Быць дастойнымі грамадзянамі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

20 гадоў таму 15 сакавіка была прынята Канстытуцыя — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь. Традыцыйна да гэтай даты ў рамках акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» прымяркоўваюцца ўрачыстыя  ўручэнні пашпартоў на розных узроўнях юным грамадзянам нашай краіны.

Так, у аўторак у кінатэатры «Салют» 11 лепшых вучняў школ раёна  атрымалі свой першы і самы  важны дакумент з рук старшыні Нясвіжскага  райвыканкама Івана Крупко. Ён пажадаў кожнаму з іх дастойна несці званне грамадзяніна  Рэспублікі Беларусь і ў будучым  стаць гонарам сваёй краіны.

З атрыманнем пашпартоў юнакоў і дзяўчат павіншавалі таксама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення СВК «Агракамбінат Сноў» Мікалай Радаман,  намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Майсеня, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Ксенія Харашылава. Свае музычныя віншаванні  адрасавалі віноўнікам урачыстасці юныя артысты СШ № 1 г. Нясвіжа.

Ад імя маладога пакалення  да прысутных звярнулася вучаніца Нясвіжскай гімназіі Ксенія Жураўская. Яна павіншавала сваіх юных таварышаў і ўсіх прысутных з Днём Канстытуцыі і атрыманнем галоўнага дакумента грамадзяніна — пашпарта — і запэўніла, што маладое пакаленне Нясвіжчыны  разумее ўсю ўскладзеную на яго адказнасць.

— Усе свае сілы і веды мы аддадзім на карысць сваёй радзімы, — сказала Ксенія. — Усюды і ва ўсім  будзем кіравацца  слаўнымі  працоўнымі і баявымі традыцыямі нашых бацькоў і дзядоў, будзем сумленнымі і працавітымі ў вялікіх і малых справах. Мы,  моладзь Нясвіжчыны, пастараемся добрасумленна вучыцца, працаваць, удзельнічаць у спартыўных і інтэлектуальных конкурсах, у грамадскім жыцці нашай дзяржавы так, каб  усе з гонарам змаглі сказаць: «Беларуская моладзь — гэта дастойныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь».

Разам з Ксеніяй Жураўскай  віншаванні ад кіраўніцтва  раёна з нагоды  атрымання пашпарта атрымалі  ў той дзень Яна Еўстрат, Юлія  Сцяпанава, Ксенія Цішэвіч, Вадзім Папок, Яўген Даменікоўскі, Марта Ляцко, Вячаслаў Лявіцкі, Таццяна Карловіч, Марыя Канановіч і Марына  Праневіч. Усім ім таксама былі ўручаны  кнігі «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь», а юныя артысты з СШ № 1 г. Нясвіжа  атрымалі на памяць аб урачыстым  мерапрыемстве сувеніры ад аддзела  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і РК ГА «БРСМ».

«НН»


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.