Малітва змяняе людзей, каб яны змянялі свет

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У выпуску «НН» № 19 ад 12 сакавіка быў змешчаны артыкул «Духоўнасць і спорт — разам», прысвечаны наведванню Нясвіжа святарамі —  удзельнікамі VIII чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод ксяндзоў, які выклікаў гарачыя водгукі нашых чытачоў. Адзін з іх — допіс несвіжанкі Марыі Русіновіч — мы прапануем вашай увазе.

26 лютага 2014 года. Гэты дзень назаўсёды  застанецца ў летапісе Нясвіжскай парафіі Божага Цела як шчаслівы, светлы і памятны. Можа, упершыню за ўсю гісторыю свайго існавання каталіцкая святыня ў Нясвіжы  прымала столькі гасцей — святароў з розных краін Еўропы, духоўных пасланнікаў свету, бясцэнны Божы скарб!

Немагчыма пераказаць тое адчуванне адзінства і згоды, усёй прыгажосці і вартасці гэтай цудоўнай  супольнай малітвы, бо яна здзяйснялася ў адзіным  духоўным парыве любячых Бога сэрцаў — у парыве шчырай Любові, а, значыць, і  моцнай Надзеі на Божую Ласку і Міласэрнасць — адзіную надзею на паратунак сучаснага свету.

У час святой імшы кожны святар перад алтаром Пана звяртаўся да Яго з малітвай на сваёй роднай мове. Перакладчык дапамагаў зразумець сэнс малітвы ўсім прысутным. Але душы людзей выдатна разумелі адна другую нават без перакладу. Прысутныя  на імшы святары і вернікі, паяднаныя духоўна, мелі  шчасце адчуць братнюю любоў між сабою,  духоўнае адзінства. Яно і ёсць той духоўны скарб, дзеля  якога не страшна прайсці праз усе  выпрабаванні лёсу. Гэта той скарб, якога не могуць замяніць ніякія матэрыяльныя багацці. Яго нельга купіць, як нельга і прадаць. Божая Міласэрнасць пасылае яго нам праз шчырую малітву. Дух Святы стварыў гэты цуд адзінства, братэрства і любові і напоўніў ім сэрцы людзей, даў  найвышэйшую радасць і шчасце адзінства ў Богу.

Святарства. Святло свету!

На адно кароткае імгненне яго прысутнасць  асвяціла наша што-дзённае жыццё і нашы  душы радасцю Надзеі. І адразу стала лягчэй дыхаць ад аднаго простага ўсведамлення таго, што Яно існуе побач з табою, гэтае цудоўнае, усемагутнае Святло Божай Любові да чалавека. І ты не адзінокі ў гэтым свеце, нават у самай страшнай бядзе!

Прысутныя ў гэты дзень на святой імшы вернікі адчулі вялікую радасць і шчасце ад той блізкасці Божага Святла, якое здольна выпраменьваць кожная душа Божага абранніка — святара. І падумалася: якім шчаслівым магло б быць  нашае жыццё, каб кожны з нас хаця б імкнуўся быць падобным да гэтых благаслаўлёных людзей і іх чыстых сэрцаў! У той шчаслівы  момант жывой сустрэчы з Богам і Яго Любоўю  ўзнікла жаданне прыпыніць бег часу і прадоўжыць радасць той шчаслівай сустрэчы.

На вялікі жаль, людзі не заўсёды здольныя  зразумець ахвярнасці святарскага служэння і не  спяшаюцца да сваіх святароў з дапамогай, а часам глядзяць у іх бок  прыдзірлівым вокам. А між тым усё жыццё святара — гэта няспынная  барацьба са злом. Кожная запаленая свечка павінна даваць святло для ўсіх, хто побач, але  пры гэтым згарае сама. З моманту  святарскага пасвячэння жыццё святара становіцца  падобным да запаленай свечкі, якая выпраменьвае  святло, каб вызваліць з духоўнай цемры кожнага, хто ў яе трапіў. Але сябе пры тым як зберагчы? А гэта павінен быць наш клопат. Каб святло святарскай прысутнасці між нас  множылася і пашыралася, каб  пашыралася між нас Валадарства Божае, мы павінны маліцца за іх. Ім патрэбна  нашая малітоўная дапамога!

Душою, сэрцам, розумам і словам  штохвілінна маліцеся за святароў, дарагія людзі! Маліцеся за ўсіх і паасобку, за знаёмых і незнаёмых, за тутэйшых і замежных. Маліцеся  за іх, як за ўласнае  збаўленне, якое  яны па волі Божай нясуць кожнаму  з нас  праз сваё ахвярнае святарскае служэнне.

Заплаці ім за гэта, Божа!

Дарэчы нагадаць, што ў Каталіцкім Касцёле 2014 год аб»яўлены Годам малітвы ў сувязі  з падрыхтоўкай да святкавання ў 2017 годзе  100-гадовага юбілею  фацімскіх аб»яўленняў Маці Божай  у Партугаліі.

У Пастырскім пасланні арцыбіскупа  Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, на 2014 год ён заклікае нас усіх, беларусаў, да малітвы: «На пачатку Года малітвы звяртаюся да вас, святары, — будзьце людзьмі малітвы і вучыце ей вернікаў.

Звяртаюся да вас, вернікі, — ма-ліцеся заўсёды і сваім прыкладам вучыце маліцца іншых.

Звяртаюся да вас, бацькі, — прывівайце дух і практыку малітвы сваім дзецям.

Заклікаю ўсіх падчас Года малітвы  аднаўляць, уводзіць і ўмацоўваць розныя малітоўныя  практыкі.

Прысвечаны малітве час — гэта не страчаны  час, але час ласкі.

Малітва змяняе людзей, каб яны змянілі  свет».


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.