Мяняем жыццё на плотку?

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Зіма – час вясёлых дзіцячых  забаў на свежым, марозным  паветры. Лыжы, санкі, канькі… Хруст марознага  шарпаку пад  нагамі. Іскрысты бляск інею на дрэвах. Прыгажосць… Прыўзняты  настрой…Толькі сёлета гэта яшчэ наперадзе. Спадзяёмся. Зіма  пакуль што вельмі нясмела ўступае ў свае правы. І пра забавы,  характэрныя для марозных, снежных месяцаў года, нам даводзіцца пакуль  што толькі марыць. Надвор”е вельмі няўстойлівае, невялікі температурны начны мінус пераплаўляецца днём у плюс, хочам мы таго, ці не. Па папярэдніх прагнозах  сіноптыкаў, да каталіцкіх  Калядаў сапраўднага снегу і  марозаў на Міншчыне не чакаецца. І лёд на вадаёмах яшчэ не  выклікае пачуцця бяспекі – яшчэ зусім нядаўна  нясвіжскія сажалкі плёскаліся  хвалямі халоднага  цёмна-сталёвага колеру.

Аднак аматары падлёднага лову рыбы  ўжо выйшлі на свой промысел. Часам захапленне, хобі, як наркотык, затуманьвае мозг, пазбаўляе магчымасці думаць і разважаць цвяроза. Рыбакі, а гэта і людзі   далёка не маладзенькага ўзросту, чамусьці не ўяўляюць пагрозы, якая іх пад-сцерагае на тонкім лёдзе, грэбуюць правіламі бяспекі, сваё жыццё цэняць  нізка, гатовыя прамяняць яго на пару-тройку плотак.

Мала таго, што рыбакі  падвяргаюць небяспецы сваё жыццё, яны падаюць дрэнны прыклад дзецям, правакуючы іх  апрабаваць першы лёд. А малыя  – яны ж нецярплівыя і цікаўныя, не ўстрымаюцца… І тады бяды не мінаваць.

…Першая чорная навіна такога кшталту “прыляцела” 7 снежня, калі загалоўкі ў рэспубліканскіх газетах  прымусілі сэрца сціснуцца ад болю: “Школьнікі з Гомеля праваліліся пад лёд”. Тры вучні 2 класа  пасля ўрокаў, перш чым пайсці  дадому, завіталі на вадаём, які знаходзіцца каля школы. Пад цяжарам вагі дзяцей тонкі  лёд праламаўся. На дапамогу кінуліся двое  выпадковых сведак здарэння.  Ім удалося выратаваць аднаго  хлопчыка. Яго сябры, на жаль, загінулі.

17 снежня газеты  зноў паведамілі: “Дзіця правалілася пад лёд”. Трагедыя адбылася на возеры  Віры недалёка ад вёскі  Вялікія Віктаровічы Столінскага раёна. 14 снежня, у 10.00, жыхары вёскі, браты 1979 і 1991 гадоў нара-джэння, пайшлі на рыбалку з 8-гадовым пляменнікам. А 13-й гадзіне хлопчык  паскардзіўся, што яму холадна, і  дарослыя адпусцілі яго аднаго ісці  дамоў, да бабулі, не здагадаўшыся  правесці. Хлопчык да краю возера не дайшоў – праваліўся ў палонку. Пра гэта рыбакі даведаліся праз тры гадзіны, калі вярнуліся дамоў. Пошукі па слядах дзіцяці  прывялі да палонкі, якая  знаходзілася  за 5 метраў ад берага. На наступны дзень, 15 снежня, вадалазы  манеўранна-пошукавай групы Столінскага  таварыства выратавання на водах абнаружылі цела на дне возера.

Яшчэ адна трагедыя адбылася нядаўна на рацэ  Бярэзіна ў Бабруйскім раёне. Дзюралюмініевая лодка, з якой трое мужчын лавілі рыбу, перакулілася, і людзі апынуліся ў ле-дзяной  купелі. Да берага дабрацца  змог толькі адзін чалавек. Яго брат і сваяк загінулі.

Ратавальнікі нагадваюць: трэба быць пільнымі на вадзе (лёдзе), не грэбаваць сродкамі выратавання – камізэлькамі, спецыяльнымі  паясамі; бяспечным лічыцца лёд  таўшчынёй не меней за 7 сантыметраў, а калі тэмпература паветра  трымаецца вышэй нуля больш за тры дні, то  моцнасць лёду змяншаецца на 25 %.

Чаму такія жудасныя факты не спыняюць аматараў падлёднай рыбалкі ў гэтыя параўнальна цёплыя снежаньскія дні? Няўжо яны не шкадуюць свайго жыцця, не памятаюць  пра дзяцей ці ўнукаў – сваіх, суседскіх, зусім чужых (якая розніца?!).  Ці прымаўка “Пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца” жывая і да гэтага часу?  Пара ўжо задумацца.  Пара хрысціцца раней, каб не грымнуў гром.  Бо “ўдарыць” можа  вельмі балюча.  На кану – чалавечае жыццё.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

P.S. Падрыхтаваўшы гэты артыкул да вёрсткі на газетнай паласе, разгарнула  “свежую” “Звязду”, за 18 снежня. Зноў – надзвычайны выпадак  на возеры, ужо ў Гарадоцкім раёне. Рыбак праваліўся  пад лёд. На шчасце, яго  паспелі выратаваць, з дыягназам  “агульнае пераахаладжэнне” перадалі брыгадзе хуткай  медыцынскай дапамогі. А магло б быць інакш…


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.