«Падарунак» з аўтамабіля або Давайце жыць без смецця

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вечар. Большасць несвіжан пасля працоўнага дня, набыўшы ўсё патрэбнае ў гандлёвых кропках, разышлася па дамах. Каля ўніверсама — некалькі  аўтамабіляў. На свабодным месцы спыняецца новы «Рэно» з нумарамі першага рэгіёну. Адкрываюцца дзверцы і  на праезджую частку дарогі  спаўзае… напоўнены  поліэтыленавы пакет. Высунутая рука запіхвае яго пад аўто. На асфальце за ім з»яўляецца  далікатная жаночая ножка ў прыгожым чаравіч-ку. На месцы вадзіцеля — таксама жанчына. З віду — сяброўкі або дзелавыя партнёры. Жанчыны ідуць у магазін.

Далей дзея атрымлівае  цікавы працяг. Каля «Рэно» з»яўляецца малады мужчына,  які сачыў за «дамамі» з суседняга аўто. І пакуль  тыя вырашалі свае пытанні ў магазіне, чалавек зрабіў усё, як кажуць, па-справядлівасці, і павесіў мяшок гасцей горада ім на бакавое  люстэрка.

Вярнуўшыся да аўтамабіля, спадарожніцы, вядома, былі  незадаволены ўбачаным. І поліэтыленавы  пакет зноў, толькі з большай злосцю, быў адкінуты на абочыну.

Магчыма, некаторыя з нас назіралі падобныя дзеянні, якія з»яўляюцца абразай не толькі для тых, хто  з раніцы да вечара працуе  з мятлой і шуфлем, хто адгружае кантэйнеры для смецця, каб мы жылі ў чысціні, але і для кожнага гараджаніна.

У аб»ектыў фотаапарата карэспандэнтаў  газеты час ад часу трапляюць  непрыглядныя гарадскія  карціны. Напрыклад, з магазіна  выходзіць мама з маленькім сынам. У руках — запакаваны ражок марожанага. Праз хвіліну  яркая ўпакоўка падае і, перакручваючыся, ляціць па тратуары. Маленькі паказвае на яе пальчыкам, але мама хапае яго за руку і цягне ў процілеглы бок…

Хто будзе прывіваць дзіцяці элементарную культуру паводзін? Мама і тата — гэта ж першы прыклад  у жыцці!

Іншы раз назіраеш — дык кампаніі падлеткаў, на якіх звычайна  больш за ўсіх сыплюцца кпіны, паводзяць сябе больш выхавана.  Ды і ўвогуле моладзь Нясвіжчыны традыцыйна ўдзельнічае ў рэйдавых і працоўных  мерапрыемствах па навядзенні парадку. Гэта і  навучэнцы каледжа, якія цесна  супрацоўнічаюць з дарожнымі службамі, і школьнікі, ды і ў садках выхавацелі прывіваюць усё лепшае змалку.

Магчыма, лепшым  выйсцем быў бы закон, які,  як у некаторых краінах, прадугледжвае штраф да  500 умоўных адзінак за кінутую паперку?

Мы пакуль (!) больш спадзяёмся на сумленне людзей. А тыя,  каму ўсё ж «пашчасціць» трапіць у аб»ектыў фотакамеры, — выбачайце. Прыйдзецца стаць «героямі» матэрыялу пад рубрыкай «За чысціню і парадак».

Усё ж хочацца спадзявацца, што год гасціннасці і для мясцовага насельніцтва, і для турыстаў Нясвіжчыны пройдзе пад знакам узаемаразумення. А замежныя госці, якія наведаюць выдатныя мясціны Беларусі ў час правядзення Мінскага чэмпіянату свету па хакеі, што адбудзецца зусім скора, запомняць наш горад як маленькі старажытны цэнтр, дзе жывуць культурна і па-еўрапейску чыста.

Іна ВАСІЛЕВІЧ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.