“Ён быў наш…”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ёсць людзі, пасля якіх застаецца толькі працяжнік паміж дзвюмя датамі. І жылі яны на свеце, а добрага следу не пакінулі, успомніць няма чаго. А ёсць асобы, пра якіх можна гаварыць толькі з пашанай, ганарыцца, што мы былі іх сучаснікамі. Да  слаўнай кагорты такіх належыць і мой зямляк Міхаіл Васільевіч Саленік, чалавек звычайны і разам з тым  незвычайны. Чаму зямляк?  Па простай прычыне: ад яго роднай вёскі Каменка да маіх Панюціч – нейкія сем кіламетраў. Нашы бацькі хадзілі  ў адну царкву – Сноўскую. Святочны фэст (з танцамі ў абсаджаным  бярозкамі крузе) праводзіўся ў іх і ў нас на дзень Пятра і Паўла, 12 ліпеня. Ну і, вядома,  нашы мамы  пралі і ткалі, шылі-вышывалі, трымалі гаспадаркі. Гэты спрадвечны клопат аб”ядноўвае ўсіх вяскоўцаў, якія выраслі на зямлі і карміліся ад яе, працавалі, гадавалі  дзяцей, спявалі. Усё, як у жыцці…

У адзін з прыездаў у калгас “Новае жыццё” (так называлася цяперашняе ААТ) мы пагаварылі з М.В. Саленікам аб справах, а потым – і аб  продках нашых. Аказалася, што яго маці была  сваячкай Васіля Сямёніка, які  жаніўся на маёй цётцы Мані, бацькавай сястры. Міхаіл Ва-сільевіч  тады жартаваў: “Ну  вось, Раіса, мы з табой і радня”.

Дарэчы, ён любіў пажартаваць, пагаварыць пра жыццё-быццё. Слухаць яго заўсёды было прыемна, цікава. А  напачатку, калі ішла размова аб справах гаспадаркі,  старшыня заўсёды гаварыў па-дзелавому, канкрэтна, на добрай беларускай мове. Нам, журналістам, гэта аказвалася вельмі дарэчы. Дзе яшчэ  знойдзеш такога субяседніка, за  якім толькі запісвай:  прозвішчы, факты, вывады… Цяпер я думаю: калі  б М.В. Саленік не стаў  аграрыем, то мог быць  журналістам, філосафам, настаўнікам, бо ў ім удала  спалучаліся граматнасць і мудрасць, веданне жыцця людзей.

Ён быў гаспадаром сваёй зямлі, любіў яе і дабіваўся  разам са спе-цыялістамі добрай аддачы, клапаціў-ся пра жыллё для калгаснікаў, пра адпачынак моладзі.

З цеплынёй  успамінае пра яго жыццё галоўны тэхнолаг мясапера-працоўчага  цэха ААТ “Новае жыццё” А.В. Высоцкая:

– Я думаю, што Міхаіла Васільевіча Саленіка выбраў час, і ён  быў авангардам свайго часу. Кіраўнік працаваў на перспектыву, далёка бачыў наперад. Міхаіл Васільевіч  стварыў у вёсцы будаўнічы кааператыў, першы ў рэспубліцы, дарэчы. Адкрыў дзіцячую школу мастацтваў, дапамагаў станаўленню “Аношкаўскіх музыкаў”, гэта яго брэнд, як кажуць цяпер. Марыў пра  конна-спартыўную школу,  існавала яна некалькі гадоў. Стараўся, каб людзі маглі на месцы  купіць мясныя прадукты, для  чаго ад-крыў цэх перапрацоўкі.

Мне заўсёды імпанавала тое, што сталы кіраўнік прыслухоўваўся  да думкі і заўваг іншых, у  тым ліку і маладых. Працуючы з такім чалавекам, нельга  было яго падвесці, бо  прыклад – заўсёды побач. Мы ўсе захапляліся трапнымі  і разумнымі выступленнямі Міхаіла Васільевіча, яго адносінамі да людзей,  бескарыслівасцю. Ён жыў у звычайным доме, любіў  жывёлу, птушак  (у яго нават была свая галубятня), кветкі. Увогуле быў  добрым чалавекам, простым, мудрым і  справядлівым.

Я ўпэўнена, што многія аношкаўцы, і не  толькі яны, захавалі ўдзячную памяць пра М.В. Саленіка. Вось і пенсіянерка з вёскі Малаеды А.І. Антановіч з павагай і шкадаваннем сказала:

– Такіх людзей, як наш  Міхаіл Васільевіч, не так і многа. Ён вельмі добры, з душой адносіўся да простых лю-дзей. Ніколі не пройдзе міма, каб не павітацца, не спытаць пра жыццё. Паважаў працавітых, калі трэба, дапамагаў парадамі і добрым словам,  справай. Памятаю, у нас была праблема ў сям”і, я паехала да Васільевіча, ён  выслухаў, параіў, што рабіць. А пазней, пры сустрэчы, цікавіўся, як там што,  супакойваў. Адным словам, перажываў, хаця ў яго і сваіх клопатаў  па гаспадарцы хапала. Такога чалавека  наў-рад ці забудзеш, ён быў наш, жыў і працаваў для людзей.

Бадай, лепш і не скажаш.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.