Напісанае — застаецца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Чацвёртага  лютага не стала добрага сябра раённай газеты, нашага пастаяннага пазаштатнага аўтара Антона Пятровіча Валевача. Большую частку з амаль 93-х гадоў свайго жыцця ён пражыў у Снове, працаваў у мясцовай школе — і простым настаўнікам, і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Ды толькі словы «просты настаўнік», калі ўдумацца, будуць не зусім правільнымі, бо настаўнікам ён быў не «простым», а вельмі добрым. Так у адзін голас гавораць былыя вучні Антона Пятровіча, якія, маючы ўжо і самі немалы жыццёвы вопыт, помняць яго выкладанне так, як быццам гэта было ўчора.

— Вельмі добра, вельмі цікава было на яго ўроках, — гаворыць галоўны бухгалтар Сноўскага сельвыканкама Валянціна Антонаўна Бабок. — Ён заўсёды расказваў больш, чым было ў падручніку. артыстычна чытаў свае вершы. А як хораша граў на скрыпцы! Не прымушаў сілай прыходзіць на дадатковыя заняткі пасля ўрокаў, проста прапаноўваў — і дзеці самі ішлі з ахвотай, так цікава было з ім! Вельмі прыгадзілася ўсё, чаму ён вучыў нас, падчас напісання сачынення пры паступленні ў навучальную ўстанову пасля школы. І калі мы ўжо сталі выпускнікамі, Антон Пятровіч пры сустрэчы абавязкова распытваў, як жыццё, як справы. Ніколі не быў раўнадушным.

З вялікай удзячнасцю ўзгадвае пра свайго настаўніка і дырэктар Сноўскай СШ Галіна Васільеўна Радаман:

— Менавіта дзякуючы Антону Пятровічу я некалі вырашыла паступаць у Мінскі педінстытут імя М. Горкага (зараз — педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) на факультэт рускай мовы і літаратуры. Ён вельмі шмат даў нам — адкрыў такі захапляльны свет мастацкага слова, да якога нельга было застацца раўнадушным. І яшчэ дзякуючы яму на ўроках рускай літаратуры я ўпершыню пачула жывую скрыпку і была вельмі ўражана гэтым. Ён прывіваў нам любоў да класікі — як літаратурнай, так і музычнай, вучыў нас любіць і разумець сапраўднае мастацтва. Шкада толькі, што, калі я ў 1978 годзе прыйшла на работу ў школу, нам не давялося папрацаваць разам — мой дарагі настаўнік пайшоў на заслужаны адпачынак.

Дарэчы, артыкулы А.П. Валевача, прысвечаныя ў большасці сваёй школе і школьнаму жыццю, часта друкаваліся ў «раёнцы», а таксама ў газетах «Мінская праўда», «Настаўніцкая газета», часопісе «Народная асвета». А пра якасць  яго работы сведчаць шматлікія граматы і падзякі ад абласнога і раённага аддзелаў адукацыі, якія беражліва захоўваюцца ў архіве сям»і. Дарэчы, пасля выхаду на заслужаны адпачынак з»явілася больш часу для любімага захаплення — паэзіі. І ў апошнія гады Антон Пятровіч пастаянна дасылаў нам вершы — то палымяна-ўсхваляваныя, то задуменна-лірычныя, то смяшліва-сатырычныя. У іх ён укладваў усё, перажытае за 9 з лішкам дзясяткаў гадоў — даваенную вучобу на настаўніка, мары пра светлую будучыню, разбурэнні і бамбёжкі Вялікай Айчыннай, гібель старэйшага брата і добрых знаёмых — аднавяскоўцаў, пасляваеннае аднаўленне, любую сэрцу школу, і, канешне, каханне да вернай спадарожніцы жыцця Галіны Казіміраўны, з якой разам было пражыта амаль 67 гадоў — усё гэта, памножанае на любоў да жыцця і людзей плюс добрае пачуццё мовы, і рабіла вершы Антона Пятровіча такімі непадробна-шчырымі і кранаючымі. Над яго радкамі было прыемна працаваць, бо калі і патрабавалася час ад часу нейкая праўка, то ў аснове сваёй верш усё роўна быў добрым, яскравым, глыбокім. Амаль пасля кожнай публікацыі ён тэлефанаваў у рэдакцыю і дзякаваў за пастаўлены верш і — што бывае вельмі рэдка! — за праўкі, калі яны былі ўнесены. Вось і неяк напрыканцы студзеня зазвінеў рабочы тэлефон і я пачула ў трубцы знаёмы голас: «Добры дзень! Гэта Валявач са Снова. Дзякуй вам вялікі за мой верш у «Музах Нясвіжа»! А як цудоўна вы зрабілі канцоўку ў гэтым вершы! Я вельмі рады, што ён выйшаў менавіта ў такім выглядзе. Яшчэ раз дзякуй!»

У мяне, прызнацца, адлягло ад сэрца, бо звычайна я ўзгадняла з Антонам Пятровічам праўкі ў яго вершах, а ў той раз, як кажуць, «не дайшлі рукі». І ў першыя секунды размовы мільганула думка: вось зараз я «выслухаю»… Аднак нічога падобнага. Як заўсёды, радасць, і, як заўсёды, удзячнасць. Я папрасіла даслаць больш вершаў, ён паабяцаў, што абавязкова вышле. Але не паспеў. І цяпер яшчэ не верыцца, што яго голас гучаў у тэлефоннай трубцы нашага кабінета апошні раз.

Аднак з намі засталіся вершы і нататкі Антона Пятровіча, таму што напісанае — застаецца. Любоў да літаратуры і музыкі, прывітая ім, жыве ў душах яго вучняў, яго спадчыннасць захоўваюць у сабе яго дзеці, унукі і праўнукі. А гэта значыць, што жыццё працягваецца. Толькі ўжо ў вечнасці. І ў нашай удзячнай памяці.

Соф»я ЛЮБАНЕЦ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.