, які праходзіў у Маскве ў сакавіку 1988-га.

– А як радаваўся Міхаіл Васільевіч, калі ў Аношках на вуліцы  Цэнтральнай пачалі ўзводзіць шматпавярховыя жылыя дамы (каля  сталовай і магазінаў). Кватэры там вялікія,  3- і 4-пакаёвыя, з паркетнай падлогай і двума  ўваходамі. Ён сам адшукаў і праекты, і падрадчыка, – працягвае свой аповед Святлана  Арсеньеўна Ціхонка. – А калі  ў 1982 годзе мы стварылі  на вёсцы першы жыллёвы кааператыў (першы нават  у рэспубліцы!), ён запрасіў  архітэктараў, якія паказалі  будучым навасёлам праекты, і мы  самі выбіралі, што будаваць.  Пры ім у Аношках быў створаны  края-знаўчы музей. Ён стаў ініцыятарам узвядзення праваслаўнага храма. Усё тут выпакутавана яго душой, яго сэрцам… Мы самі здзіўляліся, як ён усё ўмеў і ўсяму даваў рады. І цяпер не перастаём дзівіцца гэтаму. Акрамя таго, што Міхаіл Васільевіч  заўсёды асабіста кантраляваў справы на вытворчасці, ён прыходзіў на рэпетыцыі калгаснага хору і канцэрты ў СДК. Быў ініцыятарам  замацавання спецыялістаў  гаспадаркі за класамі школы, мы адказвалі за  паспяховасць дзяцей – такім быў клопат пра нашых будучых патэнцыяльных работнікаў. А колькі разоў калектыўна ездзілі ў сталічныя  тэатры, на розныя канцэрты, на возера Свіцязь з дзецьмі, і ён – з намі. Жарты, смех… Калі на святы сталы накрывалі, то тамады ніколі не запрашалі, ён усё – сам.  Кампанейскі, культурны. Нецэнзурнага слова ад яго ніколі не чулі.  Камплімент – так, мог сказаць, каб чалавеку весялей  працавалася.

Міхаіл Васільевіч, калі пайшоў на адпачынак, захаваў сваю актыўнасць.  Шмат працаваў у кветніку ля хаты, які ўпрыгожвалі ружы, сальвіі, аксаміткі, хваёвыя расліны. Займаўся спортам – любіў ездзіць на веласіпедзе. Цікавіўся, як  і чым жыве раён, як ідуць справы на палях і фермах “Новага жыцця”…

…Правесці свайго земляка ў апошні шлях сабралася шмат вяскоўцаў. Былі пажылыя людзі з Гусакоў, Малаедаў, Коханавічаў, з яго роднай Каменкі… “Як жа я магла не прыйсці?! – гаварыла адна жанчына,  у гадах. – Ён для мяне столькі зрабіў…”

–       Сумуем без яго. Быццам страцілі ў жыцці нешта вялікае… – кажуць  аношкаўцы.

Смуткуем… Шкадуем… І неяк не верыцца, што Міхаіла Васільевіча  ўжо няма з намі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.