ФІЛІЯЛУ “НЯСВІЖСКАЕ УМГ ААТ “ГАЗПРАМ ТРАНСГАЗ БЕЛАРУСЬ” — 35 ГАДОЎ

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

35 гадоў таму, у канцы лістапада 1978 года, праз Нясвіжчыну пралёг шлях бесперабойнай транспарціроўкі і падачы спажыўцам Беларусі і Заходняй Еўропы “блакітнага агню” (так сімвалічна называюць прыродны газ – па колеры яго полымя пры гарэнні), які нясе ў дамы людзей цяпло і камфорт, а на шматлікія прадпрыемствы – магчымасць працаваць больш прадукцыйна і выпускаць больш якасную прадукцыю.

Гэтаму папярэднічала нялёгкая праца мноства людзей, аб чым гавораць успаміны сведкаў тых падзей. Так, намеснік начальніка Нясвіжскага УМГ Георгій Рыгоравіч Дашко ў кнізе “Гэта наша з табой біяграфія” ўзгадвае:

-Усе мае цікавыя эпізоды з жыцця звязаны з працоўнымі буднямі. 1978 – 1979 гады. Суровая зіма. Няма ніякіх бытавых умоў, няма ацяплення. У гэты няпросты час ідзе падрыхтоўка да пуску першай чаргі кампрэсарнай станцыі “Нясвіж”  – адной з буйнейшых на газаправодзе “Таржок – Мінск – Івацэвічы” і адзінай у Беларусі з газатурбінным прывадам.

І вось 16 лістапада 1978 года загадам №495 вытворчага аб”яднання “Захадтрансгаз” было створана Нясвіжскае лінейнае вытворчае ўпраўленне магістральных газаправодаў. Загадам Беларускага дзяржаўнага прадпрыемства па транспарціроўцы і пастаўцы газу “Белтрансгаз” ад 25 лістапада 1992 года №196 яно было перайменавана ў Нясвіжскае ўпраўленне магістральных газаправодаў. Але свой дзень нараджэння Нясвіж-скае УМГ адзначае з 28 лістапада 1978 года, калі быў прызначаны яго першы начальнік  – Віталь Васільевіч Глушчук. Шмат гадоў – з мая 1987 да чэрвеня 2009 – упраўленнем кіраваў Ігар Віктаравіч Піменаў. Зараз яго ўзначальвае Сяргей Міхайлавіч Лапін.

Памятным для Нясвіжскага УМГ стаў 1999 год, калі была ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга беларускага ўчастка газаправода “Ямал – Еўропа” даўжынёй 209 км. У 2000 годзе было пачата будаўніцтва валаконна-аптычнай лініі сувязі газа-правода “Ямал – Еўропа”, праведзены комплексныя выпрабаванні аўтаматычнай сістэмы кіравання тэхналагічнымі працэсамі кампрэсарнай станцыі “Нясвіжская” гэтага газаправода сумесна з тэхналагічным абсталяваннем, пачата яе прамысловая эксплуатацыя ў поўным аб”ёме. Кампрэсарная станцыя “Нясвіжская” з яе магутнымі агрэгатамі да 2005 года адна забяспечвала пастаўкі блакітнага паліва на Захад. Потым да яе далучыліся “Слонімская”, “Мінская”, “Крупская”, “Аршанская”.

Сёння лінейна-эксплуатацыйная служба ўпраўлення абслугоўвае каля 1000  км магістральных газаправодаў “Таржок – Мінск – Івацэвічы” і “Ямал – Еўропа”. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, рэалізацыя і транспарціроўка прыроднага газу выраслі на 13%. Увогуле ж, за гады існавання ўпраўлення спажыўцам пастаўлены сотні мільярдаў кубаметраў газу.

Нельга забываць і пра тое, што метан – асноўны кампанент прыроднага газу – гэта каштоўная сыравіна для хімічнай прамысловасці і экалагічна чыстае аўтамабільнае паліва. У Нясвіжскім упраўленні эксплуатуецца дзве аўтагазанапаўняльныя перапампоўваючыя станцыі – у Баранавічах і Нясвіжы – і бескампрэсарны заправачны пункт у пасёлку Турэц Карэліцкага раёна. У Баранавічах адкрыты пункт пераабсталявання аўтамабіляў на газабалонныя ўстаноўкі “прапан – метан”, на якім аказваецца поўны набор паслуг па ўстаноўцы, абслугоўванні і суправаджэнні ўсёй лінейкі абсталявання.

Увогуле, пытанням мадэрнізацыі і ўкаранення новай тэхнікі і тэхналогій, эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў асаблівая ўвага надаецца пастаянна. У 2009 годзе была ўве-дзена ў дзеянне новая газаразмеркавальная станцыя “Любкаўшчына” ў суседнім Стаўбцоўскім раёне, якая працуе на сучасным імпартным абсталяванні, а ў будучыні плануецца правесці рэканструкцыю на ўсіх газаразмеркавальных станцыях Няс-віжскага УМГ у 14 раёнах трох абласцей краіны.

У бягучым годзе прадпрыемства займалася планавым рамонтам, мадэрнізацыяй і рэканструцыяй асноўных сродкаў. Аварыйна-аднаўленчы поезд праводзіў рамонтна-аднаўленчыя работы на аб”ектах газатранспартнай сістэмы па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Як бы ні ўдасканальваліся тэхналогіі і абсталяванне транспарціроўкі газу, без удзелу чалавека ў гэтым працэсе “блакітнае паліва” не толькі не прынясе карысці, але нават можа стаць небяспечным. Таму пад пільнай увагай кіраўніцтва ўпраўлення пастаянна знаходзіцца прафесійны рост работнікаў усіх узроўняў, бяспека ўмоў працы, павышэнне матэрыяльнага дабрабыту, паляпшэнне бытавых умоў, умацаванне здароўя і паўнацэнны адпачынак.

Ва ўпраўленні працуе вельмі шмат дастойных людзей, пра некаторых з якіх раскажуць нашы фотаздымкі.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.