Для землякоў песняра

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Каля пасады лесніковай

Цягнуўся гожаю падковай

Стары, высокі лес цяністы.

Тут верх асіны круглалістай

Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,

А елкі хмурымі крыжамі

Высока ў небе выдзялялісь…

Якуб Колас, «Новая зямля».

Такім быў зялёны лес у часы паэта, такі ён і сёння на яго радзіме, у вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна, куды мы наведаліся нядаўна з сяброўскім візітам.

Абкружаныя соснамі ды елкамі прыгожыя карпусы дома-інтэрната для ветэранаў вайны і працы так хораша глядзяцца на фоне белага снегу, што адразу ствараецца добры лірычны настрой. Садзейнічаюць таму  і рознакаляровыя альтанкі, рознай формы і канфігурацыі, маленькія казачныя домікі. А ля ўваходу ў галоўны корпус красуюцца бетонныя карзінкі з плеценымі ручкамі, з якіх выглядаюць кветкі. Не адразу і здагадаешся, што гэта тварэнне рук чалавека з цэменту. З левага боку стаіць у чаканні вясны казуля (так уявілася мне, бо на самай справе — гэта чучала).

Вакол будынка яшчэ можна ўбачыць разнастайныя фігуркі з дрэва.

Утульна і прыгожа  ў вестыбюлі будынку. Там прасторна і чыста, яркія фарбы сцен і лесвіц, пано і карцінкі на сценах, мноства зелені і кветак, што само па сабе вабіць, і кожны, хто зойдзе сюды, адчувае ва ўсім пазітыў. А гэта вельмі важна для тых, хто жыве і лечыцца ў  цудоўным месцы. Як паведаміў галоўны ўрач ДУ «Мікалаеўшчынскі  дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і адзінокіх людзей» І.С. Цвірко, гэтай установе 6 гадоў, а раней яна  мела статус пансіяната. Сёння тут знаходзіцца 291 чалавек, з якіх 124 — ляжачыя, што  прыехалі з розных рэгіёнаў вобласці. Яны маюць магчымасць палячыцца, прыняць неабходныя фізіяпрацэдуры, па магчымасці заняцца пэўнымі відамі спорту, культурна адпачыць, з»ездзіць на экскурсіі, пачытаць.

Кіраўніцтва дома-інтэрната стараецца задаволіць патрэбы хворых ці адзінокіх людзей.

Дарэчы, за два кіламетры адсюль знаходзіцца музей Якуба Коласа, і насельнікі заўсёды выбіраюцца туды, адкуль пачынаў свой жыццёвы шлях наш пясняр. Да іх прыязджаў сын паэта, Міхась Канстанцінавіч, і расказваў шмат цікавага, чытаў на памяць урыўкі з паэмы «Новая зямля».

А мы, у сваю чаргу, прывезлі суседзям  песні, гумарэскі, вершы. І былі рады, калі гледачы ад душы апладзі-равалі, смяяліся і падпявалі. Што можа быць даражэй слоў падзякі, прыветных усмешак і запрашэння прыехаць зноў!

Прыемна было слухаць кандыдата сельскагаспадарчых навук, інваліда Тамару Сяргееўну Шырко:

— Я атрымала вялікае задавальненне ад вашага канцэрта. Якія вы малайцы, дзякуй вялікі!

Такая ацэнка выступлення хору ветэранаў працы г.Нясвіжа «Аптымісты» вельмі парадавала калектыў. Пастараліся ўсе, у тым ліку і мужчын-ская група з песнямі » Дажджлівым вечарам», «Два капітаны», салісты Якаў Случак, Віталій Раманчук, Барыс Вятлугін, чытальніца Ганна Бянькоўская.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.