У 2013-м — 190 год з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Здесь дни мои текут спокойно,

Здесь хлеба вдоволь и цветов,

И вечерком приятель добрый

Потолковать со мной готов.

Средь яблонь, груш и дубов старых

Отрадно в этой мне тиши.

Еще одно бы только благо –

Одно спокойствие души!

У. Сыракомля,

урывак з верша “Дума”

Напэўна, няма такога аматара музыкі, які б не ведаў надта папулярны ў савецкі час раманс “Когда я на почте служил ямщиком”. Але наўрад ці хто ведаў, што словы гэтай песні – літаратурны пераклад верша “Паштальён” беларускага і польскага  паэта, публіцыста, крытыка, перакладчыка, этнографа Уладзіслава Сыракомлі, 190-гадовы юбілей якога мы сёлета адзначылі. Не ведалі, бо ён быў адным з тых напаўзабытых паэтаў, плеяду якіх нам падаравала рамантычнае ХІХ стагоддзе…

Уладзіслаў Сыракомля (1823 – 1862)  – творца, чый талент нарадзіўся пад нашымі стрэхамі, акрапіўся хваляй Нёмана ды закрасаваў на нашай зямлі. Таму гэтак шчыра, любоўна адраджаюць нашчадкі яго спадчыну, перакладаюць на мову зямлі, з якой паэт быў родам.

Уладзіслаў Сыракомля – псеўданім, узяты ад родавага гербу Людвіка Кандратовіча. Нарадзіўся паэт 29 верасня 1823 г. і, паводле каталіц-кай традыцыі, быў названы ў час хрышчэння трыма імёнамі – Людвік Францішак Уладзіслаў. Мясціна, дзе яму давялося прыйсці на свет, мела назву Смольгаў. «Нарадзіўся я, – пісаў у сваім дзённіку паэт, – ад бацькі Аляксандра і маці Вікторыі са Златкоўскіх – Кандратовічаў…».  Яго бацька быў арандатарам, таму сям”і даводзілася часта пераязджаць. Людвіку не споўнілася двух гадоў, калі быў узяты ў арэнду новы фальварак – Яськавічы (цяпер вёска ў Салігорскім раёне), што знаходзіўся ў Слуцкім павеце, на беразе ракі Морач. Смольгаў на Любаншчыне, Яськавічы на Случчыне, Ку-дзінавічы, што паміж Капылём і Нясвіжам, Мархачоўшчына пад Новым Свержанем, Тулёнка і Залуча на Стаўбцоўшчыне, а таксама Нясвіж і Наваградак, дзе выпала вучыцца, – вось тыя мясціны на Беларусі, з якімі зрадніўся Сыракомля за дваццаць гадоў да свайго першага выступлення ў друку ў 1844 г. з вершам «Паштальён».

Многiя творы вясковага лiрнiка Уладзіслава Сыракомлі  прасякнуты абвостраным пачуццём любовi да бацькоўскай зямлi. «Заўсёды мне здавалася, – пiсаў У. Сыракомля, – што нельга палюбiць Мацi-зямлю родную без уважлiвага вывучэння ўсяго яе аблiчча. Навучыцца бачыць iскру, што ўпала з яе павек, плакаць яе слязьмi, якiя з вачэй яе цяклi або цячы маглi, нават з любасцю лiчыць маршчыны на яе твары – усё гэта абавязковыя ўмовы любовi. Даследаваць нашу родную зямлю       ў гiстарычных, прыродных,  этнаграфiчных, археалагiчных, геаграфiчных адносiнах – гэта, здаецца, вельмi просты вынiк таго, што прынята называць любасцю да радзiмы». Прытрымлiваючыся гэтага крытэрыю вызначэння любовi да Бацькаўшчыны, паэт падкрэслiваў, што сувязь чалавека з роднай зямлёй – ёсць праяўленне яго высокай духоўнасцi. Арыентуючыся на народны светапогляд, выводзячы вобразы «братоў у капоце і братоў у сярмязе» і апісваючы іх быццё і ваколіцы ў вершаваных і празаічных творах, Сыракомля імкнуўся дапамагчы беларускаму селяніну і дробнаму шляхціцу паглядзець на сябе збоку, адчуць духоўную перавагу над «яснавяльможнымі» прыгоннікамі, глыбей зразумець сваё становішча, гісторыю, радзіму. Разам з тым паэт хацеў, каб яго герой убачыў свет.

“З ахвотай падарожнічаць, з блакнотам для запісу ўражанняў  стаю я на рынку ў Міры, нібы той дзед-жабрак на ростанях: мэта не акрэслена, свет шырокі – да якой жа вёскі ці горада пусціцца падарожніку?” – разважае  Уладзіслаў Сыракомля ў сваіх нарысах. Вясковы лірнік, народны лірнік – далёка не ўсё, што можна сказаць пра паэта ўслед за крытыкамі. Думны вандроўнік, зачараваны краіналюб, бліскучы апавядальнік, энцыклапедыст-асветнік. Яму ставала сваёй краіны, нават куточка або мясціны, каб чэрпаць з іх незлічоныя скарбы, напаўняючы творы ўлонкавым хараством, гістарычнай памяццю, вобразамі духоўных вытокаў. Для яго адзін шлях, адна дарога ў родных ваколіцах былі за велічны свет, за частку Айчыны, за кірунак лёсу. Яму ставала “гожай Літвы” – Беларусі, каб чуць і бачыць яе, каб апісваць і апяваць на высокі і  годны лад. Прыгожы і бездакорны прыклад для будучых пакаленняў!

Зоя СІЛКОВА, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.