Духоўнасць і спорт — разам

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У канцы лютага Беларусь упершыню прымала VIII чэмпіянат Еўропы сярод каталіцкіх святароў. Прапанова зрабіць Беларусь краінай-гаспадыняй чэмпіянату паступіла з аргкамітэта еўрапейскага спартыўнага форума, пасля чаго архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся ў Міністэрства спорту з ініцыятывай, якая была дзейсна пад-трымана.  13 каманд, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі каталіцкага духавенства, спаборнічалі ў Лідзе, а Нясвіж стаў адной з самых цікавых кропак культурнай праграмы спаборніцтваў.  Тут у сераду, 26 лютага, 180 ксяндзоў — удзельнікаў чэмпіянату — прысутнічалі на святой імшы ў Нясвіжскім касцёле Божага Цела, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец (на фота 2 у цэнтры). У храме гучалі малітвы на некалькіх мовах Еўропы і панавала атмасфера незвычайнага адзінства і разумення. Пасля імшы паважаныя госці наведалі з экскурсіяй Нясвіжскі замак. Перад яе пачаткам капітан беларускай каманды ксёндз Павел Салабуда адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнта «НН».

2

4

— Ксёндз Павел, якая гісторыя ў спаборніцтваў, у якіх Вы зараз удзельнічаеце?

— Чэмпіянат Еўропы сярод каталіцкіх святароў распачаўся 8 гадоў таму ў Аўстрыі. Беларусь упершыню прыняла ўдзел у V чэмпіянаце, і сёлета мы гуляем у чацвёрты раз.

3

— А як збіралася беларуская каманда?

— Наша каманда на першы чэмпіянат, на які мы паехалі, збіралася з самай шматлікай — Гродзенскай — дыяцэзіі. Так было першыя два гады. Потым мы арганізавалі чэмпіянат сярод святароў Беларусі, які праходзіць ужо трэці год запар, і на ім выбіраем лепшых. Сёння ў нашай камандзе (фота 5) ёсць святар з Віцебскай дыяцэзіі і з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

— А як, цікава, нашы святары паставіліся да самой ідэі правядзення такіх спаборніцтваў — адразу падтрымалі ці прыйшлося ўгаворваць, тлумачыць?

— Угаворваць нікога не прыйшлося — у каманду прыйшлі тыя, хто калісьці займаўся футболам або проста любіць гэты спорт. Вядома, што калі чалавек любіць справу, якую робіць, то і адносіны ў яго да яе адпаведныя. Нашы святары любяць гуляць у футбол.

5

—  Як сябе паказала беларуская каманда ў гэтым годзе?

— У гэтым годзе мы сенсацыйна выйшлі ў паўфінал. Калі год таму мы былі на 8-м месцы, а два гады таму на апошнім, то сёння мы ў паўфінале.

— Якую мэту ставяць перад сабой спартыўныя спаборніцтвы паміж святарамі? Чаму ўвогуле вы распачалі гэту справу?

— Канешне, мы не прафесіяналы, мы аматары. Але спорт вельмі папулярны ў каталіцкім касцёле. Свая каманда ёсць і ў Ватыкане, і на працягу года праходзіць многа розных спаборніцтваў. А футбол — гэта спорт, які вельмі папулярны, і для нас гэта спатканне не толькі спартыўнае, але і духоўнае, з рознымі святарамі Еўропы. Цяжка так проста сабраць больш  за 170 святароў, а на чэмпіянаце гэта ўдаецца з поспехам. Да таго ж, для абсалютнай большасці з іх наш край — невядомая краіна, дзе яны раней не былі. Ім цікава паглядзець на нашых людзей, на іх веру і жыццё. Ад многіх я чую водгукі, што наша Беларусь — вельмі прыгожая краіна, ім вельмі падабаюцца нашы лясы, палі і дарогі.

— Ці шмат гледачоў на гульнях?

— Так, на сёлетнім чэмпіянаце першы раз за 8 гадоў ксяндзы ўбачылі мноства балельшчыкаў на трыбунах. Раней гэта былі 10 — 20 чалавек, а ўчора (25 лютага — прым. рэд.) «Алімпія» ў Лідзе была перапоўнена, а ў Лядовым палацы было каля 100 чалавек. Спадзяёмся, што і на наступных гульнях не будзе недахопу ў гледачах.

P.S. Па заканчэнні чэмпіянату Еўропы сярод ксяндзоў стала вядома, што беларуская зборная заняла пачэснае 4-е месца сярод 13 каманд. Гэта дастойны павагі вынік і разам з тым — старт да новых спартыўных перамог, якіх мы шчыра жадаем нашым святарам.

Соф»я ЛЮБАНЕЦ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.