Каб было чым палюбавацца…

Першыя вясновыя дні — гэта не толькі светлыя ранкі, яркае  сонейка і высокі  блакіт неба. Гэта, часам, і не вельмі  прэзентабельны выгляд вуліц, тратуараў, двароў, газонаў, сквераў, паркаў, агародаў, прыдарожных палос. Сышоўшы, снег агаліў іх,  выставіўшы напаказ бруд, смецце, леташнія раслінныя рэшткі, а таксама  пясок, якім зімой пасыпалі тратуары і праезджую частку вуліц, каб  не было слізка.

Кожную раніцу, праходзячы ў Нясвіжы  адным і тым жа маршрутам «дом-пошта-рэдакцыя», заўважаю нейкія змены навокал  або іх адсутнасць. Людзі  акуратныя, хто — па службовых абавязках, хто — па ўласнай ініцыятыве, займаюцца ўборкай. Вось суседка  з першага паверху  дома падмятае тэрыторыю, што прылягае да пад»езда. Падмятаюць каля раённай  дзіцячай бібліятэкі — тут ідзе рамонт,  і прыбіральшчыцы даводзіцца  папрацаваць, каб падтрымаць парадак. Чысценька ля Цэнтра дзіцячай творчасці і ля ўнівермага.  Прыбіраюць уздоўж будынка раённага вузла паштовай сувязі.

Работнікі адпаведных службаў правялі  абрэзку дрэў і звезлі галінкі, убралі з кветкавых клумбаў непатрэбную расліннасць. Бо сёння — вясна. Яна дыктуе  свае правілы. І мы павінны  жыць і жывём па гэтых правілах. На жаль, чамусьці не ўсе. Хочаш — не хочаш, а вока, разам з прыгажосцю  і непаўторнасцю яркага веснавога дня, выхоплівае часам і непрыемныя факты. Не ўбачыць іх проста немагчыма…

Просіцца ў чыстку тэрыторыя скверыкаў, газоны, бо аматары курэння  кідаюць акуркі дзе папала. Ды ці мала дзе яшчэ людзям трэба прыкласці намаганні, каб зямля наша  зазіхацела чысцінёй і прыгажосцю! Гэта прыфермскія тэрыторыі і тэрыторыі машынных двароў, месцы адпачынку, лясныя ўгоддзі, могілкі, пад,язныя шляхі да палігонаў цвёрдых бытавых адходаў…

Канешне, лепей  не кідаць смецця. Але калі ўжо  яно з»явілася, то трэба  прыбраць. Каб жыць прыгожа.

… Неяк позняй восенню, яшчэ да снегу, ішла я па вуліцы Ленін-скай, ад  будынку падатковай інспекцыі міма гарадскога маладзёжнага цэнтра, міма малочнага завода. І залюбавалася чысцінёй: нідзе ні смяцінкі, у скверы ля  малаказавода на зялёнай  траве не было ні лісточка. Падзялілася сваім уражаннем са знаёмай, якую там сустрэла. Яна зразумела маё захапленне і расказала  пра сваю паездку  да родзічаў у адну з былых саюзных рэспублік, пра тое, які там у горадзе бруд. І чамусьці  мясцовымі жыхарамі ён успрымаецца як  само сабой зразумелае, а не як  кляймо неахайнасці. Аб тым, што ў нас, у Беларусі, у Нясвіжы, далёка не так, яе сваякі не паверылі, пакуль не пабывалі тут у гасцях. Пабачылі — пагадзіліся: так, у нас чыста і прыгожа.

Значыць, у нас ёсць чым ганарыцца. Застаецца толькі  падтрымліваць гэты парадак. І для гасцей, і для сябе. Пастаянна.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.