ЗІМОВАЯ ЗАМАЛЁЎКА

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Зіма — гэта царства белай каралевы Зімы, ахоўніцы ледзяных    вятроў і соннага зямнога свету. А сам снег — гэта з»ява фантастычная.  Канешне, кожны з нас бачыць у зімовай прыродзе нешта сваё, асаблівае, дарагое яму.

Снег — гэта, бадай што, душа зімы. І маё сэрца заўсёды радуецца, калі бачу, як сыпле сняжок, укрываючы сонную зямлю чароўным пакрывалам. Падчас здаецца, што гэта з неба падаюць на зямлю белыя кветачкі. А ў іншае імгненне падаецца, што самі маленькія зорачкі падаюць з неба…

Зіма — гэта часцей за ўсё беласнежны пейзаж,  урачыстасць і бадзёрасць, радасць. Аднак нельга забываць, што зіма мае і свой небяспечны бок —  лютая завіруха,  злосны мароз.  Радуе тое, што беларусы ніколі не баяліся нават самай суровай  зімы.

Бадай,  самы непаўторны — пачатак зімы, калі лёгкія, нясмелыя,  амаль няважкія сняжынкі павольна кладуцца на родную зямлю. Зямля пад першым снегам падобна сарамлівай нявесце.

І гэта разумна, бо трэба зберагаць закладзенае ў зямлю збожжа да вясны. А які велічны і прыгожы зімовы сад! Ды і сама вёска пад покрывам снегу… А якія ўзоры на вокнах!

І вось ужо не заўважаем, калі на зямлі — тоўстая пухнатая коўдра. Калі зіма ў разгары, калі ўсё пачынае тануць у белізне — і не толькі зямля, але і неба. Адразу ўзгадваюцца радкі Паўлюка Труса:

Які прастор… Ў прасторы іней…

Я сам не ведаю, чаму

Люблю аснежныя раўніны

І беларускую зіму!

Дарэчы,  традыцыйна многія беларускія пісьменнікі менавіта праз успрыняцце героем прыроды імкнуліся раскрыць яго характар. Жыццё нашага народа спрадвеку працякала на ўлонні прыроды-матухны.  І лес даваў беларусу так неабходныя дровы, каб аба-грэць хату.

Асабліва прыгожа зімой у лесе.  Дрэвы ў пушыстых шапках і шубках. На кожным дрэўцы казачнымі дыяментамі пераліваецца снег.  Зімой самымі прыгожымі выглядаюць хвоі і елкі — і нездарма, бо гэта верныя сімвалы шчаслівага Новага года. А рабіна з аранжавымі ягадамі — гэта своеасаблівае полымя сярод снегу.

Сонечны зімовы дзянёк — гэта наогул райская асалода. Праўда, зімовае сонца — нейкае чырвонае, трошкі злоснае, але ўсё роўна прыемнае сэрцу.

Таму, калі ёсць такая мажлівасць, станавіцеся на лыжы — і ў родны лес. Асабліва прыгожа сябе адчуваеш у лесе маленства. А пра багатае лясное жыццё сведчаць шматлікія сляды… А хіба вас не парадуе маланка-вавёрка, якая прабяжыць амаль ля вашых ног?!..  А вось і сляды зайчыка-паскакайчыка, які стараецца заблытаць свае сляды… У лесе, як у добрай кніжцы, заўсёды знойдзецца непрачытаная старонка.

Успамінаецца маленства, калі ля лесу былі такія сумёты, што з-за іх бачыліся толькі верхавіны дрэў. У апошнія гады зімы больш мяккія. Мо, ад сусветнага пацяплення?..

Такой зімы, як у Беларусі, Расіі, няма ў Еўропе. І першае, што заўважаюць еўрапейцы, што прыязджаюць да нас зімой, гэта доўгатэрміновасць і суровасць нашай зімы. А беларусы да такога ўжо даўно прызвычаіліся, суровыя зімы толькі скрупулёзна загартоўвалі характар нашых папярэднікаў.

У зімовым лесе адразу забываюцца жыццёвыя турботы, сэрца напаўняецца радасцю і шчасцем. Напаўняецца нейкай спецыфічнай чысцінёй, такой жа незаплямленай, як і сам снег у лесе.

Калі вы ўчуеце ў зімовым лесе песеньку, ведайце: гэта спявае крыжа-дзюб. Дарэчы, гэта адзіная птушка лясоў Бацькаўшчыны, якая выседжвае птушанят нават у вялізныя маразы.

Сябры! Не сядзіце дома ў зімовы час. Выходзьце на двор. Едзьце на лыжах у лес. Упэўнены: вы ўбачыце незвычайную прыгажосць. І трэба не толькі любавацца прыродай, зімовымі пейзажамі, але і прымаць іх ў самае сэрца, каб ўтваралася гарманічнае адзінства чалавека і акаляючага свету. Такога казачнага і чароўнага.

Канстанцін КАРНЯЛЮК


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.