Ноеў каўчэг Алега Пракарыны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Мастак-універсал: мусіць, так можна назваць вядомага мастака з Нясвіжа Алега Пракарыну. Ён умее бачыць незвычайнае ў звычайным, з непатрэбных друзачак, лічы, са смецця, зрабіць мастацкі шэдэўр. Аднолькава таленавіта ў яго атрымліваюцца і класічныя карціны, героі якіх – сучаснікі, і родныя пейзажы, і царкоўныя сюжэты, іконы, і манументальная скульптура з дрэва і каменю. А яшчэ ён піша вершы ў японскім стылі і выкладае ў Нясвіжскім каледжы на аддзяленні дызайну.

З яго дызайнерскім талентам можна пазнаёміцца ў студэнцкай сталоўцы каледжа. Інтэ-р”ер упрыгожваюць карціны са звычайнай чарапіцы, металічных болцікаў і клёпак, дрэва і з незвычайнымі подпісамі ў японскім стылі “хайку”. У 1990 годзе  Алег Пракарына прымаў удзел у конкурсе “хайку”, які праводзіла газета “Аргументы и факты”: з некалькіх вершаваных радкоў трэба было вылучыць найбольшую колькасць сэнсавых значэнняў. З 2 тысяч канкурсантаў у спіс пераможцаў трапілі нямногія. Сярод іх і наш герой. Яго творчыя аўтографы пасля мастацкіх пленэраў засталіся за гэтыя гады ў многіх гарадах Беларусі. Шмат іх і на Міншчыне. Аўтарскія работы Алега Пракарыны – паркавая манументальная скульптура – упрыгожылі Капыль, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна, Івянец, Старыя Дарогі, Беразіно, Слуцк і, вядома ж, Нясвіж. “У Нясвіжы, напрыклад, гэта фігуры дзвюх дзяўчат у нашым парку, зробленыя з вертыкальных бярвёнаў у выглядзе незвычайнай лавачкі”, – тлумачыць Алег Вікенцьевіч. На думку творцы, прастора, у якой жыве чалавек, павінна быць гарманічнай. Менавіта такі і бацькоўскі дом Алега Пракарыны ў Снове, які мастак ператварыў у свой “Ноеў каўчэг”. Гэта не толькі ўласная прастора, аздобленая яго мастацкім бачаннем, але і цёплы, утульны куток, дзе можна працаваць і адпачываць. Тут і саматканыя посцілкі бабулі Веры Іванаўны, і дарожкі, і нават яе прасніца і куфэрак. У двары камяні, якія ажылі пад рукою майстра: “Царэўна-жаба” і незвычайны магічны камень з выбітым на ім крыжам. Поруч, у гародчыку,  круціць вецер флюгер з алюмініевым анёлам… Тут і драўляныя лыжкі, зробленыя сваімі рукамі, і іншы посуд.

– Памятаю, калі яшчэ вучыўся ў Кобрынскім мастацкім каледжы, любіў дарыць падарункі, зробленыя сваімі рукамі, – прыгадвае мастак. – Сястры я зрабіў пано “Скарпіён”: яна ў нас нарадзілася пад сузор”ем Скарпіёна. Гэтую ж традыцыю працягваў і калі вучыўся на мастацка-графічным факультэце тагачаснага Віцебскага педінстытута, і калі пайшоў працаваць.

Сёння Алег Пракарына дорыць свае работы знаёмым, сябрам; шматлікія вернікі прыходзяць з малітвай у храмы з яго роспісамі і іконамі (у Мінскім, Дзяржынскім, Нясвіжскім і іншых раёнах); многія паркі і скверы ўпрыгожаны яго манументальнымі скульптурамі. Некалькі год таму ён падарыў вёсцы Азярыцкая Слабада, што пад Смалявічамі, скульптуру каня, зробленага з металічных балтоў і бляшанак. Фота трапіла ў інтэрнэт, і яго знаёмы, не ведаючы аўтара незвычайнага шэдэўра, з гонарам паведаміў, што ў Галівудзе ўсе ў захапленні ад беларуса, які з металалому змог зрабіць такі цуд…

Алег Пракарына глядзіць на свет з дабрынёй і ўсмешкай. І бачыць неба ў кропельцы расы.

Святлана ХОРСУН

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.