Ён нарадзіўся ў Нясвіжы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Нядаўна ў вёсцы Дзягільна  Дзяржынскага раёна адбылося ўшанаванне памяці  Адольфа Янушкевіча, рэвалюцыянера, падарожніка, пісьменніка, прысвечанае 210-годдзю з дня яго нараджэння. На ўрачыстым мітынгу  на радавых могілках сям”і Янушкевічаў сабраліся навукоўцы, грамадскасць – усе, хто нераўнадушны да гісторыі Беларусі, хто  шануе і вывучае яе мінулае. Ініцыятарамі мера-прыемства сталі дэпутаты Нацыянальнага сходу  Рэспублікі Беларусь і Дзяржынскі райвыканкам. Удзельнічалі ў ім  Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы  Беларусь Ергалі Булегенаў, прадстаўнікі казахстанскай інтэлігенцыі. Паэтка з Дзяржынскага раёна Ядвіга Доўнар назвала  Янушкевіча чалавекам Сусвету, бо яго жыццё і дзейнасць былі звязаны  з многімі краінамі.

Нарадзіўся Адольф Янушкевіч  9 чэрвеня 1803 года ў Нясвіжы. Яго поў-нае імя, згодна з Беларускай Энцыклапедыяй, – Адольф  Міхал Валяр”ян Юліян. “Бацька яго, межавы суддзя Міхаіл Янушкевіч, у войску быў падпалкоўнікам, а маці, Тэкля Сакалоўская,  прыходзілася Тадэвушу Касцюшку блізкай сваячкай,” – піша ў сваёй кнізе “Скарбы Нясвіжа” наша краязнаўца Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая. Разам са сваім  братам Яўстафіем, будучым кнігавыдаўцом  і публіцыстам, Адольф вучыўся ў  школе дамініканцаў у Нясвіжы. Ужо тут уплыў на фарміраванне яго далейшага светапогляду  аказаў дамініканскі  манах Міхаіл Зялёнка, якога пазней саслалі пад узмоцнены нагляд паліцыі “за ўдзел у зламысных намерах паўстанцаў”. Сябраваў А. Янушкевіч з дзеячам вызваленчага  руху, арганізатарам і кіраўніком тайных таварыстваў філаматаў і  філарэтаў Тамашом Занам і ўкраінскім паэтам Тарасам Шаўчэнкам. (Філаматы – тайнае патрыятычнае  студэнцкае таварыства ў Віленскім універсітэце, галоўная  мэта якога – падрыхтоўка моладзі да рознабаковай  дзейнасці на карысць Айчыны, абуджэнне нацыянальнай  свядомасці, патрабаванне  адмены прыгоннага права, паскарэнне развіцця прамысловасці. Філарэты – канспіратыўнае  таварыства студэнцкай моладзі  ў Вільні, якое мела сваёй мэтай  барацьбу з  адсталымі поглядамі ў розных слаях грамадства, фарміраванне школы паўнацэннага  духоўнага выхавання моладзі). Пазней А. Янушкевіч  пераехаў да свайго дзядзькі ў вёску  Чырвонае на Падоллі. З 1819 года вучыўся ў Вінніцкай гімназіі. Паступіў у Віленскі ўніверсітэт, на філалагічны факультэт, які скончыў ў 1823 годзе. Там пасябраваў з польскім паэтам беларускага паходжання, грамадскім дзеячам, публіцыстам Адамам Міцкевічам, іншымі членамі вышэй названых студэнцкіх таварыстваў, уступіў у блізкае да філарэтаў тайнае таварыства блакітных. “Калі яно было разгромлена ў 1823 годзе  царскім сенатарам Навасельцавым, Янушкевіча арыштавалі, але хутка выпусцілі на свабоду з-за адсутнасці яўных доказаў антыдзяржаўнай дзейнасці,” – апавядае К.Я. Шышыгіна-Патоцкая. Даследчыкі не выключаюць, што ўжо ў студэнцкія гады  Янушкевіч быў звязаны з дзекабрыстамі.

У 1823-26 гадах Янушкевіч жыў у г. Камянцы Брэсцкай вобласці. Ён падарожнічаў па Італіі, Германіі, Францыі, сустракаўся  з Адамам  Міцкевічам,  польскім паэтам, драматургам Юльюшам  Славацкім, нямецкім пісьменнікам Іаганам Гётэ. Янушкевіч належаў да таленавітага пакалення, якому выпала  нялёгкая доля барацьбы з сацыяльнай несправядлівасцю, закабаленнем Польшчы і Літвы царскім  самадзяржаўем. І як толькі ў 1830 годзе ў Варшаве ўспыхнула  паўстанне, А. Янушкевіч без  хістанняў далучыўся да яго  ўдзельнікаў. Ён быў падпаручнікам паўстанцкай арміі, з”яўляўся адным  з кіраўнікоў легіёна Літвы, Валыні, Падоліі і Украіны. Лозунг  паўстання быў – “За нашу і вашу свабоду”. Аднак яно  было падаўлена, на яго  ўдзельнікаў абрынуліся  рэпрэсіі, па загаду цара Мікалая І быў зачынены Віленскі ўніверсітэт як асяродак  вальнадумства. Адольфа Янушкевіча царскі суд  у 1832 г. прыгаварыў  да бестэрміновай  ссылкі ў Сібір. Яго пазбавілі дваранскага звання і маёмасці. Дарэчы, у 1832 годзе, знаходзячыся ў  эміграцыі ў Парыжы, Адам  Міцкевіч напісаў трэцюю частку  вядомай драматычнай паэмы “Дзяды”, дзе адзначаецца, што ў царскай  Расіі ўсіх патрыётаў “чакае Сібір, казематы і турма”. Прататыпам аднаго з герояў паэмы, рэвалюцыянера Адольфа,  быў Янушкевіч.

У Сібіры А. Янушкевіч сустракаўся  са ссыльнымі дзекабрыстамі. У 1836 г. у Ішыме пазнаёміўся з паэтам  Аляксандрам Адаеўскім. Яны пасяліліся разам, знайшлі агульную мову ў пытаннях літаратуры і мастацтва,  гісторыі і палітыкі. У ссылцы Янушкевіч вывучае і пераводзіць на польскую мову “Гісторыю заваявання Англіі нарманамі”. У ёй спрабуе адшукаць адказ на пытанне аб унутрыпалітычным становішчы ў Польшчы, вывучае творчасць польскіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя.

Калі ў 1837 г. Адаеўскага перавялі на Каўказ, Янушкевіч пераехаў у Омск. Ён служыў канцэлярыстам Омскага  акруговага суда. Па службовых справах часта бываў  у казахскіх стэпах, знаёміўся з жыццём народа. Вось што расказвае пазаштатны  карэспандэнт газеты  “Тагильский рабочий” С. Ганьжа ў сваёй заметцы “Родам з Нясвіжа”,  якая была змешчана  ў нашай “раёнцы” ў 1988 годзе: “… У 1846 годзе  з атрадам генерала Вішнеўскага зрабіў паездку па Казахстану для вырашэння спрэчных спраў, якія ўзніклі ў кіраўнікоў пяці плямён Вялікай Арды. Вёў запісы, якія ляглі ў аснову кнігі “Жыццё Адольфа Янушкевіча”, выдадзеную пасля яго смерці сябрамі ў 1861 годзе ў Парыжы. А ў 1875 годзе  яна была перавыдадзена ў Берліне. У нашы дні другі том гэтай цікавай  у пазнавальных  адносінах кніжкі  ўпершыню быў пераведзены на рускую мову і  выда-дзены ў 1966 годзе ў  Алма-Аце пад загалоўкам “Дзённікі  і пісьмы з падарожжа па  казахскіх стэпах”.

Дзённікавыя запісы прасякнуты  тэмай прыгнечанага народа, аб якім Янушкевіч піша з любоўю і павагай. Спачуваючы беднякам, ён востра высмейвае багацеяў…”

Падчас такіх вандровак нашаму земляку ўдалося дабрацца да  хрыбтоў Алатау. З захапленнем апісаў     ён  прыгажосць гор, збярог  для будучых пакаленняў многія  легенды таго краю.

У Казахстане сёння цэняць  уклад А. Янушкевіча ў гісторыю і этнаграфію краіны. Таму і падкрэсліў  падчас нядаўніх  юбілейных урачыстасцей у Дзягільне пасол гэтай краіны  Ергалі Булегенаў: “Імя Адольфа  Янушкевіча, юбілей якога святкуюць у Беларусі, добра ведаюць і на зямлі Казахстана. І вельмі прыемна,  што дружба паміж казахамі і  беларусамі з часоў ХІХ стагоддзя  працягваецца і сёння”.

“У пачатку 1853 года Янушкевіч атрымлівае дазвол  пераехаць у Ніжні Тагіл. Быў гэтаму вельмі рады, бо на тысячу вёрст усё ж бліжэй да родных мясцін, па якіх моцна сумаваў. Тут ён займаецца ўладкаваннем заводскай бібліятэкі, панскім садам. Кожны дзень вядзе метэаралагічныя  назіранні, вывучае мясцовую флору, збірае геалагічныя экспанаты…” – працягвае свой аповед даследчык С. Ганьжа. Янушкевіч пазнаёміўся  ў Ніжнім Тагіле з сынам  вядомага рускага пісьменніка Карамзіна Андрэем Мікалаевічам і яго жонкай  Аўрорай Карлаўнай. Ён апрацаваў і пакінуў у Ніжнетагільскай бібліятэцы пісьмы родных А. Карамзіна, якія  дапамагаюць высветліць абставіны апошніх дзён жыцця Аляксандра Пушкіна. Па хадайніцтву Аўроры Карлаўны перад  імператрыцай  Адольф Міхайлавіч  атрымаў дазвол вярнуцца  на радзіму. З Ніжняга Тагіла ён, безна-дзейна хворы, выехаў у чэрвені 1856 года, вярнуўся ў  маёнтак бацькоў Дзягільна. Памёр там ад сухотаў у чэрвені 1857 года.

… Доўгім і цярністым быў шлях народаў да волі,  свабоды і незалежнасці. І знамянальна, што сваю цаг-лінку ў падмурак  гэтай незалежнасці ў  ХІХ стагоддзі ўклаў ураджэнец Нясвіжа Адольф Міхайлавіч Янушкевіч, неардынарны чалавек, барацьбіт з сацыяльнай няроўнасцю, рэфарматар. Таленавіты  апавядальнік і даследчык, ён зрабіў вялікі ўклад у беларускую, рускую, польскую, англійскую, украінскую і казахскую культуру. Сапраўды, чалавек Сусвету.

… Напярэдадні мерапрыемстваў у Дзягільне госці з Казахстана пабывалі ў Нясвіжы – горадзе, дзе нарадзіўся А. Янушкевіч. У гісторыка-краязнаўчым музеі яны  агледзелі экспазіцыю, якая ўтрымлівае ў тым ліку і матэрыялы, звязаныя з нашым знакамітым земляком. Для гасцей  была арганізавана экскурсія  па аб”ектах Нацыянальнага  гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Варта  таксама адзначыць, што  навуковы супрацоўнік Нясвіж-скага  гісторыка-краязнаўчага музея  Таццяна Валчок  брала ўдзел у міжнародных Койданаўскіх чытаннях, прысвечаных  210-годдзю з дня нараджэння  Адольфа Янушкевіча, якія праходзілі ў Дзяржынскай  раённай бібліятэцы. Наш музей прада-стаўляў свае экспанаты для афармлення адпаведнай выставы ў Дзяржынску. Няхай  іх у нясвіжцаў не так і многа, але кожны сведчыць: і праз два стагоддзі  землякі памятаюць пра слыннага сына  Нясвіжчыны.

Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.