21 лютага – Дзень роднай мовы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Роднае слова з»яўляецца  адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа.  Яго з пашанай называюць люстэркам культуры і формай яе існавання. Родная мова — гэта захавальнік народных традыцый, звычаяў і духоўных скарбаў, спосаб і сродак развіцця нацыянальнай культуры. Дзеля захавання моў міжнародны фонд ЮНЭСКА абвясціў 21 лютага днём роднай мовы.

Значэнне роднай мовы, роднага слова для чалавека падкрэсліваецца ў творах беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка мае дастаткова багаты фонд беларускай літаратуры ад класікі да сучаснай прозы і паэзіі, які пастаянна папаўняецца. На абанеменце дзейнічае выстава «Навінкі беларускага друку». Бібліятэка атрымлівае мастацкія часопісы «Полымя», «Нёман», «Дзеяслоў», «Маладосць». Зараз бібліятэка прапануе  наступныя навінкі беларускай літаратуры.

Казько В. «Бунт незапатрабаванага праху», раман. Мінск: Мастацкая літаратура, 2013, 287 с. (Беларуская проза XXI стагоддзя).

У цэнтры ўвагі пісьменніка — мастацкае даследаванне драмы чалавечай душы на пераломе XX і XXI стагоддзяў, калі адной з важнейшых функцый літаратуры стала папярэджанне і прароцтва. Віктар Казько свядома выбірае сваім героем адчужанага чалавека, які жыве ў варожым свеце, мяцежную, узрушаную страсцямі асобу, душа якой разрываецца на часткі ад супярэчнасцяў, якія перапаўняюць яе.

Марціновіч В. «Сфагнум», раман, пер. В. Рыжкова. Мінск: Кнігазбор, 2013, 320 с.

Рукапіс рамана Віктара Марціновіча «Сфагнум» яшчэ да выдання быў намінаваны і трапіў у «доўгі спіс» рускай літаратурнай прэміі «Нацыянальны бестселер».

Трое маладых злачынцаў забіваюць падзельніка і губляюць чужыя грошы, якія цяпер давядзецца вяртаць любой цаной. Яны вырашаюць залегчы на дно ў маленькай вёсцы, ратуючыся адначасова ад крэдытораў і крымінальнага вышуку. І ўсё пайшло б паводле задумы, калі б не знешне паўмёртвая беларуская вёска з яе неўміручай паганскай містыкай, якая падказвае нечаканае развязанне праблемы. Героі за паўкроку ад шчаслівага фіналу, але ці не зарана глядзець у неба, калі пад нагамі — багна?

Баравікова Р. А. «Кава для дамавіка», апавяданні, аповесць. Мінск: Мастацкая літаратура, 2013, 302 с.

Раіса Баравікова ў друку выступае з 1960 года. Працуе ў жанры паэзіі, прозы, драматургіі. Творы кнігі «Кава для дамавіка» напісаны ў плыні псіхалагічнай фантастыкі. Калі чалавеку пачынае дакучаць будзённая аднастайнасць зямнога свету, ён шукае ў сваіх думках свет паралельны. Менавіта гэты паралельны свет пісьменніца вельмі арганічна ўпісвае ў свет творчай фантазіі. У выніку атрымліваюцца займальныя і вельмі праўдзівыя сюжэты на тэмы жыцця і смерці, кахання і расчараванняў.

«На мове сэрца», зборнік сучаснай беларускай паэзіі. Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2013, 256 с.

Зборнік сучаснай беларускай паэзіі  «На мове сэрца» — гэта пранікнёная любоўная лірыка, насычаныя тонкім лірызмам пейзажныя вершы і роздум над лёсам жанчыны-паэткі, якая знайшла ўвасабленне ў лепшых творах сучасных беларускіх паэтак Людмілы Кебіч, Зоі Падліпскай, Таісы Трафімавай.

Паважаныя несвіжане, адзначце дзень роднай мовы: пачытайце добрую літаратуру на беларускай мове! А супрацоўнікі бібліятэкі з задавальненнем вам у гэтым дапамогуць.

Алёна Чухлей, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.