Два незабыўныя гады

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вельмі добра помніць два гады,  праведзеныя ў Афганістане, несвіжанін  Міхаіл Аляксеевіч Каратцоў. Ён трапіў туды ўжо вопытным вайскоўцам у званні капітана, праслужыўшы некалькі гадоў пасля  заканчэння Разанскага  вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча сувязі. А перад самым накіраваннем у Афганістан Міхаіл Аляксеевіч  закончыў Вышэйшыя курсы ваеннай контрразведкі ў Навасібірску. Веды, атрыманыя ў мірны час, вельмі дапамаглі ў ваенных буднях. А пра тое, якімі яны былі, М.А. Каратцоў, узнагароджаны  пасля афганскай вайны ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах ІІІ ступені», расказаў нам так:

—  Мне прыйшлося  вылецець у Кабул для выканання задання  па суправаджэнні спецтэхнікі на  самалёце. Так я ўпершыню пазнаёміўся з Афганістанам. Адносіны да службы ў нас  былі самыя адказныя. Байцы гарой стаялі адзін за аднаго. Было шмат выпадкаў, калі  яны здзяйснялі тыя ж подзвігі, як і савецкія салдаты ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Напрыклад, неяк я  праведваў у шпіталі  аднаго лейтэнанта з 66-й дэсантнай  брыгады, і ён расказваў, як быў ранены  на заданні ў гарах, і страціў арыентацыю ў прасторы. Тут  жа адзін салдат стаў памагаць яму ісці, а другі закрыў іх сваёй спіной, рухаючыся тварам да гор, і так яны  вывелі яго ў бяспечнае месца.

Другі выпадак быў ужо  на маім вопыце таксама ў гарах. Баявая машына пяхоты  падарвалася на міне і спынілася. Адразу  пачаўся яе актыўны абстрэл.  Выйсці было немагчыма, але мы  разумелі, што калі будзем  доўга знаходзіцца ў машыне,  то яе падаб»юць з гранатамёта, і мы ўсе  там згарым. І тут мы чуем голас механіка: «Рабяты, не выходзьце, я вас выведу!» І сапраўды,  машына выйшла ў бяспечнае месца, а потым, калі мы паглядзелі на гэтага хлопца, то ўбачылі, што ў яго былі  перабіты абедзве нагі. Аднак чалавек змог  прымусіць сябе кіраваць  машынай у такім стане.

Аб гэтым цяжка ўспамінаць, а пра многія моманты  мы ніколі не расказвалі. Напрыклад,  мае родныя не ведалі, што я паехаў туды  на месца загінуўшага. Мы бераглі сваіх блізкіх. Разумелі, што яны перажываюць за нас. Таму сёе-тое ім недагаворвалі.

І калі мяне накіроўвалі на гэта месца, то далі заданне  раза-брацца, чаму чалавек загінуў. Я разумеў, што яго забрала не проста  нейкая шалёная куля. Пасля  работы над гэтым пытаннем я  выйшаў на начальніка Хада — контрразведкі Афганістана — які сапраўды падставіў яго ў час аперацыі, даў фальшывую інфармацыю, у выніку чаго загінуў наш  супрацоўнік і група, якая была з ім.

Дарэчы, на першых парах сустракалі нас, не аказваючы асаблівага  супраціўлення, таму што больш  адукаваная частка насельніцтва  Афганістана разумела, што  абстаноўку, якая склалася ў краіне ў той  час, трэба  было мяняць, і акрамя  Савецкага Саюза ніхто ім у гэтым не дапаможа. Каб супрацьдзейнічаць савецкім  войскам, США стварылі ваенны рух «Талібан», з якім самі зараз ваююць.

Практычна страты з нашага боку  пачаліся з 1984 года, а да гэтага  асаблівых страт не было. Усе ваенныя, якія кіравалі афганскай арміяй,  прайшлі навучанне ў нашых ваенных  установах. Я шмат сустракаў там былых курсантаў Разанскага дэсант-нага вучылішча. Мы з імі падтрымлівалі  зносіны, вырашалі агульныя пытанні, і дапамагалі яны  нам вельмі моцна.

Напрыклад, аднойчы ў час рэйса  аўтамабільнага батальёна  ў зоне нашай адказнасці прапаў баец. Машына была падбіта. У выніку  праведзенага разбіральніцтва мы зрабілі вывад, што ён  павінен быць жывы, хоць і ранены. Сляды паказвалі на тое, што яго  забралі. Пачалі шукаць. Атрымалі  інфармацыю, што ён знаходзіцца ў адной з банд. Калі сталі  вывучаць склад гэтай банды, высветлілася, што адзін з намеснікаў  верхавода  гэтай банды вучыўся  ў Разанскім дэсантным вучылішчы. Знайшоў я і афіцэра, які ў  свой час вучыўся ў гэтым жа вучылішчы ў той жа перыяд. Мы былі прыкладна аднаго ўзросту, вучыліся ў адзін час, знайшлі  агульную мову і разам пайшлі  на сустрэчу з намеснікам  кіраўніка гэтай банды. У выніку мы  змаглі гэтага хлопца выбавіць, адправіць у шпіталь і падлячыць.

Усяго я быў на тэрыторыі Афганістана з 2 лютага 1984 года  па 9 лютага  1986-га. Перажытае там  навучыла мяне лепш разбірацца ў людзях. Я хутчэй стаў разумець, хто  ёсць хто як чалавек, чаго ад яго  можна чакаць. Таксама Афганістан  навучыў мяне верыць сябрам — калі  патрабуецца, для сябра трэба зрабіць усё.  Гэта закон, ад якога я ўжо ніколі не адмоўлюся.

Запісала Соф»я ЛЮБАНЕЦ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.